Як выконваюцца ўмовы “мінскага мемарандуму” аб спыненні агню на Данбасе?

Пра спыненне агню ўжо з нядзелі 21 верасня паміж войскамі Украіны і сепаратыстаў дамовіліся ўдзельнікі перамоў 19 верасня ў Мінску па ўрэгуляванні канфлікту на Данбасе. Ці выконваюцца гэтая і іншыя дамоўленасці чарговага “мінскага мемарандуму”? 
 
 
 
 
Па словах прэс-сакратара Савета бяспекі і абароны Украіны Андрэя Лысенкі, змены на фронце ў лепшы бок відавочныя.
 
 
Андрэй Лысенка: “Заўважна знізілася інтэнсіўнасць абстрэлаў нашых блокпастоў. У тым ліку і з удзелам цяжкой артылерыі. Ёсць магчымасць штодня забіраць нашых хлопцаў з палону. Вынік відаць”.
 
 
Што да палонных, то за два дні пасля перамоў з палону ў баевікоў ДНР было вызвалена 66 украінскіх вайскоўцаў.
 
 
 
 
Апроч таго, па словах Лысенкі, украінская армія пачала выконваць той пункт мемарандуму, які абавязвае бакі адвесці “сродкі знішчэння калібрам, большым за 100 міліметраў, ад лініі сутыкнення на адлегласць, не меншую за 15 кіламетраў з кожнага боку, у тым ліку з населеных пунктаў”. А вось супрацьлеглы бок, сцвярджае суразмоўца Еўрарадыё, не спяшаецца гэта рабіць. 
 
 
У той жа час, канстатуе кіраўнік Цэнтра ваенна-палітычных даследаванняў Дзмітрый Тымчук, за мінулыя суткі, калі ўжо павінныя былі, паводле мемарандуму, спыніць абстрэлы, пазіцыі украінскай арміі абстралялі 40 разоў. Прычым не з аўтаматаў ці мінамётаў, а з “Градаў”, артылерыі і танкаў. 
 
 
Не лічыць, што падпісаны ў Мінску мемарандум змяніў сітуацыю на Данбасе ў лепшы бок, і дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны Арсена Авакава Антон Герашчанка.
 
 
Антон Герашчанка: “Па стане на ўчорашні вечар (21 верасня — Еўрарадыё) працягвалася страляніна ў Марыупалі, працягваліся іншыя сутычкі і сутыкненні на тэрыторыі памежнай зоны паміж нашымі войскамі і тэрарыстычнымі групоўкамі. Таму сёння сказаць, што ўжо ўсё супакоілася і пачало выконвацца, я не магу”.
 
 
 
                                   Антон Герашчанка
 
 
Згодны з Антонам Герашчанкам і прэс-афіцэр штаба абароны Марыупаля Яўген Сцепаненка.
 
 
Яўген Сцепаненка: “Па нашым перыметры, па паўднёвым фронце мы маем няспынныя абстрэлы. Па вялікім рахунку, ніхто не збіраўся спыняць гэты абстрэл. І ў суботу, і ў нядзелю, і ў панядзелак вяліся абстрэлы блокпастоў пры дапамозе “Градаў” і сістэм “Ураган”.
 
 
 
                             Яўген Сцепаненка
 
 
Пытанне пра “адвод сродкаў знішчэння калібрам, большым за 100 міліметраў” выклікае ў суразмоўцы Еўрарадыё ўсмешку.
 
 
Яўген Сцепаненка: “Пакуль мы не бачым, каб гэта выконвалася. Магчыма, нехта нешта і адвёў, магчыма, гэта нейкія качавыя групы, што набылі сабе “Грады” ў супермаркеце ці ў паляўнічай краме, але пакуль адчування, што яны адвялі, няма”.
 
 
Яшчэ адзін важны пункт падпісанага ў Мінску мемарандуму — “вывад усіх замежных узброеных фармаванняў, ваеннай тэхнікі, а таксама баевікоў і наёмнікаў”. Па словах прэс-сакратара СНБА Андрэя Лысенкі, на гэты конт у іх увогуле няма ніякай інфармацыі.
 
Андрэй Лысенка: “Мы пакуль не можам адсочваць, ці робіцца гэта, але, як найменш, за апошнія суткі парушэнняў дзяржмяжы не было зафіксавана і паветраную прастору ніхто не парушаў”.
 
 
 
                                          Андрэй Лысенка
 
 
Паводле папярэдняй інфармацыі, чарговая сустрэча кансультатыўнай групы па ўрэгуляванні канфлікту на Данбасе павінная адбыцца ў Мінску ўжо ў гэтую пятніцу — 26 верасня. Плануюць абмяркоўваць статус ДНР і ЛНР. Адначасова аналітыкі з Цэнтра ваенна-палітычных даследаванняў прагназуюць рэзкую эскалацыю канфлікту.
 
“Па звестках, расійска-тэрарыстычныя войскі рыхтуюць наступ адначасова і на прыморскім кірунку, і на поўначы кантраляванай імі зоны ў Данецкай і Луганскай абласцях. У дадзены момант кіраўніцтва тэрарыстычных арганізацый абмяркоўвае з расійскім камандаваннем, які кірунак абраць асноўным”, — піша Дзмітрый Тымчук на сваёй старонцы ў сацсетках. У Марыупалі ў такое развіццё падзей не вельмі вераць, прызнаецца Еўрарадыё Яўген Сцепаненка, але актыўна рыхтуюцца да магчымай атакі на горад.

Фота: Змітра Лукашука, з архіва Яўгена Сцепаненкіtelegraf.com.ua 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі