А як жа Пётр і Фяўроння? Як у Беларусі змагаюцца з Днём усіх закаханых

Як у Беларусі змагаюцца з Днём усіх закаханых / @rubanau_collage
У Беларусі з Днём святога Валянціна спрабуюць змагацца ўжо некалькі гадоў. Больш за ўсё на сабе гэта адчулі школьнікі і студэнты. Ніякіх вам "валянцінак", канцэртаў і любоўных поштаў.
Чым уладам не дагадзіла бяскрыўднае свята кахання? Еўрарадыё распавядае, як у Беларусі забаранялі Дзень усіх закаханых.
“Культурнае імпартазамяшчэнне”
У снежні 2022-га ўрад даручыў прыняць "вычарпальныя меры" па недапушчэнні "прапаганды і правядзення ва ўстановах адукацыі і культуры мерапрыемстваў, якія супярэчаць традыцыйным каштоўнасцям беларускага народа".
Тады ж Саўмін даручыў выпрацаваць прапановы па "культурным імпартазамяшчэнні" і "ўмацаванні духоўна-маральнай бяспекі".
Што павінна натхняць і радаваць беларусаў на думку Мінкульта? Дзень незалежнасці, Дзень народнага адзінства, Дзень Перамогі, Дні маці і бацькі і, вядома ж, святы, звязаныя з сельскай гаспадаркай. А каханне? Ну, дзе Мінкульт і дзе каханне.
Прапаганда супраць 14 лютага
У маі 2023-га ў эфіры СТВ прапагандысты абмяркоўвалі дзяржаўныя святы. Не абышлі бокам і Дзень святога Валянціна.
— Дзень святога Валянціна або Хэлаўін — гэта, па сутнасці, маркетынг. Тут жа няма нейкай ідэалагічнай падаплёкі — проста больш прадаць тавару. Больш сэрцайкаў у гэты дзень, больш руж. Ці нейкія карнавальныя касцюмы і гарбузы. Але ёсць, я дакладна ведаю... на ўзроўні некаторых адміністрацый забараняецца наогул у школах святкаваць. Між тым ты прыходзіш у кафэ — усё ў сэрцайках. У школе сэрцайкаў няма, а тут сэрцайкі, — казаў у эфіры галоўны рэдактар "Мінскага кур'ера" Кірыл Казакоў.
З тэзісам прапагандыста пагадзілася і запрошаная ў студыю псіхалагіня Анжаліка Сафонава.
Ну, іх Бондарава бачыць і вінаваціць ва ўсім. Цікава, хто яе пакрыўдзіў.
Што сёлета?
Паводле паведамленняў крыніц Еўрарадыё, сёлета ў БДУ мерапрыемствы да Дня святога Валянціна не запланаваныя. Ні ў прафкаме, ні ў студэнцкім саюзе.
А вось у некаторых школах свята ўсё ж такі правядуць.
— У нас нават хол упрыгожылі тэматычна па 14 лютага. Пошта любоўная таксама будзе, валянцінкі будуць разносіць. Нібыта будзе нават нейкі канцэрт, — распавядае вучаніца 8-га класа адной з мінскіх школ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.