Як журналістцы Еўрарадыё забаранялі фатаграфаваць на выбарчым участку
Дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА нібыта злавіла Еўрарадыё на хлусні. Мы напісалі, што нашай журналістцы забаранілі фатаграфаваць на выбарчым участку, а пасля ўвогуле закрылі ў класе. І апублікавалі відэа адтуль.
Наталля Данчанка, намесніца дырэктара школы №215, дзе гэта адбывалася, лічыць, што ўсё было не так:
— Я сёння была дзяжурным адміністратарам і асабіста сустрэла журналістку. Перш чым адвесці яе на ўчасткі, я, натуральна, павінна была ўдакладніць у старшыняў камісій, ці зручна цяпер, каб там папрацавала карэспандэнт. І каб не пакідаць дзяўчыну ў калідоры школы, прапанавала ёй пачакаць рашэння камісіі ў навучальным класе разам з настаўнікам англійскай, — распавядае Данчанка. — Літаральна праз пяць хвілін я вярнулася і правяла яе спачатку на ўчастак №97, затым на ўчастак №98. Яна спакойна зрабіла сваю працу і пайшла. Але мне зусім незразумелая гэтая выбарачная падача інфармацыі ў сацыяльных сетках. Шчыра скажу, мяне здзіўляе пазіцыя журналістаў, якія адкрыта хлусяць.
Напраўду нашай журналістцы спярша забаранілі фатаграфаваць. А калі яна пачала настойваць: у школе некалькі ўчасткаў, і калі на адным здымаць забаронена, можна пайсці на іншы — яе без аніякіх тлумачэнняў завялі ў кабінет англійскай мовы. Гэта пацвярджаецца выпадкова зробленым аўдыёзапісам — журналістка запісвала ўсё, што з ёй адбывалася на ўчастку.
— Я не старшыня выбарчай камісіі. Яна зараз занятая. Я падыйшла да яе — і яна сказала, што нельга, — кажа Данчанка.
— Як гэта абгрунтавана? — пытаецца журналістка.
— Вы маеце права прысутнічаць на саміх выбарах, 9-га. А не на "датэрміноўцы".
— А ёсць тут іншыя ўчасткі?
— Не. Давайце вы ў іншай установе паспрабуеце. Мяне папрасілі, каб я не пускала — я не буду пускаць.
Пасля таго, як журналістка Еўрарадыё згадала Выбарчы кодэкс і Лідзію Ярмошыну, ёй сапраўды са скрыпам, але дазволілі фатаграфаваць на выбарчых участках. Але сябры ўчастковай камісіі настойвалі, каб яна фатаграфавала толькі з "вызначанага месца для фотаздымкаў". А ў пэўны момант настойліва запатрабавалі выдаліць здымкі з тэлефона. Па версіі Данчанкі, гэта называецца "яна спакойна зрабіла сваю працу".
Скажам шчыра — нас здзіўляе пазіцыя намеснікаў дырэктараў, якія адкрыта падманваюць. А таксама прафесійныя прынцыпы інфармацыйнага агенцтва, якое публікуе галаслоўныя абвінавачванні, але не знаходзіць часу даць слова другому боку.
Дарэчы, сёння роўна два гады са дня, калі прайшлі вобшукі ў рэдакцыях TUT.by і БелаПАН, і пачалася славутая "Справа БелТА".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.