Якаўлеўскі: Адмена візавага рэжыму Беларусі з ЕС сёння немагчымая
Палітычны аглядальнік распавёў, чаму наша краіна не пойдзе на саступкі Еўрасаюзу.
Паміж Беларуссю і Еўрасаюзам магчымая адмена візавага рэжыму, заяўляюць у Міністэрстве замежных спраў Латвіі. Але гэты працэс можа пачацца, толькі калі ў нашай краіне будуць вызваленыя ўсе палітвязні (самы вядомы з іх — экс-кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч).
Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі ў каментары Еўрарадыё тлумачыць, чаму такая мера на сённяшні дзень немагчымая:
“Гэта немагчыма. Галоўная перашкода, я лічу (аб гэтым ніхто не гаворыць, акрамя [міністра замежных спраў] Макея) ў пазіцыі афіцыйнага Мінску, што ва ўсіх [беларусаў] правы павінны быць роўныя. Што тут маецца на ўвазе? Галоўнае патрабаванне — не можа так быць, што мы з вамі маем візу, а Лукашэнка — не".
Паводле слоў Якаўлеўскага, скасаваць "чорны спіс" неўязных у Еўрасаюз — у гэтым галоўны сэнс дзеянняў афіцыйнага Мінска. А ЕС хоча вызвалення палітвязняў, якіх улады Беларусі не прызнаюць, называюць іх "крымінальнікамі".
"Мы ўсе "закладнікі" "чорнага спісу”, — робіць выснову палітычны аглядальнік.
Фота: bymedia.net