Якая частка дзяржаўнай мяжы найбольш небяспечная: з Украінай ці Расіяй?

Падчас даклада аб сітуацыі ва Узброеных сілах нашай краіны кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ахове паўднёвых межаў трэба надзяліць асаблівую ўвагу:

“Мы асцерагаемся, каб у выніку таго, што адбываецца ва Украіне, не пацягнуліся сюды рознага кшталту элементы, не патрэбныя ў Беларусі, і асабліва зброя”, — заявіў Лукашэнка.

Ці варта асцерагацца крымінальных элементаў і кантрабанды зброі з зоны украінскага канфлікту менавіта праз нашу паўднёвую мяжу? Або, можа, варта чакаць яе праз мяжу ўсходнюю? Бо фактычна, паміж самаабвешчанымі рэспублікамі і Расіяй не існуе памежнага кантролю, няма яго і паміж намі з Расіяй.

Цяпер — украінская, потым — расійская

Вайсковы эксперт Аляксандр Алесін кажа, што звесткі пра адсутнасць мяжы паміж Расіяй і самаабвешчанымі рэспублікамі не зусім карэктныя. Існуе інфармацыя, што расіяне там узмацняюць памежныя тэрыторыі. Яны нават узводзяць на некаторых участках сістэмы назірання і сігналізацыю. Нашых усходніх суседзяў таксама турбуе кантроль над гэтай мяжой, бо яны баяцца пранікнення крымінальных элементаў а таксама наркотыкаў і зброі праз гэту мяжу.

Але на думку эксперта, для беларусаў, у кароткатэрміновай перспектыве менавіта ўкраінская мяжа больш небяспечная. За кошт росту беднасці, у паўднёвай суседкі не сёння, дык заўтра магчымае з’яўленне крымінальнага ўзброенага элемента: банд, груповак. А яны могуць прынесці непрыемнасці і ў нашу краіну.

А вось з боку беларуска-расійскай мяжы непрыемнасці могуць чакаць нас ў доўгатэрміновым плане:

“Калі палітыка Лукашэнкі будзе ўсё меней і меней задавольваць расійскія палітычныя эліты, можна чакаць праз гэты кірунак і паступлення грашовых сум і пранікнення людзей, якія будуць весці адпаведную арганізацыйную работу”, — мяркуе вайсковы эксперт.

Паўднёвая мяжа

Прэс-сакратар памежнага камітэта Беларусі Аляксандр Цішчанка распавядае Еўрарадыё, што паўднёвыя межы ўзмацняюць перш за ўсё з-за інфармацыі пра свабоднае перамяшчэнне зброі на тэрыторыі Украіны ў сувязі з канфліктам. І хоць кантрабанду зброі праз беларускія межы фіксуюць адзінкава, існуюць прагнозы і перасцярогі, што яе плынь можа ўзрасці. І менавіта па паўднёвым напрамку.

“Цяпер паўднёвы кірунак з пункту гледжання аховы давялося зачыняць. Экстранным, але актыўным чынам. На сённяшні дзень у нас практычна абсталяваная лінія сегментацыйных комплексаў, агароджаў. Усё зроблена паводле апошняга слова тэхнікі. У тым ліку павялічаная шчыльнасць памежных падраздзяленняў, якія эфектыўна закрываюць паўднёвы накірунак”, ― кажа Цішчанка.

Прэс-сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Алег Слабадзян таксама кажа, што выпадкі правозу зброі і сродкаў дыверсіі, як з аднаго, так і з іншага боку былі адзінкавыя. Усе яны былі зафіксаваныя ў 2014 годзе.

Усходняя мяжа

На думку эксперта Аляксандра Алесіна, Беларусь вядзе пільны кантроль і на ўсходняй мяжы ў тым ліку, і паветраны, хоць і негалосна. Пра гэта сведчыць шэраг ускосных прыкмет. Напрыклад, гісторыя калі над беларускай тэрыторыяй быў збіты невядомы беспілотнік.

“Кантроль вядзецца. І менавіта памежная служба актыўных мерапрыемстваў там узмацняе сваю дзейнасць. Але з-за таго, што гэтыя звесткі могуць быць непрыемныя Расіі, такія мерапрыемствы праводзяцца негалосна”, — мяркуе Алесін.

Фота: "Беларуская вайсковая газета", ukranews.combelaruspartisan.org. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі