Якую елку выбраць на Новы год?

Масавая вырубка елак, якія радуюць вока ўсяго некалькі дзён, а пасля паміраюць, не сумяшчаецца з гуманнымі адносінамі да навакольнага асяроддзя. Таму ўвесь свет пачаў пераходзіць на штучныя елкі. Але на думку навукоўцаў гэта прыносіць яшчэ большую шкоду.  Пра шкоду навакольнаму асяроддзю ад штучных елак Еўрапейскаму радыё распавёў кандыдат біялагічных навук, незалежны эксперт па FSC-сертыфікацыі лясоў, аўтар шматлікіх кніг і навуковых дакладаў, жыхар Белавежскай пушчы Георгій Казулька.

Георгій Казулька:
“Справа ў тым, што яны вырабляюцца са штучных рэчываў. Па-першае, вытворчасць хімічная забруджвае навакольнае асяроддзе, а па другое гэтыя елкі потым выкідваюць. Натуральныя рэчывы перапрацоўваюцца ў прыродзе вельмі хутка, а штучныя могуць і за сотні, і за тысячы гадоў перапрацоўвацца. Яшчэ праблема ў тым, што асноўная маса елак робіцца ў Кітае, а там патрабаванні, нормы для навакольнага асяроддзя заніжаны, не такія як у Еўропе, ці ў нас“.

Дарэчы, штучныя елкі робяць з полівенілхларыда, пластыка, зробленага на аснове пераапрацоўкі нафты. Гэтая вытворчасць ад пачатку да канцавога прадукту суправаджаецца забруджваннем навакольнага асяроддзя.

ЕРБ: Дык значыць лепш на Каляды ў кватэрах ставіць жывую елку?

Георгій Казулька: “Персанальна я выступаю за святасць жыцця, а дрэва, гэта таксама жывая істота, і я супраць, каб яго секчы дзеля забавы. Насамрэч у нас гэта справа арганізавана на дзяржаўным узроўні. Ёсць елачныя базары, пітомнікі спецыяльныя, якія вырошчваюць елкі, лясгасы, і што цікава, нацыянальныя паркі таксама займаюцца гэтым. Але я бачу вельмі шмат недахопаў у арганізацыі гэтай працы. На базарах не толькі елкі з пітомнікаў, а таксама з нашых беларускіх лясоў. Сярод леснікоў шмат людзей, якія недабрасумленна ставяцца да гэтай справы. Некаторыя высякаюць добрыя елкі, другія, наадварот, каб зрабіць план сякуць усё запар. Вось, напрыклад, учора ў Мінску на ёлачным базары прывезлі елкі такой дрэннай якасці, што іх ніхто не купляў, і іх проста выкінуць”.

ЕРБ: Часта адбываецца так, што елкі пасля выкідваюць?

Георгій Казулька: “Елкі заўсёды нарыхтоўваюцца з запасам, і таму, канешне, яны застаюцца. Напрыклад, у Белавежскай пушчы заўсёды заставаліся, іх потым спальвалі ў топцы”.

Як паведаміла прэс-служба Міністэрства лясной гаспадаркі, у гэтым годзе дэфіцыту навагодніх елак не будзе. Прадпрыемствы лясной гаспадарцы запланавалі рэалізаваць каля 150 тысяч навагодніх елак.

ЕРБ: А ёсць выпадкі самавольнай высечкі лесу на тэрыторыі пушчы?

Георгій Казулька: “Афіцыйна забаронена, але калі мясцовая вёска ў наваколлі пушчы, дык хто паедзе кудысьці тую елку набываць, калі лес побач з хатай. Увечары, уначы схадзілі - высеклі. Працаўнікі нацыянальнага парку таксама, у многіх ёсць транспарт, мясцовыя жыхары таксама, ціхенька сходзяць у лес”.

І гэтых людзей не спыняюць штрафы, якія вагаюцца ад 350 тысяч рублёў да 1 мільёна 50 тысяч.

Пра сітуацыю ў Белавежскай пушчы распавёў галоўны ляснічы Дзяржаўнай прыродаахоўнай установы “Нацыянальны парк “Белавежская пушча” Сігізмунд Кежун.

Сігізмунд Кежун: "На тэрыторыі Белавежскай пушчы мы маем лясніцтвы, якія нарыхтоўваюць у галоўнае карыстанне, маем легальныя рубкі, дзе ёсць елачкі, таму іх нарыхтоўваем і прадаем у лясніцтвах мясцоваму насельніцтву. Прамысловай высечкі навагодніх елак няма".

ЕРБ: А колькі ўсяго высякаецца?

Сігізмунд Кежун: "Я ляснічым даў указанні, каб прывозілі ў невялікай колькасці, каб не псаваліся. Адно лясніцтва нарыхтоўвае ад 10 да 100 елак, у залежнасці ад патрэб мясцовага насельніцтва. Пушча налічвае 17 лясніцтваў. Наўрад ці там сапсуюцца, у нас нават галінкі бяруць, набываюць штучную елку і прымацоўваюць сапраўдную, ну і ў хаце пах ёсць, мы гэтыя галінкі бясплатна даем”.

Кошты жывых елак сёлета наступныя: да 1 м - ад 4800 да 10100 рублёў, ад 1 да 2-х метраў - ад 7300 да 13300, ад 2 да 3-х метраў - ад 8500 да 18300 рублёў.


Фота - photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі