Ярмошына: Большасць з 13 тысяч сельскіх акруг будуць безальтэрнатыўнымі

Ярмошына: Большасць з 13 тысяч сельскіх акруг будуць безальтэрнатыўнымі

Нечаканасці не здарылася: выбары ў мясцовыя саветы прызначаныя на 18 лютага 2018 года. На дзень, які ад самага пачатку называла як самы зручны старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.

Ярмошына: “Тут і не магло быць сюрпрызаў, бо, скажам так, у парадку кансультацый гэтая дата ўзгаднялася”.

Ніякіх зменаў у выбарчае заканадаўства за апошнія чатыры гады не ўносілася, і таму не варта чакаць, што выбары-2018 будуць нечым адрознівацца ад выбараў-2014, прызнае старшыня ЦВК. Але спадзяванні, што гэтыя выбары пройдуць больш “дэмакратычна” за папярэднія ёсць, па словах Лідзіі Ярмошынай.

“Мы па-ранейшаму будзем настойваць і прымяняць тую дэмакратычную прававую практыку, якая ў нас узнікла падчас выбараў прэзідэнта і дэпутатаў парламента. А менавіта: рэйтынгавае галасаванне ў выпадку альтэрнатыўнай колькасці кандыдатаў на ўключэнне ў склад выбарчых камісій, максімальна лаяльныя ўмовы для збору подпісаў і правядзення агітацыі, падлік галасоў пры абавязковай наяўнасці свабоднага для агляду бока стала”, ― пералічвае старшыня ЦВК.

Што да актыўнасці выбаршчыкаў, то Лідзія Ярмошына шчыра прызнаецца ― не чакае. І папярэджвае пра дастаткова вялікую колькасць безальтэрнатыўных акруг.

Лідзія Ярмошына: “У нас жа сельскія саветы выдаюць адзін (кандыдат) на адзін (мандат). А калі ўлічыць, што большая частка акруг ― гэта акругі па выбарах у сельскія саветы, іх там больш за 13 тысяч, здаецца, то 2/3, магчыма, будуць і безальтэрнатыўнымі”.

Зыходзячы са слоў старшыні ЦВК, чакаць вялікіх адрозненняў будучых мясцовых выбараў ад выбараў папярэдніх не даводзіцца. Нечакана іншыя чаканні ад будучай электаральнай кампаніі ў лідараў апазіцыі.

“Улада, магчыма, знаходзячыся ў стане гандлю з Захадам, крышку прачыніць дзверы і прызначыць нейкую колькасць не сваіх дэпутатаў. Ці тых, якія знаходзяцца ў нейкай залежнасці ад сілавых структур. Але нейкая колькасць тых, каго можна назваць незалежнымі ці апазіцыйнымі дэпутатамі, можа з’явіцца. Вось, здаецца, і ўся інтрыга”, ― раскрывае старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

І ўдакладняе: гэта не выбары, а чарговая палітычная выбарчая кампанія, адмаўляцца ад удзелу ў якой ніяк нельга. Але каб рэжым іх не падлавіў і не прызначыў дэпутатамі зашмат кандыдатаў ад АГП, партыя, па словах Лябедзькі, “не будзе даваць вал” ― абмяжуюцца 50-60 кандыдатамі.

Цікава, што ў 2014 годзе, калі пагрозы быць прызначаным дэпутатам для апазіцыйнага кандыдата не існавала, АГП таксама “вал не дала” ― ад імя партыі кандыдатамі ў дэпутаты было зарэгістравана 67 чалавек.

У тым, што пэўная колькасць кандыдатаў ад дэмакратычных структур стане дэпутатамі мясцовых саветаў, упэўнены і сустаршыня кампаніі “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў. З адным выключэннем: словы “прызначаныя дэпутатамі”, ён не ўжывае. На выбары выставяць як найменш 150 “штыкоў”.

Пра будучы поспех апазіцыі на выбарах кажа і лідар партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін:

“Але гэта не будзе зменай правілаў гульні. Проста ўладам трэба будзе частку дэпутатаў прызначыць з апазіцыі, каб сказаць, што з апазіцыі таксама ёсць людзі ў мясцовых саветах”.

Такіх прызначаных “апазіцыйных дэпутатаў”, на думку Калякіна, будзе некалькі дзясяткаў.

Лідзія Ярмошына, на пытанне пра будучую колькасць прызначаных дэпутатаў-апазіцыянераў, адказвае чакана адмоўна.

“Я ніколі не валодаю ніякімі разнарадкамі. Цэнтральную камісію заўжды берагуць ад такога кшталту даручэнняў. Таму, апазіцыя лепш ведае!”

Еўрарадыё: Нехта іншы вас абыходзіць і гэта даручэнне выконвае…

Лідзія Ярмошына: Кіраўнік дзяржавы выдатна разумее, што Цэнтральная камісія ― орган дэмакратычны і яе спакой ніколі нельга парушаць. Нічым, што мяжуе з нейкімі незаконнымі даручэннямі”.

Дарэчы, праводзіць адначасова з мясцовымі выбарамі рэферэндум, кіраўнік дзяржавы старшыні ЦВК не даручыў. Але ж рыхтавацца да рэферэндуму тры месяцы не трэба, і яго, калі ўзнікне такая “палітычная патрэба”, могуць прызначыць у апошні момант, не выключае старшыня ЦВК.

Фота Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі