Яўгена Гормаша, які крычаў "Ганьба!" даішнікам, аштрафавалі на 1350 рублёў
Яўгена Гормаша, які крычаў "Ганьба!" мінскім даішнікам, аштрафавалі на 1350 рублёў, паведамляе spring96.org. 31 траўня падчас збору подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Святланы Ціханоўскай каля Камароўкі ў сталіцы сабралася вялізная чарга. Кіроўцы аўтамабіляў, якія там праязджалі, падтрымлівалі сігналамі гэтых людзей. Супрацоўнікі ДАІ спынялі машыны і штрафавалі вадзіцеляў. Гормаш абурыўся такімі іх дзеяннямі і крыкнуў "Ганьба!". Двое даішнікаў паспрабавалі яго затрымаць, але некалькі жанчын маладога чалавека "адбілі". Пазней высветлілася, што Гормаша затрымалі людзі ў цывільным каля яго дома, забралі ў мікрааўтобус разам з роварам.
1 чэрвеня справу Яўгена Гормаша разглядаў суд Савецкага раёна (суддзя — Наталля Бондар). На яго склалі аж тры пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях — "удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве", "непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі" і "дробнае хуліганства". У судзе адзін з інспектараў сцвярджаў, што мінчук на яго плюнуў, мацюкаўся, але малады чалавек гэта адмаўляе. Ён прызнае, што толькі крычаў "Ганьба!" супрацоўніку ДАІ, які афармляў пратакол на кіроўцу.
"Мы не змаглі яго тады затрымаць — людзі пачалі яго абараняць, — прызнаў у судзе адзін з даішнікаў. — Вырашылі адпусціць, каб не распальваць яшчэ больш канфлікту. А пасля мы даведаліся, што яго затрымалі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.