Yellow Brick Road ананасуюць постапакаліптычны альбом

Перыяд пасля выхаду свайго апошняга альбома “Futuremental” музыкі называюць “перапрашыўкай”. За гэты час гурт “разжыўся” двума новымі музыкамі і падрыхтаваў да выдання DVD прэзентацыі “Futuremental”. Прамоўтар гурта Зміцер Хламаў ды бубнач Яўген Сухавей завіталі ў студыю Еўрарадыё, каб распавесці пра новы альбом, які задумваецца “у зусім іншым накірунку”.

“Мы хочам прапрацаваць пласцінку ў сэнсавым плане, зрабіць больш асэнсаваны матэрыял, таму што ствараць музыку толькі дзеля таго, каб выпускаць альбом і не несці ніякай ідэі ці пасылу — бессэнсоўна, — дзеліцца планамі на новы альбом Зміцер Хламаў. — У нас ужо такіх альбомаў цэлых два! (смяюцца) Таму гэтым разам мы хочам пакласці на чашу шаляў мозг, і сапраўды нешта сказаць гэтай пласцінкай. Мы хочам яе зрабіць канцэптуальнай ад пачатку і да канца”.

Плануецца, што ў альбоме ўсе песні будуць звязаныя паміж сабой, каб пласцінка не атрымалася “складанкай песень”. Над тэкстамі будучага альбома працуе лірыцыст Зміцер М.Эпштэйн, які супрацоўнічаў з Yellow Brick Road і ў альбоме “Futuremental”. Сваім вялікім бонусам гурт лічыць і наяўнасць уласнай студыі, дзе музыкі і працуюць над пласцінкай.

“Мы пачалі працаваць па-даросламу! Мы не робім трэкі падчас рэпетыцыі, як распаўсюджана ў Беларусі. Мы прыходзім у студыю, граем, запісваем і глядзім, што атрымалася і над чым працаваць. У нас ужо ёсць рэальна гатовыя трэкі! І нават песня-фаварыт”, — распавядае Яўген Сухавей.

Да таго ж, музыкі абяцаюць, што новы альбом будзе новым і вакальна. Клавішнік каманды Ян Яраш выступіць яшчэ і ў якасці другога вакаліста. Канцэпцыя пласцінкі абяцае быць вытрыманай у тэматыцы post apocalyptic: антыўтапічныя настроі і татальны кантроль, распавядаюць музыкі. А музычны складальнік альбома Yellow Brick Road называюць сумессю з Depeche Mode, Muse і The Mars Volta.

У планах гурта прэзентаваць адну з новых песень сумесна з кліпам ужо на пачатку вясны. Рэліз альбома запланаваны на канец 2014 года.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі