YELLOW BRICK ROAD прадстаўляюць другую частку лайф-відэа "Futuremental"
Яна прысвечаная аўтару тэкстаў гурта Змітру М. Эпштэйну.
Гурт YELLOW BRICK ROAD прадстаўляе чарговае лайф-відэа з прэзентацыі альбома "Futuremental", якая адбылася 28 снежня 2012 года. Наступны відэафрагмент шоў у Re:public з’явіцца праз 2 тыдні, а на пачатку вясны "Futuremental" будзе прадстаўлены ў поўнай версіі.
Сённяшні фрагмент музыкі прысвячаюць лірыцысту гурта і вядомаму журналісту Змітру М. Эпштэйну, які цалкам адказваў за тэкставы бок "Futuremental".
“Мы ляцім на касмічным караблі, а Зміцер Міхайлавіч сядзіць у радыёпункце і кажа нам, куды ляцець, што аблятаць і што далей рабіць”, — тлумачыць бубнач YELLOW BRICK ROAD Яўген Сухавей. Музыкі лічаць вялікай удачай супрацоўніцтва з Эпштэйнам, які зрабіў тэксты песень каманды "сэнсаванымі і дарослымі.
Дарэчы, YELLOW BRICK ROAD адзначаюць, што іх цяперашняе творчае зацішша звязанае са шчыльнай студыйнай працай. На дадзены момант каманда мае 15 запісаных новых трэкаў, якія хоць заўтра могуць скласці чарговы паўнафарматнік. Аднак музыкі не спяшаюцца з выданнем. Маўляў, “мы яшчэ не зусім знайшлі тое, што трэба”. Вядома, што новы матэрыял будзе прэзентаваны разам з кліпам.
Поўную відэаверсію прэзентацыі свайго апошняга альбома "Futuremental", якая адбылася 28 снежня мінулага года, гурт прадставіць на пачатку вясны.