"Yellow Brick Road — гэта той гурт, які не хочацца ні з кім параўноўваць"
"Сабраць Мінск-Арэну, заставацца разам і скарыць еўрапейскія стадыёны". Еўрарадыё сабрала віншаванні гурту ў дзень іх пяцігоддзя.
Святочны канцэрт атрымаўся акурат такім, як хацелі і абяцалі музыкі — сяброўская вечарынка з утульнай атмасферай, добрым гукам і любімымі песнямі за ўсе 5 гадоў. Падчас канцэрту лідар гурта Ян Максімовіч зладзіў сапраўдную экскурсію па ўласных кампазіцыях, паказаў цуды эквілібрыстыкі ды правёў сеанс масавага гіпнозу.
А для тых, хто падзабыўся, як гэта было, Еўрарадыё падрыхтавала экскурсію ў мінулае гурта.
недзе ў часы альбома "12 stories"
“Вядома, тады ў Doodah King, гэта быў такі рок-н-рольны запал і драйв! — слухачка Таццяна прыгадвае адзін з першых канцэртаў гурта часоў дэбютнага альбома “12 stories”. — Сёння я ўбачыла нешта незвычайнае, асаблівае, спачатку нават, здавалася, незразумелае! А пасля мы так уцягнуліся і акунуліся з галавой у гэтую музыку, што можна было ў ёй проста патануць! Не магу адзначыць, які Yellow Brick Road мне падабаецца больш ці менш. Вельмі чакаем новы альбом! Жадаю не збочыць са свайго шляху, хлопцы!”
“Любім Yellow Brick Road і ўзору “Honeymoon”, і “Futuremental”. Вядома, пераход быў заўважны, але вельмі цікавы, апошні альбом — гэта крок наперад, — распавядае, як даведваемся, вучань гітарыста гурта Паўла Вялічка, Ягор. — Таму зычу гурту новых альбомаў, новых слухачоў ды больш прасоўваць сваю музыку ў еўрапейскіх краінах”.
“Мне падабаецца тое, як яны гэта робяць — як адчуваюць, так і граюць. З эмоцыямі, на пачуццях. Мне спадабаўся гэты расповед перад кожнай песняй, знаёмства з гісторыяй гурта”, — дадае Мікіта.
прэзентацыя альбома "Honeymoon" у клубе "Рэактар"
“Увесь час раслі, раслі, раслі і, мабыць, апошні альбом атрымаўся больш цікавым ў плане творчасці. Яны не надта замарочваюцца, ці спадабаецца гэта іншым, іх больш непакоіць, ці спадабаецца гэта ім самім. Вельмі многа, вядома, прынёс гурту новы клавішнік Ян Яраш, а без Максімовіча, натуральна, нікуды! Гэта галоўная зорка і твар гурта, — адзначае сябра каманды Ігар Шчалкуноў. — Жадаю музыкам і далей расці і сабраць Мінск-Арэну, а пасля ўжо і нейкія замежныя стадыёны. Ці наадварот!”
“Хлопцы, заставайцеся тым жа складам, якім вы цяпер ёсць! Гэта вельмі важна! І не мяняйце нічога, у вас ўсё атрымліваецца!” — зычыць гурту музыка Алег Лімон.
Слухач Аляксандр упершыню пачуў Yellow Brick Road у Палацы спорту, дзе гурт выступаў у якасці сапарта Deep Purple у красавіку 2011 года.
“Шчыра кажучы, я быў упэўнены, што падчас разагрэву нам падсунуць нейкі шлак. Але калі пачуў Yellow Brick Road — валасы ўзняліся дыбам, мурашы пабеглі па скуры і я адчуў, што нарэшце гэта адбылося — беларусы крута выступілі на разагрэве! Пасля я ўбачыў Yellow Brick Road яшчэ раз толькі падчас прэзентацыі альбома “Futuremental”, адрываўся так, што магу знайсці сябе ў кожнай песні на DVD-версіі канцэрта. Насамрэч, гурт вельмі падняў планку за гэты час. Сённяшні канцэрт гэта пацвердзіў — у іх выдатны гук, выдатаная падача, хлопцы выраслі. Відавочна, як шмат яны працуюць. Гэта той беларускі гурт, які не хочацца ні з кім параўноўваць. Для мяне Yellow Brick Road у Беларусі — гэта гурт, з якім можна параўнаць якую-небудзь бомбу!” — дзеліцца ўражаннямі Аляксандр.
Прэзентацыя альбома "Futuremental" у клубе Re:Public
падчас "разагрэву" Deep Purple
“Увогуле яшчэ 5 гадоў таму мы нават не маглі сабе ўявіць, што нам было б вельмі кепска ад таго, што на беларускай сцэне не было б гурта Yellow Brick Road. І цяпер мы гэта разумеем! Мы трапілі ў пэўную залежнасць ад гэтага гурта. У межах сучаснай беларускай рок-сцэны — гэта абсалютна ўнікальная і вельмі станоўчая з’ява. Я думаю, што за гэтыя 5 гадоў яны сабралі найлепшы склад, і гэта ўражвае і пакідае адчуванне эйфарыі пасля такіх жывых выступаў. Зычым гурту доўгіх гадоў!”
пяцігоддзе ў TNT rock club