З 25 першых “атамных” выпускнікоў БНТУ на АЭС працуюць толькі чацвёра
Дзе працуюць маладыя спецыялісты па ядзернай энергетыцы, пакуль будуецца БелАЭС.
“Ні на якія асаблівыя ўмовы ядзершчыкам разлічваць няма чаго”, — кажа кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падчас паседжання, прысвечанага будаўніцтву АЭС.
Спецыялістаў для БелАЭС рыхтуюць у БДУ, БДУІРы, БНТУ ды Міжнародным дзяржуніверсітэце імя Сахарава. З 2008 года ў краіне падрыхтавана каля 200 спецыялістаў–энергетыкаў — па сутнасці, залатыя, унікальныя кадры!
Па словах прэс-сакратаркі БДУІРа Алены Сакалоўскай, універсітэт выпусціў каля 60 спецыялістаў. Дзе цяпер працуюць гэтыя кадры, калі запуску самой атамнай станцыі чакаць яшчэ ад трох да пяці гадоў?
“Размяркоўваюцца як у прыватныя, так і дзяржаўныя кампаніі. Да прыкладу, могуць працаваць на ЦЭЦ, на прадпрыемствах Міністэрства энергетыкі, размяркоўваюцца у кампаніі Парка высокіх тэхналогій: “Полімайстар”, “Атамтэх”, “Сосны” і іншыя”, — пералічвае Алена Сакалоўская.
А вось у дэканаце ўніверсітэта імя Сахарава кажуць, што спецыялісты ўжо працуюць на беларускай АЭС. Адсочваюць радыяцыйны фон вакол Астравецкай АЭС, якая пакуль не пабудавана.
У БНТУ першы выпуск “атамшчыкаў” адбыўся ў 2013 годзе. Аднаго з такіх выпускнікоў знаходзім на працоўным месцы — хлопец працуе на ЦЭЦ у невялікім беларускім горадзе. Валерыю 24 гады, ён з першага выпуску інжынераў–энергетыкаў у БНТУ. Па словах Валерыя, падчас вучобы да іх прыязджалі выкладчыкі, былі экскурсіі на атамныя электрастанцыі. Пераддыпломная практыка праходзіла таксама на атамных станцыях у Расіі.
“ Не праходзілі практыку на атамных станцыях толькі па нейкіх асабістых прычынах”, — распавядае Валерый, па словах якога ўсе аднакурснікі вучыліся з адзінай мэтай — працаваць на Беларускай АЭС!
Рэальнасць трохі адрозніваецца ад мары. На момант выпуску маладых спецыялістаў з АЭС не паступіла заявак на кадры.
“З 25 чалавек майго выпуску толькі чацвёра працуюць ці толькі ўладкоўваюцца на АЭС. Пры размеркаванні нам казалі: адпрацуеце пасля дыплома, і вас будуць запрашаць на атамную станцыю. Нас сапраўды запрашаюць, але… выпускнікам пасля нас прапаноўваюць у рэальнасці пасады на ступеньку вышэйшыя, чым нам”, — кажа Валерый.
Зараз на ЦЭЦ ў Валерыя добрая пасада, ён падпарадкоўваецца галоўнаму інжынеру, мае завоблачны для гарадка заробак у 9−10 мільёнаў. Да таго ж, прадпрыемства прадастаўляе інтэрнат, а развітая інфраструктура і блізкасць малой радзімы Валерыя ўвогуле не пакідаюць шансаў Астраўцу. На АЭС Валерыю прапаноўвалі аклад у шэсць мільёнаў і пасаду, значна ніжэйшую за цяперашнюю.
“Тое, што нам прапаноўваюць на АЭС, мяне не задаволіла пасадамі і заробкам. Бо і тое, і другое ў мяне на электрастанцыі значна вышэйшыя і лепшыя, і мне гэта падабаецца больш”.