З 39 прыпынкаў талончык можна было набыць толькі на 11!

З 1 верасня ў грамадскім транспарце зніклі кандуктары — да гэтага кандуктарамі працавалі каля 1000 чалавек. Пра такія змены Мінсктранс папярэджваў яшчэ ў красавіку — з моманту ўводу новай сістэмы аплаты праезду. Прадпрыемства набыло валідатары ды кампосцеры, але зусім забылася пра тое, дзе яны будуць гэтыя талончыкі прадаваць! Цікава, што ў суседняй Варшаве такая ж сістэма, але набыць квіток на праезд можна нават у транспарце банкаўскай карткай праз аўтамат, нават не ў кіроўцы!

Еўрарадыё праехала ўвесь маршрут аўтобуса № 100 і палічыла, на якіх прыпынках можна набыць талончык. Асабліва гэта заўважна ў “сотцы” — у аўтобусе, дзе пастаянна чулася: “Аплачвайце, калі ласка, праезд”!

Маршрут пачынаецца з прыпынку “Аэрапорт Мінск-1”. На прыпынку пуста — няма, ні кіёска Мінсктранса, ні Белсаюздрука. Затое талончыкі можна было набыць на трох наступных прыпынках: "Чкалава", "Гасцініца “Спадарожнік” і “Вуліца Маскоўская” у кіёсках Белсаюздруку.

На прыпынку "Вул.Валадарскага" набыць талончык можна ў кіёску Белсаюздрука, але кіёск не на прыпынку, а на скрыжаванні вуліц Валадарскага ды праспекта Незалежнасці. Набыць талончык ці бегчы да аўтобуса?

Не абсталяваны прыпынак ля цырку: няма ні шапікаў "Мінсктранса", ні "Белсаюздруку". 

Наступны шапік з талончыкамі толькі праз шэсць прыпынкаў, на “Ст. метро Якуба Коласа”. Кіёск Белсаюздрука таксама паводдаль і не адразу бачны.

Кіяскерша на прыпынку "Вул. Петруся Броўкі" кажа, што талончыкі, бадай, самы хадавы тавар!  

 “Сёння, не скажу, што была чарга, але бралі адразу па 5-10 талончыкаў! У нас жа студэнтаў шмат набывае талончыкі”, — кажа мне кіяскёрша.

Саджуся ў наступную “сотку”, і адразу два чалавекі набываюць талончыкі ў кіроўцы — па 4500 рублёў. Наступны раз талончыкі можна было набыць ў кіёску Мінсктранса на прыпынку “станцыя метро Маскоўская”.

Кіяскеры на прыпынску "Ст. м. Маскоўская" стаміліся адсылаць пасажыраў да суседняга шапіка. 

Не было чаго лавіць і на прыпынках “Растворабетонны вузел” і “Севастопальскі парк”. На перадапошнім прыпынку ў “сотку” зайшлі кантралёры! У іх пытаюся, як з аплатай праезду на гэтым маршруце? Кантралёрка ажно вочы закаціла!

“Вельмі шмат безбілетнікаў, нават болей чым ў любых іншых маршрутах”, — апісвае кантралёрка сітуацыю са знікненнем кандуктараў і кажа, што пасажыры “соткі” яшчэ не прывыклі да гэтай адсутнасці.

Набыць талончык можна на канцавым прыпынку, але трэба адстаяць чаргу: многія набываюць квіткі на прыгарадныя маршруты.

Еду ў зваротны бок у накірунку “Аэрапорт Мінск-1”. На наступным прыпынку зноў чакаюць кантралёры, часкта людзей выходзіць, але адна пасажырка не паспявае. Яна засмучаецца, але са словамі “Адкуль вы ў сотцы?”, плаціць штраф.

На прыпынках “Севастопальскі парк” ёсць дзе набыць талончыкі. А вось на “Кедышка” я прамаргала кіёск Белсаюздруку — давялося вяртацца, і дарма: кіёск зачынены на перапынак. Дзе тады браць талончык, калі не ў кіроўцы, але даражэйшы на 500 рублёў!

Наступны раз я ўбачыла кіёск Белсаюздруку толькі праз 11 прыпынкаў, ля "ГУМа". Але і там талончыкаў не было:

“Пасля абеду завязуць. Выходныя былі, а да гэтага ўсё разабралі. Вы што, з неба зваліліся — набудзьце талончык у кіроўцы, у кандуктара!” — кажа прадавачка Надзея, яна яшчэ не ведае, што кандуктараў у гарадскім транспарце больш няма.

Як даведалася Еўрарадыё, знайсці талончык можна і ў "ГУМе", у секцыі… “Парфумерыя”. Але ж зноў можна нарвацца на чаргу жанчын з туалетнымі водамі.

На прыпынку “Вул. Маскоўская” кіяскёрам так надакучылі з талонамі, што яны на самым відным месцы павесілі таблічку: “Талонаў няма”.

 

Квіткоў няма, бо... іх з'ядаюць вірусы

Кіяскёрша Ірына на прыпынку “вуліца Чкалава” праз Еўрарадыё звяртаецца да Мінсктранса.

“Паважаны Мінсктранс, калі ласка, ўсталюйце свае кіёскі! Мы прадаём талоны, але мы так ўжо стаміліся ад гэтага. Па 30 чалавек падыходзіць да нас — просяць паглядзець, колькі паездак засталося, просяць папоўніць баланс, ці прадаць праязныя! Мы стаміліся”, — ну проста крык душы!

Вынік такі: з 39-ці прыпынкаў маршрута № 100, набыць талончык можна толькі на 11-ці! Прычым, менавіта на прыпынку было толькі тры шапікі. Да астатніх трэба дайсці!

Як заўважылі Еўрарадыё ў Мінсктрансе, цяпер прапрацоўваецца пытанне па вытворчасці спецыялізаваных кіёскаў і ўсталяванні іх на прыпынках. Гэта праз паўгода ўвядзення новай сістэмы аплаты! Не лагічна.

“Цяпер у нас каля 140 спецыялізаваных кіёскаў, каля 115 кас метро, а таксама мы рэалізуем талоны на дыспетчарскіх станцыях ды філіялах Белсаюздрука. Прапрацоўваем пытанне, каб праз банкаматы гэтыя можна было папаўняць баланс картак. Дамаўляемся з Белсаюздрукам, каб і ў іх ўсталяваць апараты на папаўненне балансу”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі