З Беларусі часова забаранілі вывозіць "асобныя віды паперы"
З Беларусі часова забаранілі вывозіць "асобныя віды паперы". Маецца на ўвазе папера з тэрмаадчувальным пакрыццём для вытворчасці чэкавай стужкі, самакапіравальная "тэрмастужка" і рулоны для факсаў. Адпаведную пастанову прыняў урад, яна апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Пастанова прынятая на тры месяцы, яна пачынае дзейнічаць пасля афіцыйнай публікацыі. У дакуменце згадваюцца выключэнні (напрыклад, вываз паперы з мэтай аказання гуманітарнай дапамогі).
Згаданую паперу нельга будзе вывозіць і ў Расію, дзе з-за санкцый узнік дэфіцыт чэкавай паперы. Яна сур'ёзна падаражэла ў Беларусі. Міністэрства па падатках і зборах у пачатку красавіка дазволіла крамам не выдаваць пакупнікам папяровыя чэкі, калі пакупнік згодны на электронны чэк.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.