За перакрытую дарогу ў Серабранцы Вольга Класкоўская атрымала два гады калоніі

За перакрытую дарогу ў Серабранцы Вольга Класкоўская атрымала два гады калоніі

Ленінскі суд Мінска 22 снежня вынес прысуды за блакаванне дарогі ў Серабранцы. Вольга Класкоўская асуджаная на два гады калоніі агульнага рэжыму, Артуру Булаўскаму і непаўналетняму Максіму Бабічу прысудзілі два з паловай і тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову ("хатняя хімія") адпаведна, піша праваабарончы сайт "Вясна". Хлопцаў вызвалілі з-пад варты ў зале суда. Класкоўскую і Бабіча праваабаронцы прызналі палітвязнямі.

Падсудных вінавацілі ў дзеяннях, якія груба парушаючць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342) і хуліганстве, здзейсненыі паўторна, альбо групай асоб, альбо звязаным з супрацівам асобе, якая спыняе хуліганскія дзеянні, альбо спалучанае з прычыненнем менш цяжкага цялеснага пашкоджання. Справу разглядала суддзя Марына Запаснік.

Ніхто з пяцярых пацярпелых прэтэнзіяў да падсудных не меў.

Інцыдэнт, пра які ідзе гаворка адбыўся 13 кастрычніка на скрыжаванні вуліцы Пляханава і праспекта Ракасоўскага. Мінчыкі перакрылі дарогу, у іх узнікла сутычка з адным з кіроўцаў.

Паводле версіі МУС, кіроўца і пасажыр адной з машын, браты, запатрабавалі прапусціць іх. Машыне дазволілі праехаць, але потым браты адчулі, як у аўто нешта стукнула. Яны выйшлі разабрацца... Паводле МУС, братоў збілі, а кіроўцу яшчэ і пырснулі ў твар пярцовым газам.

Па паказаннях у судзе, як піша "Наша Ніва", сітуацыя выглядала не зусім так. Група пратэстоўцаў сапраўды перакрывала праезную частку, але нядоўга. Да таго ж, частка дарогі была вызваленая, каб ахвотныя маглі ехаць. Але тыя самыя браты, якія ехалі ў адной з машын, сталі нецэнзурна абурацца дзеяннямі пратэстоўцаў. Потым яны селі ў машыну, а праз пару хвілін вылезлі зноў — ці то аўто на нешта наскочыла, ці то пачулі нейкія словы ў свой бок. Пасля гэтага пачалася бойка.

Класкоўскую судзілі за перакрыццё дарогі, хлопцаў — за перакрыццё і бойку. У выніку Класкоўская атрымала самае вялікае пакаранне. 

У апошнім слове Вольга Класкоўская казала, што яе моцна збілі пры затрыманні і пагражалі расстрэлам у міліцыі:

"Мне стала вельмi кепска ў мiлiцыi, выклiкалi медыцынскую дапамогу. Мяне адвезлі ў 5-ы шпiталь, дзе дыягнаставалi ЧМТ і страсенне мозгу. Гэта ўсё ёсць у крымiнальнай справе, але чамусьцi такія дробязi нiкому не цiкавыя. 

Пасля таго, як мне было прызначана лячэнне, мяне скралi невядомыя ў балаклавах лiтаральна з-пад кропельнiцы, з катэтарам. Калі я трапiла на Акрэсцiна, а пасля ў Жодзіна, мне было адмоўлена ў медыцынскай дапамозе, нягледзячы на заключэнне. 

У РУУСе я адмовiлася даваць паказанні, мне некалькi разоў пагражалi расстрэлам у выпадку, калі я не пачну сведчыць супраць сябе альбо iншых людзей. Я адмовiлася. Яны мяне не зламалi і не зламаюць. 

Калi мяне асудзяць па гэтым артыкуле, для мяне гэта будзе вялiкi гонар. Значыцца, маё жыццё было пражыта недарэмна, я са сваiм народам. Жыве Беларусь!"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі