За выходныя польскія памежнікі спынілі больш за 500 спробаў парушэння мяжы
Праз сітуацыю з мігрантамі Польшча ўвяла надзвычайнае становішча на мяжы / twitter.com/Straz_Graniczna
На польска-беларускай мяжы за мінулыя выходныя было спынена больш за 500 спробаў незаконнага пранікнення на тэрыторыю Польшчы.
"Усяго было выяўлена 509 спробаў незаконнага перасячэння мяжы з Беларусі ў Польшчу", — адзначылі ў памежнай службе суседняй краіны.
Затрыманыя сем чалавек: пяцёра — грамадзяне Сірыі, яшчэ двое — з Самалі. Астатніх парушальнікаў у краіну не пусцілі.
Польшча, гэтак жа як Латвія і Літва, сутыкнулася ў апошнія месяцы з вялікім патокам нелегальных мігрантаў. Ва ўсіх трох краінах з прычыны напружанай сітуацыі на мяжы ўведзенае надзвычайнае становішча. У ЕС мяркуюць, што да стварэння міграцыйнага крызісу датычныя беларускія ўлады. 8 верасня прадстаўніцтва ЕС у Беларусі абвясціла дэмарш беларускаму МЗС з гэтай нагоды і настойліва папрасіла "ўлады Беларусі спыніць гэтую практыку". У МЗС абвінавачванні адпрэчваюць.
Канцлерка Германіі Ангела Мэркель, якая ў гэтыя выходныя знаходзілася з візітам у Польшчы, назвала крызіс з мігрантамі на мяжы " гібрыднай атакай" з боку Беларусі і заклікала афіцыйны Мінск "адумацца".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.