Заходнія дыпламаты занепакоеныя затрыманнямі і арыштамі напярэдадні выбараў

Заходнія дыпламаты занепакоеныя затрыманнямі і арыштамі напярэдадні выбараў

Прадстаўніцтвы ЗША, Вялікабрытаніі ды Еўрасаюза выступілі з сумеснай заявай наконт прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

Найперш дыпламаты адзначылі разнастайныя крокі, якія сведчаць пра пацяпленне ў адносінах паміж Беларуссю і Захадам. Яны пералічваюць: "Падпісанне пагадненняў аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі з ЕС і павелічэнне фінансавай падтрымкі з боку ЕС у два разы; рашэнне пра аднаўленне стасункаў з ЗША на ўзроўні паслоў, візіт дзяржсакратара ЗША ў Мінск і першая пастаўка амерыканскай нафты; актывізацыя палітычнага дыялогу з ЕС і з яго дзяржавамі-членамі на двухбаковай аснове (у прыватнасці, візіты на ўзроўні прэзідэнтаў ці прэм'ер-міністраў у краіны ЕС) або ў рамках Усходняга партнёрства; гандлёвы дыялог з Вялікабрытаніяй; а таксама адкрытасць ЕІБ і ЕБРР да перамоваў наконт прадстаўлення крэдытаў"

Пасля гэтага дыпламаты заклікаюць афіцыйны Мінск прыняць меры для "правядзення бяспечных, мірных, свабодных і сумленных выбараў і забеспячэння асноўных свабодаў".

Яны разлічваюць, што беларускія ўлады афіцыйна запросяць на выбары назіральнікаў ад БДІПЧ/АБСЕ. Таксама яны настойліва заклікаюць улады Беларусі "прадэманстраваць на справе сваю гатоўнасць дамагчыся прагрэсу ў выкананні рэкамендацый, якія змяшчаюцца ў папярэдніх справаздачах аб назіранні за выбарамі, падрыхтаваных БДІПЧ/АБСЕ".

Згадваюць дыпламаты і пра тое, што выбарчая кампанія праходзіць ва ўмовах пандэміі COVID-19. У сувязі з гэтым афіцыйнаму Мінску рэкамендуецца выканаць рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя па фізічным дыстанцыянаванні, каб звесці да мінімуму пагрозу каранавіруса. 

Традыцыйна дыпламаты заклікаюць да фармавання плюралістычнага складу выбарчых камісій, што павысіць давер да выбарчых органаў.

Знайшлі ў звароце месца і згадкі пра нядаўнія затрыманні на выбарчых пікетах: "Свабода СМІ і права на мірныя сходы з'яўляюцца найважнейшымі ўмовамі легітымнасці выбараў. Журналісты павінны мець магчымасць свабодна і бесперашкодна асвятляць падзеі. Грамадзянам павінна быць прадастаўлена магчымасць мірна выказваць сваё меркаванне. У сувязі з гэтым мы таксама занепакоеныя нядаўнімі затрыманнямі мірных дэманстрантаў і арыштамі журналістаў".

Дыпламаты падкрэсліваюць, што працэс выбараў у Беларусі будзе ўплываць на міжнародныя адносіны. "Бяспечныя, мірныя, свабодныя і сумленныя выбары, якія не падвергнуліся зламыснаму знешняму ўплыву і забяспечваюць асноўныя свабоды, будуць спрыяць дэмакратычнаму развіццю Беларусі, умацаванню яе суверэнітэту і незалежнасці, пракладуць шлях да больш цеснага супрацоўніцтва з нашымі краінамі і эканамічнага росквіту беларускага народа", — гаворыцца ў сумеснай заяве.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі