Запчасткі для самалётаў “Белавія” вязуць кантрабандай і без дакументаў — BYPOL
Самалёт "Белавія"
Запчасткі для самалётаў "Белавія" здымаюць з самалётаў, якія цяпер не лятаюць, ці заказваюць з трэціх краін. Гэтае абсталяванне прыходзіць без суправаджальных дакументаў, сцвярджае аб'яднанне былых беларускіх сілавікоў BYPOL.
У BYPOL заяўляюць, што неабходныя запчасткі вырабляюць не на сертыфікаваных прадпрыемствах і вязуць кантрабандай.
"Раней на кожную новую запчастку, якая прыходзіла, быў адразу пашпарт. У цяперашні час бываюць выпадкі, калі запчастку вязуць проста ў нейкай скрыначцы без дакументаў. Ніхто не ведае, ці легальна яна была набытая і хто пастаўшчык. Акрамя таго, калі запчастка ідзе на продаж трэцяму боку (напрыклад, у РБ) на такія запчасткі робяць пашпарт ад імя аналагічнага завода-вытворцы", — заяўляе прадстаўнік BYPOL Аляксандр Азараў.
Па яго словах, пры няспраўнасці ў самалёце "Белавія", выяўленай за мяжой, на пілотаў пачынаецца ціск з боку іх начальства. Ад іх патрабуюць ляцець на радзіму, каб займацца рамонтам дома.
"У выпадку, калі пілот адмаўляецца выконваць вылет з дадзенай няспраўнасцю — у лепшым выпадку "трапляе на грошы", у горшым — скарачаюць (па надуманых прычынах). Напрыклад, могуць даказаць прафнепрыдатнасць пілота, напрыклад, "заваліць" на трэнажорнай падрыхтоўцы, якую перыядычна трэба праходзіць", — заяўляе Азараў.
Авіякампанія “Белавія” трапіла пад міжнародныя санкцыі ўлетку 2021 года. Іх увялі за прымусовую пасадку ў Беларусі самалёта Ryanair з Раманам Пратасевічам на борце ў траўні 2021-га і міграцыйны крызіс на мяжы з Еўрасаюзам. У снежні летась "Белавія" адключылі ад міжнародных сістэм узаемаразлікаў для пасажырскіх і грузавых авіяперавозак.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.