Заробак у 7 разоў меншы за кавідны: як медыкам "павялічаць" зарплаты
Некаторыя медработнікі атрымліваюць менш за бюджэт пражытачнага мінімуму / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Новая сістэма даплат не верне медыкам зарплаты часоў піку кавіду. Хтосьці з медработнікаў, замацаваных у "чырвоных зонах", атрымае ўсяго 33 рублі надбаўкі да акладу ў 224 рублі.
З 1 ліпеня медыкам абяцаюць надбаўкі да заробкаў. Маўляў, кавід пайшоў на спад, таму трэба памяняць кавідныя даплаты на нешта іншае, каб заробкі не падалі. На першы погляд сістэма выглядае проста і прыгожа: ва ўсіх зарплаты стануць большымі. Камусьці дадаюць 200% да акладу, а камусьці — усяго 15%. Гэта прадугледжана пастановамі Міністэрства аховы здароўя №57 і №58.
Еўрарадыё паразмаўляла з медыкамі і даведалася, чаму новыя надбаўкі часам абуральна малыя і чаму ў кавідных аддзяленнях стала складаней.
"Заробак абяцалі падняць да памеру кавіднага. Ужо год чакаем"
Медыцынская сястра Юлія (імя змененае) не атрымлівае ніякіх надбавак.
— Стаўка — 650 рублёў і ідзі гуляй. Дарэчы, усім жа абяцалі падняць да памеру кавіднай. Ужо год чакаем.
У пік каранавіруса зарплата суразмоўніцы даходзіла да 3,5 тысяч рублёў. Цяпер Юлія як сярэдні медработнік атрымала даплату 50% — 325 рублёў. Каб дацягнуць да "кавіднай" зарплаты, не хапае яшчэ 2,5 тысячы рублёў.
Горш ідуць справы ў медработнікаў, якія працягваюць працаваць у кавідных аддзяленнях. Асабліва калі гэта санітаркі або санітары з маленькім акладам. Зарплата ў такіх спецыялістаў упала прыкладна ў 7 разоў, а праца лягчэйшай не стала.
Мы таксама паглядзелі, што пішуць наконт надбавак у чаце медработнікаў. Некаторыя адзначаюць: калі надбаўкі сапраўды будуць, то і нядрэнна. Асабліва для спецыялістаў, якія не атрымлівалі кавідных даплат.
Іншыя звяртаюць увагу на неэфектыўнасць новага рашэння Міністэрства аховы здароўя:
З 1 ліпеня дактарам павінныя даплачваць мінімум 85% ад акладу, сярэднім медработнікам — мінімум 35% ад акладу.
Даплаты могуць быць большыя. Напрыклад, у прыёмных аддзяленнях стацыянараў, аддзяленнях для пацыентаў з інсультамі, участковай службе паліклінік дактары атрымаюць надбаўку ў 135% ад акладу, а сярэднія медработнікі — 50% ад акладу.
Дактары хуткай дапамогі таксама атрымаюць надбаўкі ў памеры 135% ад акладу, а сярэднія медработнікі — 60%.
Самыя вялікія даплаты — для анестэзіёлагаў і рэаніматолагаў: 200% ад акладу. Сярэднія медработнікі ў гэтых аддзяленнях атрымаюць да зарплаты плюс 70% ад акладу.
Малодшым медсёстрам і санітарам прадугледжаныя надбаўкі ў памеры 15% ад акладу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.