Заробкі растуць, у разліковых — капейкі: беларусы просяць дапамогі ў Шэймана

Са звароту работнікаў ААТ "Азярцо-лагістык" / Еўрарадыё​
Са звароту работнікаў ААТ "Азярцо-лагістык" / Еўрарадыё​

Работнікі ААТ "Азярцо-лагістык" лічаць, што дырэктар несправядліва пазбаўляе іх надбавак за працу. Прафсаюз адпраўляе іх у тэатр.

30 работнікаў ААТ "Азярцо-лагістык" звярнуліся да кіраўніка Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Віктара Шэймана з адкрытым лістом. Яны лічаць, што дырэктар кампаніі Сяргей Дабрыян беспадстаўна пазбаўляе іх надбавак за прафмайстэрства, характар ​​і спецыфіку працы, за складанасць і напружанасць у рабоце. Падпісаныя пад лістом просяць прывесці ўсе палажэнні пра даплаты, надбаўкі ў адпаведнасць з патрабаваннямі працоўнага калектыву. А яшчэ вызначыць градацыю памеру прэмій пры частковым невыкананні плана. Але памер асноўнага заробку, на іх думку, павінен складаць не цяперашнія 50%, а не менш за 70%.

Зарплаты растут, в расчётных листках — копейки: белорусы просят помощи у Шеймана
Зварот работнікаў / Еўрарадыё

У падначаленых была спроба разабрацца з кіраўніком тэт-а-тэт

"Паколькі нам наогул незразумела, як у нас налічваюцца прэміі, 13 лютага мы напісалі зварот дырэктару, — расказвае Еўрарадыё кладаўшчыца 5-га разраду склада-халадзільніка Дар'я Анішчык. — У сувязі з тым, што пачынаючы са жніўня прэміі за прафмайстэрства налічваюцца ў розных працэнтных суадносінах без тлумачэння прычын, мы папрасілі яго ў пісьмовай форме адказаць, якімі нарматыўнымі дакументамі ён кіруецца пры налічэнні, ці ўзгоднены надбаўкі з прафкамам і чаму налічэнні за прафмайстэрства у кладаўшчыкоў складоў-халадзільнікаў ніжэйшыя, чым на сумежных складах. Увогуле, папрасілі растлумачыць градацыю налічэння надбавак".

Зарплаты растут, в расчётных листках — копейки: белорусы просят помощи у Шеймана
Ліст дырэктару ад падначаленых / Еўрарадыё

Па словах суразмоўніцы, замест таго, каб пагаварыць з падначаленымі, Дабрыян адправіў да іх сваю намесніцу, якая працуе ў кампаніі ўсяго два месяцы. Праз яе ён перадаў, што адказваць на ліст не будзе, бо ён не мае ніякай юрыдычнай сілы. Намесніца дырэктара таксама сказала, што праманіторыла сітуацыю і, па яе назіраннях, у працэнтных суадносінах заробкі работнікаў, наадварот, павялічыліся.

Людзі абурыліся.

"Мы не эканамісты, мы бачым свае разліковыя лісты, — працягвае Анішчык. — Калі раней я атрымлівала 1000 рублёў, то цяпер — 650, а ў жніўні наогул 580. У нас пры выкананні 100-працэнтнага плана наймальнік можа даць мінімальную прэмію. Высокіх прэмій людзі тут не бачылі ўжо вельмі даўно. Ёсць склад, які ў мінулым месяцы выканаў даведзены план на 100 працэнтаў, пры гэтым ён не атрымлівае 100-працэнтную прэмію. Ёсць склад, які не выканаў на 100 працэнтаў, але там атрымліваюць прэмію вышэйшую, чым тыя, хто выканаў. Логікі няма".

Зарплаты растут, в расчётных листках — копейки: белорусы просят помощи у Шеймана
Разліковыя лісткі адной з работніц прадпрыемства / Еўрарадыё
Зарплаты растут, в расчётных листках — копейки: белорусы просят помощи у Шеймана

Загадчыца склада №1 Алена Вярбіла пацвярджае словы калегі: "Кіраўнік дагэтуль адэкватна не растлумачыў, чым кіруецца, калі дзеліць заробкі. Пры выкананні плана нашага склада мы так і не ўбачылі 100-працэнтнай надбаўкі і прэміі. 80 працэнтаў я атрымала як кіраўнік, астатнія — 60".

Работнікі не разумеюць, чаму дырэктар са жніўня пачаў рэзка ўрэзваць заробкі, бо да гэтага амаль пяць гадоў усё было больш-менш стабільна.

"У прафсаюзе нас адправілі адну ў басейн схадзіць, другую — у тэатр"

У калектыўнай дамове гаворыцца, што прымаць рашэнне аб налічэнні прэмій і даплат дырэктар мае права "аднаасобна". Гэта значыць, калі ў сітуацыю ніхто не ўмяшаецца, штосьці наўрад ці зменіцца.

"Мы з Дар'яй звярталіся ў прафсаюз, — успамінае Алена. — У прафсаюзе нас адправілі адну ў басейн схадзіць, другую — у тэатр, маўляў, не лезьце ў гэта. Так, яны далі нейкія рэкамендацыі наймальніку. Але рэкамендацыі гэтыя неабавязковыя. Наймальнік сам вырашае, выпраўляць недахопы ці не. Эфекту ад зваротаў мы не ўбачылі".

Старшыня прафкама Беларускага прафсаюза работнікаў гандлю, спажывецкай кааперацыі і прадпрымальніцтва Валянціна Нех кажа, што пасля вывучэння сітуацыі ў "Азярцо-лагістык" прафсаюз даў заключэнне, у адпаведнасці з якім наймальнік робіць усё правільна.

"Многія інстанцыі праводзілі там праверку, — кажа суразмоўніца Еўрарадыё. — І Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, і Кіраўніцтва спраў прэзідэнта. Парушэнняў, якія датычацца канкрэтна гэтага пытання, няма. Я нават не ведаю, што сказаць. Заўсёды хочацца атрымліваць добры заробак. Але калі існуюць нейкія крытэрыі, у адпаведнасці з якімі ён не можа быць выплачаны, і ўсё гэта заканадаўча пацверджана кантрольнымі інстанцыямі, што тут можна зрабіць?"

Не дачакаўшыся дапамогі ад прафсаюза, работнікі пачалі з яго выходзіць.

 

"Праблем на прадпрыемстве няма, усё нармальна"

Дырэктар ААТ "Азярцо-лагістык" Сяргей Дабрыян трымаецца ў размове з Еўрарадыё вельмі ўпэўнена. Кажа, што не разумее, чаму амаль пяць гадоў яго работнікаў як быццам бы ўсё задавальняла, а цяпер не. З 28 студзеня праз змяненні ў працоўным заканадаўстве на прадпрыемстве з імі перазаключаюцца кантракты на новых умовах. Па словах кіраўніка, ні адзін чалавек не выявіў жадання яго скасаваць.

Зарплаты растут, в расчётных листках — копейки: белорусы просят помощи у Шеймана
ААТ "Азярцо-лагістык" / praca-by.info

"Ніхто іх не пазбаўляў [гаворка пра даплаты. — Еўрарадыё] і не здымаў, — кажа ён. — Пытанне высмактана з пальца. Чаму людзі не ідуць у суд? Таму што падстаў няма. Гэта проста палітычны фарс і больш нічога... Сто працэнтаў даю, што ў прэміі я ніколі не ўмешваюся. Гэта чыста эканамічныя паказчыкі, якія не залежаць ад майго меркавання. Маю права пазбавіць чалавека прэміі ў выпадку дысцыплінарнага парушэння. Даць меншую прэмію не магу. Любы кантрольны орган пра гэта даведаецца, і я абавязаны буду зрабіць пераразлік".

Каментаваць аспекты калектыўнай дамовы суразмоўнік не хоча, таму што ён заключаецца паміж наймальнікамі і работнікамі, і, маўляў, "якое дачыненне да яго маюць трэція асобы?".

Дырэктар кажа, што заробкі рабочых залежаць ад "вынікаў гаспадарчай дзейнасці". Калі ўсё добра, работнікі атрымліваюць больш, калі не — менш. Па яго ж словах, "праблем на прадпрыемстве няма, усё нармальна".

"Заробак у работнікаў вырас, — расказвае дырэктар. — 1177 рублёў — сярэдні заробак па прадпрыемстве за мінулы год. Самы мінімальны аклад у кладаўшчыка, ён атрымлівае 406 рублёў плюс ўсе астатнія выплаты".

Дабрыян нагадвае работнікам, што прадпрыемства падпарадкоўваецца Кіраўніцтву спраў прэзідэнта і што з яго патрабуюць больш, чым з іншых. На працягу размовы з Еўрарадыё дырэктар некалькі разоў паўтарае, што абараняць свае правы можна цывілізавана — у судзе.

 

План "Б": не адрэагуюць у Кіраўніцтве спраў — звернемся вышэй

Да суда падначаленыя Дабрыяна пакуль не дабраліся, але абяцаюць: у выпадку, калі іх патрабаванні ў лісце ў Кіраўніцтве спраў прэзідэнта выкананыя не будуць, яны звернуцца да кіраўніка дзяржавы. У звароце гаворыцца, што работнікі гатовыя "прыняць усе вычарпальныя меры калектыўнага ўздзеяння па абароне сваіх законных інтарэсаў, аж да спынення работы".

Зарплаты растут, в расчётных листках — копейки: белорусы просят помощи у Шеймана
Лідар незалежнага Беларускага прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч / Марыя Вайтовіч, Еўрарадыё

Лідар незалежнага Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч лічыць такое рашэнне правільным. Паводле яго слоў, пасля праверак Кіраўніцтва спраў прэзідэнта дырэктара прадпрыемства папрасілі ў вуснай форме заплаціць работнікам, але скаргі не спыняюцца.

"Калі планы выконваеш, павінна быць выразная градацыя ў палажэнні па выплатах — колькі працэнтаў і за што ты атрымліваеш, — кажа Фядыніч. — У іх дамове гэтага няма, пазначаны толькі мінімальны і максімальны парог, усё вырашае кіраўнік. Але наогул, надбаўкі за складанасць у працы і прафесіяналізм датычацца кваліфікацыі, і тут гаворка не ідзе пра план. Тое, што асноўная частка заробку рабочых — не больш за 50 працэнтаў, а астатняе — гэта і ёсць даплаты ў выглядзе надбавак і прэміі, супярэчыць тарыфнаму пагадненню афіцыйнага прафсаюза. Дырэктара прасілі, каб ён прывёў калектыўную дамову ў адпаведнасць з нормамі".

Еўрарадыё працягне сачыць за сітуацыяй.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі