Ці зарабляюць жывёлаводы ў Беларусі 5 тысяч рублёў? Разбіраемся ў сітуацыі
Ці зарабляюць цялятніцы ў Беларусі як мае быць?
У сярэдзіне кастрычніка праўладныя і незалежныя медыя апублікавалі скрыншот разліковага ліста цялятніцы аднаго з сельгаспрадпрыемстваў Беларусі. Згодна з дакументам, жанчына атрымала месячны заробак у памеры 5026,45 рубля, што па курсе Нацбанка складае больш за 1,5 тысячы долараў.
Ці могуць работнікі сельгаспрадпрыемстваў сапраўды атрымліваць такія заробкі альбо гэта чарговая дэзынфармацыя? Еўрарадыё разбіралася ў сітуацыі.
“Не можам зрабіць ніякіх высноў”
Глянуўшы на разліковы ліст, можна пабачыць, што зарабак для жывёлавода — самы звычайны для рынку працы Беларусі.
1356,64 рубля за адпрацаваны 31 працоўны дзень (179 гадзін), 35,89 рубля за звышурочную працу (37 гадзін), 175,05 рубля за працу ў выхадныя (32 гадзіны), 22,32 рубля — даплата за шкоднасць.
“Мы бачым, што гэта, хутчэй за ўсё, разавая выплата, не прывязаная ні да гадзін, ні да выпрацоўкі”.
На думку суразмоўцы, абнародаваныя лічбы нічога не кажуць пра ўзровень заробкаў сельгасработнікаў.
“Якія [рэальныя] заробкі ў беларускай сельскай гаспадарцы, можна паглядзець у Белстата. Там будзе да 2000 рублёў. Тут мы з вамі не бачым базы для разліку (гэта значыць, няма працэнтаў, гадзін і г. д.), таму і не можам зрабіць ніякіх высноў”, — падсумоўвае эксперт.
Якія ж могуць быць стымулявальныя даплаты ў жывёлавода ў такім памеры? Сваім меркаваннем з Еўрарадыё на ўмовах ананімнасці падзялілася экс-бухгалтарка аднаго з дзяржпрадпрыемстваў Мінска, на балансе якога таксама знаходзіцца адзін з калгасаў.
“Калі калгас багаты, ёсць прыбытак, [такія грошы] можа, і плацяць. Як у нас у вёсцы, то цялятніцы шмат не атрымліваюць. Магчыма, гэта залежыць ад прыросту, то-бок [жывёл] добра кормяць, не крадуць і цяляты набіраюць вагу. Акрамя таго, у кожнай гаспадарцы свае метады налічэння [заробкаў, і гэтыя стымулявальныя надбаўкі], можа, прынятыя калектыўнай дамовай”.
Але сама суразмоўніца ў такую стымуляцыю не верыць і разліковы ліст лічыць “туфтой”.
“Можа, яна падмяняла каго ў адпачынку. У нас моцна не заплацяць, калі адзін месяц і атрымалася [то ўжо добра]. Трэба ведаць, за што стымуляванне плацяць. У нас на прадпрыемстве такога не было”, — запэўнівае жанчына.
У Беларусі жывёлаводам столькі не плацяць
А якія ж заробкі бываюць у беларускіх жывёлаводаў?
Паводле звестак статыстычнага буклета “Праца і занятасць”, апублікаванага на сайце Белстата ў верасні 2024 года, мужчыны ў сельскай гаспадарцы атрымліваюць у сярэднім 1719 рублёў, а жанчыны — 1559,8 рубля. То-бок прыкладна тыя ж грошы, што атрымала наша невядомая цялятніца за месяц звышурочнай працы без стымулявальных надбавак.
У базе вакансій дзяржаўнай службы занятасці на запыт "жывёлавод" налічваецца 1187 прапаноў. Заробкі вар'ююцца ў сярэднім ад 626 да 1600 рублёў у залежнасці ад месца працы, нагрузкі і абавязкаў.
Больш высокія заробкі прапануюць толькі брыгадзірам вытворчых брыгад або жывёлаводам, якія займаюцца перапрацоўкай.
Напрыклад, у сельгасвытворчым кааператыве "Ларынаўка" ў аграгарадку Крапіўна спецыялісту з годам стажу за дзве працоўныя змены ў месяц гатовыя плаціць ад 3 да 5 тысяч рублёў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.