Затрыманага ў Мінску інгушскага блогера Нальгіева перавялі ў ізалятар
Затрыманага ў Мінску інгушскага блогера і журналіста Ісмаіла Нальгіева перавялі з Кастрычніцкага РУУС у ізалятар часовага ўтрымання. Там ён правядзе бліжэйшую ноч і, верагодна, яшчэ адну, бо 9 траўня ў Беларусі — выходны дзень.
Умовы ў ізалятары камфортнейшыя адносна камеры папярэдняга зняволення ў аддзяленні міліцыі. ІЧУ больш прыстасаваны да працяглага знаходжання пад вартай: там ёсць ложкі, там кормяць тры разы на дзень, туды можна прыносіць перадачы.
Нягледзячы на ўсе намаганні праваабаронцаў, адвакат змог сустрэцца з Нальгіевым толькі каля 22:30 8 траўня. Па словах блогера, днём на яго быў складзены пратакол за нібыта здзейсненае адміністрацыйнае правапарушэнне. Якое — Ісмаіл не ведае. Плануецца, што справа будзе разбірацца ў пятніцу, 10 траўня, у Доме правасуддзя, дзе месціцца суд Кастрычніцкага раёна горада Мінска. Да Кастрычніцкага раёна сталіцы Беларусі адносіцца Нацыянальны аэрапорт "Мінск".
Нальгіеў — адзін з лідараў пратэстаў у Інгушэціі. 8 траўня ён павінен быў вылецець з Мінска ў Еўропу, але быў затрыманы на памежным кантролі, як мяркуецца, у сувязі з тым, што знаходзіцца ў расійскім спісе асоб, якiя вышукваюцца. Міністэрствы ўнутраных спраў Беларусі і Расіі падпісалі пратакол аб абмене дадзенымі па невыязных грамадзянах Саюзнай дзяржавы ў снежні 2017 года — з гэтага часу абодва ведамствы валодаюць звесткамі пра беларусаў і расіян, якім абмежаваны выезд за мяжу.
Сваякі Ісмаіла Нальгіева асцерагаюцца, што ён будзе перададзены расейскім уладам.
Згодна з артыкулам 62 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, кожны мае права на юрыдычную дапамогу (у тым ліку права ў любы момант карыстацца дапамогай адвакатаў і іншых сваіх прадстаўнікоў) у судзе, іншых дзяржаўных органах, ва ўстановах, арганізацыях, грамадскіх аб'яднаннях і ў адносінах са службовымі асобамі і грамадзянамі. Супрацьдзеянне аказанню прававой дапамогі ў Беларусі забараняецца.