Затрыманне Пратасевіча і Сапега было падстроенае. Нават прапаганда даказвае гэта

Як сілавікі зразумелі, што разам з Пратасевічам у аэрапорце Сапега? / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Як сілавікі зразумелі, што разам з Пратасевічам у аэрапорце Сапега? / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Беларускія ўлады сцвярджаюць, што справаздача ICAO пра прымусовую пасадку борта Ryanair у Мінску — наскрозь хлусня. Іх пазіцыя за год не змянілася. Яна палягае ў тым, што спачатку самалёт пасадзілі праз пагрозу мініравання, і толькі потым сярод пасажыраў выявілі "небяспечных злачынцаў": журналіста Рамана Пратасевіча і яго дзяўчыну Соф'ю Сапега.

Прапаганда здымае пра іх затрыманне сюжэт за сюжэтам. У тым ліку і з дэталёвым разборам падзеяў. Пасля якога ў нас толькі з'явілася больш пытанняў. Напрыклад: чаму Пратасевіч, абвешчаны ў міждзяржаўны вышук як тэрарыст, без адзінай заўвагі праходзіць пашпартны і мытны кантролі? Як "кампетэнтныя органы" зразумелі, што ён ляціць не адзін? Як суаднеслі Соф'ю з Раманам? Чаму іх не затрымалі адначасова?

Знішчаем версію прапагандыстаў пра пасадку борта Ryanair у Мінску іх жа доказамі.
 

Усюды паасобку

Пасля пасадкі самалёта і першага надгляду па пасажыраў прыязджаюць два аўтобусы, каб давезці людзей да аэравакзала. Ад борта да аўтобуса Пратасевіч ідзе адзін, без Сапега. Калі ты не саджаў самалёт адмыслова каб затрымаць іх — цяжка ўвогуле зразумець, што яны звязаныя паміж сабой.

Задержание Протасевича и Сапеги было подстроено. Даже пропаганда доказывает это
Раман Пратасевіч адзін ідзе да аўтобуса, які адвязе яго і іншых пасажыраў да будынка аэравакзала / АНТ

Раман і Соф'я едуць у аўтобусе да аэравакзала. У часе гэтай паездкі нехта зрабіў фота Пратасевіча і адправіў у тг-каналы. Дзяржпрапаганда сцвярджае, што толькі дзякуючы гэтай фатаграфіі сілавікі даведаліся, што на борце Ryanair быў небяспечны тэрарыст: "вялікі дзякуй Франку Вячорку і "экстрэмісцкім" каналам, якія гэта фота апублікавалі".

Але Соф'ю Сапега ніякія "экстрэмісцкія каналы" ў той момант не згадваюць. Яна проста яшчэ адна пасажырка пасаджанага ў Мінску самалёта. Не абвешчаная ні ў якія вышукі і не ўключаная ні ў якія спісы тэрарыстаў.

Задержание Протасевича и Сапеги было подстроено. Даже пропаганда доказывает это
Рамана едзе да аэравакзала разам з іншымі пасажырамі

Хто зрабіў фота Пратасевіча ў аўтобусе?

Ён кажа, што не ведае. Вось фрагмент з допыта: "Я сказаў Соні: як толькі самалёт будзе на зямлі, маментальна пра гэта паведаміць хоць каму-небудзь. Аўтобус быў бітком забіты, я не стаў да яе прарывацца, не хацеў побач з ёй стаяць і размаўляць, спадзеючыся на тое, што калі мяне затрымаюць, то, можа, яе не затрымаюць. І як мінімум усё абыдзецца хоць бы для яе.

Я не бачыў там, здымалі мяне ці не здымалі. І ўжо потым, калі мы да будынка аэрапорта ехалі, я стаяў ля задніх дзвярэй. І бачыў, што нехта з салона здымаў".

Атрымліваецца, што ў аўтобусе Раман едзе на адлегласці ад Соф'і. Фота, па яго словах, зрабіла не яна. То бок, яна не магла так выдаць сваю сувязь з журналістам. Прапаганда ў сваім "расследаванні" абыходзіць гэты момант.
 

Нічым не выдаюць сябе

Пасля прыбыцця на аэравакзал Пратасевіч (зноў без Соф'і Сапега) стаіць адзін у чарзе на пашпартны кантроль. Час — 14:35.

Задержание Протасевича и Сапеги было подстроено. Даже пропаганда доказывает это
Раман стаіць у чарзе на пашпартны кантроль / АНТ

На скрыншоце ніжэй мы ўпершыню бачым Рамана і Соф'ю ў адным кадры. Час — 14:53. Прайшло 18 хвілін, Пратасевіч са спадарожніцай ужо завяршаюць мытны надгляд.

Задержание Протасевича и Сапеги было подстроено. Даже пропаганда доказывает это
Раман забірае свае рэчы з мытнай стужкі, Соф'я побач, забірае свой карычневы заплечнік / АНТ

Маладыя людзі забіраюць рэчы пасля мытнага надгляду. Але мы не бачым, каб яны перагаворваліся, жэстыкулявалі, абменьваліся рэчамі ці рабілі нешта, што магло б іх неяк суаднесці адно з адным. Пратасевіч і Сапега без праблем праходзяць пашпартны кантроль і мытны надгляд.

На наступным кадры мы бачым, што ў 14:53 да лініі мытнага кантролю падыходзіць чалавек у чорным цывільным. Ён чакае Пратасевіча, паварочваецца да яго і суправаджае да міліцыянераў. Крыху пазней мы яшчэ вернемся да яго ролі.

Задержание Протасевича и Сапеги было подстроено. Даже пропаганда доказывает это
На першым кадры чалавек у чорным цывільным (Ш) чакае Рамана. Потым ён суправаджае яго да міліцыянера ў фуражцы. Ззаду з'яўляецца другі міліцыянер (2), які страхуе / Еўрарадыё
Задержание Протасевича и Сапеги было подстроено. Даже пропаганда доказывает это
Чалавек у цывільным перадае Рамана (Р) першаму міліцыянеру ў фуражцы (1). Другі міліцыянер (2) па-ранейшаму страхуе ззаду / Еўрарадыё

Соф'ю сілавікі адразу не чапаюць, нібыта не падазраючы пра яе. Дзяўчына пасля мытнага надгляду бачыць, што Рамана затрымліваюць. Яна спыняецца, каб завязаць шнуркі.

Задержание Протасевича и Сапеги было подстроено. Даже пропаганда доказывает это
Соф'я пасля мытнага надгляду. Толькі што затрыманы Пратасевіч / АНТ

Што было далей — нам не паказваюць. А прычына таму можа быць такой: сілавікі не могуць растлумачыць падставу, на якой неўзабаве была затрыманая і Соф'я Сапега, якая ніяк да гэтага не выдавала сваю сувязь з Пратасевічам?
 

Як сілавікі выйшлі на Соф'ю?

Няўжо дзяўчына засвяцілася ў базе звестак на пашпартным кантролі? Можна падумаць, што гэта сапраўды так. Бо пазней кіраўнік Следчага камітэта Дзмітрый Гара заявіць, што "аператыўная праца па гэтых справах, якія былі заведзеныя ўвосень 2020 года, вялася пастаянна і Соф'я Сапега знаходзілася ў полі зроку як асоба, магчыма датычная да гэтых злачынстваў". Пратасевіч і ўвогуле быў абвешчаны ў міждзяржаўны вышук як тэрарыст. Атрымліваецца, яшчэ на стадыі праверкі пашпартоў павінны былі падняць шум. Гэта ж не жарты — каля стойкі тэрарыст у вышуку і "асоба, магчыма датычная да злачынстваў". Але маладых людзей там нібыта не заўважаюць.

Пашпартны кантроль таямнічым чынам не спрацоўвае — Раман і Соф'я яго паспяхова праходзяць і спакойна ідуць на мытны надгляд. І вось тут, пасля мытнага надгляду, Пратасевіча нібыта ловіць зоркі міліцыянер, які "вылічыў" Рамана па апублікаваным у тэлеграме фота з аўтобуса.
 

"Адзін з пасажыраў"

Вось як гучаць паказанні міліцыянтаў у дакладзе ICAO (старонка 44):

"Дзяжурны афіцэр аддзела МУС па бяспецы на паветраным транспарце аэрапорта Мінск паведаміў FFIT [групе расследавання ICAO], што атрымаў тэлефонны званок ад дзяжурнага афіцэра цэнтральнага дзяжурнага пункта, які паведаміў яму, што адзін з пасажыраў з'яўляецца асобай, якая знаходзіцца ў вышуку.

Дзяжурны афіцэр аддзела МУС па бяспецы на паветраным транспарце аэрапорта Мінск атрымаў фатаграфію гэтай асобы, якая знаходзілася ў вышуку, па месенджары ў яго тэлефоне ад дзяжурнага афіцэра цэнтральнага дзяжурнага пункта.

Ён змог ідэнтыфікаваць адпаведнага пасажыра, які быў апрануты ў тую ж вопратку, што і на фатаграфіі. Ён прадставіўся пасажыру, папрасіў яго прад'явіць пашпарт і пасля пацвярджэння асобы спадара Рамана Пратасевіча папрасіў гэтага пасажыра прайсці з ім у цэнтральны дзяжурны пункт, дзе ён яго пакінуў".

З паказанняў вынікае, што пасля мытнага кантролю Пратасевіча выявіў, зверыўся з фатаграфіяй, спыніў, праверыў пашпарт і затрымаў дзяжурны афіцэр аддзела МУС — хутчэй за ўсё, той, які ў фуражцы.

Задержание Протасевича и Сапеги было подстроено. Даже пропаганда доказывает это
У гэты скрыншот чалавек у чорным цывільным не трапіў. Але відаць міліцыянер (2), які страхуе, ззаду Рамана (Р) і дзяжурны міліцыянер (1), які, паводле легенды, "ідэнтыфікаваў" Пратасевіча / Еўрарадыё

А цяпер прыгадайце чалавека ў цывільным, які спакойна чакаў Пратасевіча і пасля суправадзіў яго да міліцыянера. З рукамі ў кішэнях, майцы пад курткай і акулярамі на галаве? На дзяжурнага міліцыянта ён максімальна не падобны. 

Фота Пратасевіча ў тэлеграме з'яўляецца ў 14:35. А чалавек у цывільным суправаджае Рамана ўжо ў 14:53 — праз 18 хвілін. На аўтамабілі ад будынка ГУБАЗіК ці КДБ да аэрапорта ехаць прыкладна 35 хвілін. То бок, супрацоўнік у цывільным не мог так хутка апынуцца на мытным кантролі, калі толькі ён не чакаў загадзя, бо ведаў: хутка тут з'явіцца Пратасевіч са спадарожніцай.

Задержание Протасевича и Сапеги было подстроено. Даже пропаганда доказывает это
Нагадваем: чалавек у акулярах на галаве, у масцы і ў чорным цывільным (Ш) сустракае Рамана (Р) раней за ўсіх. Соф'я (С) на заднім плане ў зоне мытнага надгляду / Еўрарадыё

У чым сэнс такой камбінацыі?

Канцэпцыя пра "выпадковага Пратасевіча", затрыманага праз апублікаваную ў тг фатаграфію з аўтобуса, цалкам удала кладзецца ў версію пра "замініраваны" самалёт. Але калі б усё было так, як сцвярджаюць улады, Рамана б затрымалі на пашпартным кантролі, а Соф'ю ўвогуле не сталі б чапаць.

Але інтэрнэт нечакана "выбухае" фатаграфіяй Пратасевіча. Адразу ж з'яўляецца версія, што рэжым вырашыў пасадзіць самалёт, каб затрымаць журналіста. Таму ў канцэпцыі пра "выпадковага Пратасевіча" з'яўляюцца карэкціроўкі. Сістэмы бяспекі аэрапорта ва ўпор не пазнаюць "тэрарыста". Маўляў, паглядзіце, грамадзяне, усё здараецца абсалютна выпадкова. Калі б не пільны міліцыянт, Рамана ўвогуле б не апазналі. Але як тады сілавікі зразумелі, што Сапега таксама трэба затрымаць?

Задержание Протасевича и Сапеги было подстроено. Даже пропаганда доказывает это
Соф'я Сапега на судзе / Леанід Шчаглоў / ТАСС

Зыходзячы з наяўных відэа, а таксама з паказанняў Пратасевіча, мы ведаем, што з самалёта Соф'я спускалася асобна ад Рамана. У аўтобусе яна не ехала побач з ім. У чарзе і на самім мытным кантролі маладыя людзі не дэманстравалі, што ведаюць адно аднаго. А пасля мытнага кантролю яна ўвогуле магла пайсці на ўсе чатыры бакі.

Можа быць, хітры аператыўнік візуальна памятаў і ведаў, хто такая Соф'я Сапега, і таму змог апазнаць яе па твары? Але дзяўчына была ў масцы. Яна не дэбашырыла, не прыцягвала да сябе ўвагу і ў цэлым ніяк не вылучалася сярод астатніх пасажыраў. Навошта звяртаць увагу на дзяўчыну ў масцы, калі ловяць аднаго Пратасевіча?

Можа быць, аператыўнікі даведаліся ў іншых пасажыраў, што маладыя людзі ляцелі разам? Але Сапега бяруць амаль адразу пасля таго, як затрымліваюць Рамана. На тое, каб дапытаць пасажыраў, проста не магло быць часу — паміж з'яўленнем фатаграфіі Рамана ў твітары і затрыманнем прайшло 18 хвілін. І ў гэты час, па легендзе сілавікоў, усе былі занятыя пошукамі Пратасевіча.

Нельга выключаць, што Раман мог проста ў аэрапорце раскалоцца і здаць Соф'ю Сапега. Але для гэтага спатрэбіўся б час: адвесці хлопца ў кабінет, дапытаць і гэтак далей. Тым не менш Соф'ю Сапега афіцыйна затрымліваюць па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства, хоць бачных падстаў для гэтага няма.
 

Што гэта значыць?

Задержание Протасевича и Сапеги было подстроено. Даже пропаганда доказывает это
Раман Пратасевіч не ў турме, раздае інтэрв'ю. Соф'я Сапега асуджаная на 6 гадоў калоніі

Сілавікі не тлумачаць нам, як яны адразу ў аэрапорце зразумелі, што Пратасевіч ляціць не адзін. Не паказваюць відэа затрымання дзяўчыны. Не тлумачаць, як ім удалося звязаць Рамана з Соф'яй, а не з кім-небудзь іншым з сотні іншых пасажыраў. Сапега затрымліваюць не проста для высвятлення асобы, а адразу па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства.

Гэта можа азначаць, што кампетэнтныя ведамствы загадзя ведалі, хто суправаджае Рамана, каго трэба браць і каму што прад'яўляць. А калі яны загадзя ведалі, што Соф'я ляціць разам з Раманам, то ўся задума з раптоўным выяўленнем Пратасевіча ў аэрапорце — цырк. Бутафорыя, закліканая пацвердзіць тэорыю сілавікоў пра самалёт Ryanair, пасаджаны выпадкова.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі