Затрыманы разам з Ціханоўскім Калмыкоў быў у СІЗА КДБ. Яго выпусцілі
5 чэрвеня з СІЗА КДБ у Мінску выпусцілі 20-гадовага Сяргея Калмыкова. Пра гэта Радыё Свабода паведаміла яго дзяўчына Ірына Федарэнка. У ноч з пятніцы на суботу малады чалавек прыедзе са сталіцы ў Гродна і, магчыма, раскажа пра сваё знаходжанне за кратамі.
Калмыкоў быў затрыманы 29 траўня ў Гродне на пікеце па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. Ён з дзяўчынай прыйшоў туды літаральна за хвілін 10 да таго, як адбылася правакацыя і пачаліся затрыманні Сяргея Ціханоўскага і іншых людзей. На відэа відаць, што хлопец быў далёка ад эпіцэнтру і прычыны яго затрымання невядомыя. Аднак ён стаў падазраваным па крымінальнай справе аб гвалце ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных спраў. Разам з Ціханоўскім Калмыкова завезлі ў Мінск: спачатку ў ізалятар на Акрэсціна, а пасля — у СІЗА № 1 на Валадарскага. А цяпер, як паведамляе svaboda.org, высвятляецца, што яго пераводзілі ў СІЗА КДБ.
Да затрымання ні Сяргей Калмыкоў, ні яго дзяўчына палітыкай не цікавіліся. У кватэры, якую яны здымаюць у Гродне, 1 чэрвеня прайшоў ператрус. Пасля яго наладзілі ў вёсцы ў Мастоўскім раёне, дзе Сяргей прапісаны. Верагодна, шукалі хоць нейкую сувязь з Ціханоўскім.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.