Затрыманыя раварысты: Відэа міліцыянты перапісалі сабе і выдалілі
Акцыя раварыстаў “Крытычная маса” 29 красавіка ў Мінску скончылася затрыманнямі. Двум з іх, Дзмітрыю Паліенка і Станіславу Канавалаву, пагражае крымінальная справа. Ёсць відэа, дзе бачна, як калона рухаецца па праезнай частцы, пасля іх спыняюць супрацоўнікі ДАІ. Бойкі на відэа не бачна. У іншых удзельнікаў, па іх словах, міліцыянты выдалілі відэа затрымання. Патрабавалі пароль ад тэлефона, а перад выдаленнем матэрыялы перапісалі сабе.
“У момант затрымання я знаходзіўся на тратуары і здымаў людзей. Пачалося ўсё стандартна для “Крытычнай масы”. Ехалі па дарозе. Пасля з машыны ДАІ папрасілі з’ехаць на тратуар. Супрацоўнікі ДАІ спрабавалі адабраць ровар у некага. Ужо каля стэлы большасць з’ехала на тратуар. Тады я і пачаў здымаць на відэа. З’ехаць не паспеў, мяне схапілі. Тэлефон адабралі, па рацыі казалі адразу, каб праверылі відэа. Першай справай пыталі пароль ад тэлефона. Прымянялі фізічную сілу, каб даў пароль. Пасля перакінулі ўсё сабе і выдалілі з майго тэлефона”, — апісвае Дзмітрый. Ён аштрафаваны за парушэнне ПДР, плюс адміністратыўны пратакол за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.
Раней, па яго словах, у яго не было нават пратаколаў за парушэння ПДР. Хаця ў “Крытычнай масе” ён удзельнічае ўжо некалькі гадоў. Такая акцыя праходзіць у многіх гарадах Еўропы. Яе мэта — прасоўванне ровара, як транспартнага сродку. Падчас акцыі раварысты рухаюцца па крайняй паласе дарогі.
Іншы затрыманы, Аляксей, зняў пабоі і звярнуўся з заявай у Следчы камітэт:
“Я спрабаваў з’ехаць, мяне звалілі з ровара, падбеглі да мяне, пачалі біць, у асноўным — у твар. Распылілі балон. Я напісаў заяву ў Следчы камітэт і там далі накіраванне на зняцце пабояў”.
Удзельнікі сёлетняй акцыі разумелі, што парушаюць ПДР, і былі гатовыя да штрафаў за гэтае парушэнне, але не да крымінальных спраў. Па правілах, раварысты мусяць ехаць па веладарожцы ці па тратуары, калі яе няма, ці па краі праезнай часткі. Але гэта, калі няма ні веладарожкі, ні пешаходнай дарожкі, ні тратуара.
“Хутка Станіслава павязуць у РАУС, заведзеная Крымінальная справа. Бліжэй да вечара стане вядома, ці высунуць яму абвінавачванні”, — апісвае дзяўчына Станіслава Канавалава Ліза. Сама яна ў акцыі не ўдзельнічала, а ў Станіслава дома нават правялі вобшук і забралі жорсткі дыск з камп’ютара.
“Незразумела, навошта вобшук. Гэта ж не дзеянні нейкай арганізаванай групы. Можа, у іх былі нейкія аператыўныя звесткі. Таксама парушэнне —выдаляць відэа з носьбіта. Гэта абмежаванне дадзеных. Гэта можна рабіць, калі звесткі альбо сакрэтныя, альбо шкодныя”, — апісвае юрыст, старшыня БХК Алег Гулак.
Міліцыя ж кажа пра бойку, якую, нібыта, справакавалі раварысты. Як доказ, дэманструюць парваную куртку супрацоўніка ДАІ:
“… група раварыстаў, груба парушаючы патрабаванні правіл дарожнага руху, выехала на праезную частку. На неаднаразовыя патрабаванні супрацоўнікаў ДАІ (апошнія вымушаныя былі выкарыстоўваць гукаўзмацняльную апаратуру і праблісковыя маячкі) не рэагавалі. Пры спробе спыніць супрацьпраўныя дзеянні і вярнуць іх на тратуар, парушальнікі правапарадку аказалі непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі. А адзін з удзельнікаў кінуўся ў бойку з супрацоўнікам ДАІ, пашкодзіўшы яму форменнае абмундзіраванне”. Інфармацыю пра заведзеныя крымінальныя справы ў міліцыі пакуль не пацвярджаюць.
"Крытычная маса" ў Мінску праходзіць ужо некалькі гадоў. У мінулым годзе правесці яе не атрымалася: перашкодзіла міліцыя. Але ні крымінальных, ні адміністратыўны спраў тады не было. У пазамінулым годзе пасля “Крытычнай масы” было толькі некалькі пратаколаў за парушэнне ПДР.