Заява прэзідэнта Партугаліі перашкаджае краіне выйсці з палітычнага крызісу
Апазіцыя патрабуе распусціць парламент і правесці датэрміновыя выбары. Але эксперты кажуць, што зрабіць гэта не дазваляе эканамічная сітуацыя.
На мінулым тыдні ў Партугаліі адразу два міністры сышлі ў адстаўку: прыхільнік жорсткай эканоміі, міністр фінансаў Вітар Гашпар, а таксама міністр замежных спраў Паўлу Порташ — у знак пратэсту супраць праграмы эканоміі. Гэта спавадавала палітычны крызіс у пірэнэйскай краіне. Калі прэм’ер-міністр Педра Пасуш Каэлью ўрэшце змог знайсці кампраміс паміж дзвюма партыямі кіруючай кааліцыі, а таксама прызначыў Паўлу Порташа віцэ-прэм’ерам, слова ўзяў прэзідэнт Анібал Кабаку Сілва.
“Чакалася, што спадар Каваку Сілва ўхваліць перастаноўкі ў кабінеце міністраў. Замест гэтага прэзідэнт заклікаў кіруючую кааліцыю і левацэнтрысцкіх сацыялістаў, галоўную апазіцыйную партыю, выпрацаваць “сярэднетэрміновае пагадненне”, каб забяспечыць кіруемасць краінай, устойлівасць дзяржзапазычанасці, кіруемасць знешнімі рахункамі”, — піша Financial Times.
Апазіцыйная Сацыялістычная партыя патрабуе правесці датэрміновыя выбары ўжо зараз. Але прэзідэнт адхіляе такую прапанову, якая можа нанесці “пагрозу палітычнай стабільнасці”. Аднак ён прапануе правесці датэрміновыя выбары… у наступным годзе (тэрмін дзеяння цяперашняга ўрада мінае ў 2015 годзе).
У дадзены момант Партугалію называюць галоўным ачагом даўгавога крызісу ў еўразоне, сцвярджае Deutsche Welle. І прыводзіць словы прафесара Вольфганга Геркэ:
“Гіганцкія аб’ёмы ліквіднасці, якія прадастаўляюцца Еўрапейскім цэнтральным банкам, і велізарная фінансавая дапамога проста адсунулі гэты крызіс на другі план. Але ён па-ранейшаму ў самым разгары”.
Паводле нямецкага выдання, на правядзенне перадвыбарнай кампаніі зараз і далейшае фарміраванне новага ўрада спатрэбілася б вельмі шмат часу, якога ў цяперашняй эканамічнай сітуацыі ў Партугаліі няма.
Калі ж эканоміка Партугаліі акажацца ў горшым стане, чым прагназавалася, памеры партугальскай дзяржпазыкі могуць вырасці да 140 % УВП, лічаць эксперты МВФ. Гэта значыць, што ў сярэдзіне наступнага года, калі скончыцца 3-гадовая шматмільярдная праграма дапамогі ЕС, Еўрапейскага цэнтрабанка і МВФ, Партугаліі адразу ж спатрэбіцца чарговая праграма дапамогі.
Але эканамічныя вынікі адсутнасці аднагалоснасці сярод партугальскіх палітыкаў мы можам бачыць ужо зараз, адзначае BBC:
“Улады Партугаліі звярнуліся да міжнародных крэдытораў з просьбай аб адтэрміноўцы выплаты па крэдытах з сярэдзіны ліпеня на канец жніўня”.
Паводле брытанскага выдання, сёлета эканоміка Партугаліі скароціцца на 2,3%.
Фота: Reuters / Hugo Correia