Збіраемся ў адпачынак: 10 парадаў, як правільна (і кампактна) скласці рэчы
Вакуумныя мяшкі, спрэі ад складак і іншыя штукі, пра якія вы не ведалі / Euroradio
У апошнія гады вы часцей думалі пра тое, як сабраць трывожны заплечнік, калі ў дзверы раптам пагрукаюць. Мы хочам, каб вы крыху перадыхнулі, — і адпраўляем вас у кароткі адпачынак. Лепш за ўсё — улегцы.
І вось некалькі рэкамендацый, як кампактна скласці заплечнік у дарогу (той заплечнік, дзе ў вас ляжаць шчотка і запасны камплект ніжняй бялізны, пакідаем дома).
1. Правіла нумар адзін — капсульны гардэроб. Усе прадметы адзення, якія вы бераце з сабой, павінны спалучацца адзін з адным. І тады вам хопіць толькі адной пары абутку і адной курткі.
З двух штаноў і трох кашуль, якія пасуюць адно да аднаго, можна скласці шэсць розных вобразаў.
2. Калі вы леціце самалётам, то самыя аб'ёмныя з гэтых рэчаў — грувасткі абутак і куртку — надзеньце на сябе. Калі прыедзеце ў аэрапорт, то пераканаецеся: усе астатнія пасажыры рэйса зрабілі гэтак жа.
А тут можна пачытаць, што пра гэта думаюць самі лоўкостары.
3. Набудзьце вакуумныя мяшкі і пакавальныя кубікі. Па-першае, хаос у заплечніку ці валізцы заўсёды займае больш месца, чым сістэма — з гэтым справяцца кубікі. А дзякуючы мяшкам вам не давядзецца вазіць з сабой "паветра". Купіць іх можна ў большасці анлайн-крамаў.
4. Скручвайце, а не складвайце. Так-так, у форме "трубачкі" ваша адзенне будзе запакаванае кампактней.
Што? Скамячыцца? Вазьміце з сабой "спрэй ад складак" — у Беларусі яго можна купіць прыкладна за 30 рублёў.
5. Нявадкія прадметы першай неабходнасці ўкладзіце ў абутак. Напрыклад, у туфлі выдатна змесціцца дэзадарант. Або шкарпэткі!
6. Ратуем вашу касметыку. Перш чым закруціць каўпачок любімага сродкі, наматайце на рыльца ёмістасці пару слаёў харчовай плёнкі. Зараз можаце спакойна ўкладваць бутэлечку ў багаж.
Дарэчы, ці так вам патрэбная з сабой уся ваша касметыка? Нам заўсёды здаецца, што ўсе гэтыя слоічкі зусім не вялікія, але разам яны займаюць плойму месца. Можа, хайлайтар, праймер і спрэй для фіксацыі лепш замяніць адным універсальным сродкам?
7. У вашым багажы не павінна быць ніякіх рэчаў "на ўсялякі выпадак". Па-першае, вы лёгка абыдзецеся без іх. Па-другое, усё можна купіць па прылёце/па прыездзе ў пункт прызначэння.
8. Пакладзіце ў заплечнік падроблены кашалёк. Сур'ёзна, вазьміце стары кашалёк і ўкладзіце туды трохі дробных грошай і крэдытку са скончаным тэрмінам дзеяння. Пакладзіце гэты фэйкавы кашалёк у самую лёгкадасяжную кішэнь заплечніка. Вялікая імавернасць, што, наткнуўшыся на такі кашалёк, злодзей перастане "капаць глыбей".
9. Калі вязеце з сабой ноўтбук або іншую тэхніку, "скараціце" драты з дапамогай гумак для валасоў.
10. Але ці так вам патрэбны ноўтбук? Калі хочаце весці дзённік ці пісаць доўгія лісты з паездкі, купіце блютуз-клавіятуру да свайго тэлефона.
Ну ўсё, добрай паездкі!
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.