Зборам подпісаў будуць займацца групы васьмі прэтэндэнтаў
Сярод іх — дзве жанчыны.
20 ліпеня Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў інцыятыўныя групы васьмі прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду. Гэта кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, лідар партыі левых "Справядлівы свет" Сяргей Калякін, старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч, лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, прадстаўніца кааліцыі "Народны рэферэндум" Таццяна Караткевіч, беспрацоўная Жанна Раманоўская, казачы вярхоўны атаман і лідар Беларускай патрыятычнай партыі Мікалай Улаховіч, эканаміст Віктар Цярэшчанка.
Ініцыятыўныя групы прэтэндэнтаў змогуць пачаць збор подпісаў у адзін дзень — 23 ліпеня.
ЦВК адмовіў у рэгістрацыі ініцыятыўных груп Аляксандра Канаўца (у яго не выкананы 10-гадовы цэнз аселасці з-за адбыцця крымінальнага пакарання ў Расіі), Мікалая Статкевіча, палітвязня (балатавацца ў прэзідэнты Беларусі ў адпаведнасці з Канстытуцыяй не можа асоба, якая мае судзімасць), Ірыны Першынай (у яе ініцыятыўнай групе менш неабходных 100 чалавек), Сяргея Заблоцкага (дакументы ён прыслаў па пошце, што з'яўляецца парушэннем, у іх няма іншых дадзеных, акрамя прозвішча, імя і імя па бацьку), Тамары Біруковай (у яе ініцыятыўнай групе таксама менш за 100 чалавек, акрамя таго, былі выяўлены недакладнасці ў дадзеных некаторых людзей), Аляксандра Юдаева (былі выяўлены недакладнасці ў спісах ініцыятыўнай групы), Віктара Талмачова (ён падаў дакументы толькі 20 ліпеня, хоць апошні дзень быў 17-га).
Фота: БЕЛТА