Здзейсніў суіцыд заснавальнік суполкі "Надакучыў нам гэты Лукашэнка"

Максім Чарняўскі / facebook.com
Здзейсніў суіцыд Максім Чарняўскі, заснавальнік суполкі "Надакучыў нам гэты Лукашэнка" пачатку 2010-х. Яму было 32 гады. Ён пайшоў з жыцця на фоне сямейных праблем.
Пасля першага няўдалага шлюбу Чарняўскі адчуў сябе жанчынай і збіраўся змяняць пол. Ён прайшоў псіхалагічныя тэсты, пачаў планаваць аперацыю, аднак перадумаў, бо сустрэўся з будучай другой жонкай. У пары нарадзіліся блізняты.
"Даруй, Божа. Я вельмі люблю маіх дачушак. Ружа і Ліля — вы маё шчасце і мой сэнс жыцця. Я без вас не магу. А яны забіраюць…, — напісаў Максім Чарняўскі ўвечары 14 сакавіка ў Facebook. — Прабачце мне. Я вельмі вас люблю і заўсёды буду любіць. Ваш тата. Будзьце крыху дабрэйшымі, калі ласка. Гэтаму свету так не хапае дабрыні…".
"Наша ніва" піша, што Чарняўскі — "хлопец цяжкага лёсу, якога спрабаваў завербаваць КДБ". Ён стаў вядомы ў 2011-м, калі апублікаваў перамовы з супрацоўнікам дзяржбяспекі, які яго, студэнта журфака БДУ, спрабаваў вербаваць. Максім Чарняўскі быў вымушаны з'ехаць з Беларусі, а ў Польшчы паступова адышоў ад журналістыкі і палітыкі. За мяжой перавучыўся на айцішніка, апошнім часам працаваў у польскай страхавой кампаніі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.