Жбанкоў пра эміграцыю беларусаў: “Незалежна ад геаграфіі, мы і ёсць краіна”
Праз рэпрэсіі ў Беларусі і масавую эміграцыю беларусаў культурнае поле ў краіне не стала выпаленым. Пра гэта ў эфіры Еўрарадыё расказаў культуролаг і блогер Максім Жбанкоў.
— Я думаю, што гэта абсалютна няпраўда, бо ёсць незалежнае кіно, неверагодная колькасць новых музычных праектаў. Я бачу, як шмат хто проста спрабуе з музыкаў ліхаманкава намацаць нейкія новыя коды для новай рэчаіснасці. Гэта пошук — гэта неверагодна прыгожая штука. Бачу, што зараз адбываецца ў літаратуры, якая моцная крытычная маса складаецца ў коле беларускіх аўтараў. Гляньце, як зараз працуе Бахарэвіч і шмат хто яшчэ. Культура — яна як тая “Пагоня”: яе не спыніць, не стрымаць. Нельга забараніць быць таленавiтым. Нельга забараніць, каб табе балела, калі баліць.
Як эміграцыя ўплывае на фармаванне нацыі?
— Мне цяжка гаварыць за ўсіх дзеячоў культуры, якія застаюцца ў краіне ці па-за яе межамі. Але ў любым выпадку мне падаецца, што зараз у нас няма ніякіх правадыроў. Тая моц, з якой мы ўсе спрабуем вырашаць, якім быць і дзе быць у гэтай сітуацыі. Тое, што ў нас часам атрымліваецца быць крэатыўнымі і эфектыўнымі. Гэта школа трываласці, школа мужнасці. Бо так загартоўваецца сталь, так загартоўваецца нацыя. У сітуацыі нашай вымушанай мабільнасці, новай хвалі эміграцыі і падзелу на тых, хто з’ехаў, а хто не, — важна зразумець, што гэты геаграфічны падзел не мусіць выклікаць падзелу ментальнага. Незалежна ад геаграфіі, мы і ёсць краіна. Краіна — гэта не геаграфія, гэта тая культурная традыцыя, ад якой нам не пазбавіцца, дзе б мы ні былі.
Культуролаг дадае, што не бачыць праблемы ў раз’яднанні беларусаў: тых, хто з’ехаў, з тымі, хто застаўся ў краіне:
— Наколькі я ведаю, шмат хто з культурных дзеячоў, хто засталіся ў Беларусі, працягваюць працаваць. Тое, што некаторыя не ў Беларусі, не адмаўляе іх беларускасці. Гэта бэд ньюз для дзяржавы, бо тое, калі яны спрабавалі выкінуць з Беларусі “небяспечныя элементы”, аказалася беларускай экспансіяй, бо зараз мы паўсюль. Рэчаў, якія нас аб’ядноўваюць, значна больш ад тых, што раз’ядноўваюць.
На думку Жбанкова, самы час адыходзіць ад эмоцый і пачаць крэатывіць. Гэта — найлепшы лек ад песімізму.
— Мы, вядома, усе хворыя. Гэта я кажу не як абразу, а як канстатацыю факта. З аднаго боку, гэта сітуацыя вельмі моцнага супраціву, калі фактычна большасць нацыі ведае, каго яна і чаго яна не хоча. І ў сітуацыі, калі не ведаеш, што трэба рабіць, градус нязгоды, безумоўна, высокі. Іншая справа, ці хопіць гэтага, каб існаваць далей. Эмоцыі хістаюцца з аднаго боку ў іншы. І калі мы гаворым пра наша народнае паўстанне, то відавочна, што яно пачыналася з чыстых эмоцый. І таксама вядома, што на шчырых эмоцыях не перамагаюць. Праз эмоцыі трэба пераходзіць, каб потым працаваць тэхнічна. Тады паўстае зусім іншая гісторыя: няма часу на роспач і адчай. Няма хуткараспушчальнага песімізму.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.