Жонка Эдуарда, які парэзаў яе і дзяцей: Не разумею, што з ім адбылося

“Я ў бальніцы, сама дзяцей не бачыла. Ведаю, што яны таксама ў бальніцы. Але як мне расказвае бабуля, ужо ўсё ў прынцыпе нармальна”, — кажа Еўрарадыё Вольга Ш., жонка таго самага Эдуарда, які парэзаў нажом яе і дзяцей, а потым выехаў на вуліцу Гая ў Мінску і ўчыніў аварыю, падчас якой загінулі людзі.

Еўрарадыё: Ёсць здагадкі, што ваш муж мог спажываць псіхатропы. Ці праўда гэта?

“Я, калі шчыра, не ведаю. Ніколі нічога такога не здаралася. А што дакладна адбылося, я не разумею. Спачатку ўсё здарылася ў доме, а што было далей — я не бачыла. Мне пра гэта ўжо расказалі”, — Вольга спрабуе быць ветлівай, але відавочна, што жанчыне вельмі цяжка размаўляць і аналізаваць сітуацыю.

Еўрарадыё: Ці магло тое, што здарылася, быць звязана з сектай, якую Эдуард нібыта наведваў?

Вольга Ш.: “Вельмі шмат пытанняў. Але такога я не назірала, мне ён нічога не казаў. Я пра гэта не ведаю”.

Нагадаем, што ў суботу, 8 лістапада, мужчына парэзаў нажом жонку і малых сына і дачку. А потым выйшаў у майцы і трусах на двор, сеў у “Аўдзі” бізнес-класа і на шалёнай для горада хуткасці пратараніў старэнькую “Аўдзі-100”, у якой загінулі пара сярэдняга ўзросту і сабака. У выніку гэтага сутыкнення былі ўшчэнт разбітыя яшчэ некалькі машын.

Сам падазраваны Эдуард Ш. цэлым выйшаў з машыны і далей пашыбаваў па вуліцы Гая. У хуткім часе яго затрымалі. Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па артыкулах “Замах на забойства” і “Парушэнне ПДР, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць дзвюх асобаў”.

Пакуль вядзецца следства, грамадства высоўвае свае версіі наконт прычынаў здарэння. Нехта ківае на магчымае псіхічнае расстройства, нехта — на спажыванне дызайнерскіх наркотыкаў, нехта — на міфічную секту, якую апошнім часам нібыта наведваў падазраваны. Але, як папярэдне мяркуюць следчыя, відавочных матываў увязвацца ў такія злачынствы ў Эдуарда Ш. не было. Алкаголю і наркотыкаў у яго крыві не выявілі, хоць тэарэтычна вызначыць некаторыя спайсы і міксы новага пакалення нельга ўжо праз кароткі час пасля прыёму. Як бы там ні было, следства прызначыла падазраванаму комплексную псіхалагічна-псіхіятрычную экспертызу.

У гэтай трагедыі не можа не абураць адзін нюанс. Чаму міліцыя своечасова не спыніла Эдуарда Ш.? Тым больш што ў чацвер, 6 лістапада, мужчына навёў шораху ў дзіцячым садку па вуліцы Карастаянавай, які наведвае яго сын. Ходзяць чуткі, што Эдуард нечакана прадэманстраваў дзецям і бацькам нож.

“Ніхто нажом не размахваў”, — адбіваецца ад Еўрарадыё загадчыца садка Ала Прохарчык.

Еўрарадыё: То бок гэтага не было?

Ала Прохарчык: “Не было, нажом не размахваў”.

Еўрарадыё: А міліцыю выклікалі ў садок?

Ала Прохарчык: “Міліцыю выклікалі, так. Усё, нічога больш казаць не буду”.

Вядома, што праваахоўнікі наведваліся і на 5-ы Смаргоўскі завулак, дзе Эдуард разам з жонкай і двума дзецьмі здымалі частку прыватнага дома. Але даволі кволая з выгляду драўляная брама стала для людзей у пагонах праблемай.

“Калі б яны хацелі ўвайсці, то ўвайшлі б. Значыцца, так хацелі ўвайсці”, — апісвае паводзіны міліцыянераў яшчэ адна жыхарка дома.

Еўрарадыё: А ў чым рэч? Іх не пусцілі ці што?

“Яны вось так пастаялі каля плота, як вы, і сышлі. Таму ўсе пытанні да іх”, — крытыкуе людзей у пагонах жанчына.

Магчыма, калі б міліцыя своечасова адрэагавала на сігнал з дзіцячага садка, то не было б крыху больш чым праз суткі двух трупаў, пакамечаных машын і парэзаных дзяцей, якіх ледзьве ўратавалі. Але гутарка вялася пра дырэктара кампаніі, а не пра якога-небудзь апазіцыянера, які дзесьці памахаў сцягам. У адваротным выпадку ў катэдж, зразумела, зайшлі б.

Таму цікавімся ў ГУУС Мінгарвыканкама, ці праводзіцца нейкае следства што да магчымай халатнасці міліцыянераў з Цэнтральнага РУУС Мінска. 

“У сапраўдны момант усе каментары магчымыя толькі ад Следчага камітэта. Пракаментаваць нешта я пакуль што не маю права”, — так адказвае на пытанне начальнік прэс-службы ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі.

У цэнтральным апараце Следчага камітэта Беларусі Еўрарадыё тлумачаць, што абвінавачваць міліцыю ў некампетэнтнасці рана.  

“Трэба разабрацца ва ўсім, што адбывалася, усё праверыць. Безумоўна, будзе ўлічвацца і тое, ці можна было пазбегнуць трагедыі, — кажа начальнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў Сяргей Кабаковіч. — Рана казаць, ці былі парушэнні з боку міліцыянераў. Трэба даць следчым папрацаваць. Уяўляеце, колькі людзей пацярпела і колькі машын пашкоджана! Неабходна сфармаваць усе рэчавыя доказы, расставіць усе кропкі, правесці экспертызы…”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі