Жыхары двух пад'ездаў гродзенскага дома ледзь не сталі ахвярамі чаднага газу

Жыхары двух пад'ездаў гродзенскага дома ледзь не сталі ахвярамі чаднага газу

Жыхары шматкватэрнага дома ў цэнтры Гродна паскардзіліся ў пракуратуру. Яны спрабуюць высветліць, чаму амаль ва ўсіх кватэрах іх дома не працавала сістэма выцяжкі. У выніку гэтага у жылых памяшканнях пачаў збірацца чадны газ. На думку жыхароў, калі б не своечасовы прыезд газавай аварыйнай службы, маглі б угарэць два пад'езды, піша sputnik.by.

Здарэнне адбылося ў выхадны дзень 16 красавіка — панядзелак перад Радаўніцай. Жыхары кажуць, што на двор нечакана прыехалі некалькі машын службы 104. Спецыялісты пачалі абследаваць кватэры, вымяраць узровень чаднага газу і выявілі яго амаль ва ўсіх кватэрах. У гэты ж дзень тэрмінова былі адключаныя калонкі і пліты ў доме.

Суседзі кажуць, што першым трывогу забіў мужчына з першага пад'езда. Напярэдадні ён некалькі дзён запар дрэнна пачуваўся: у яго было галавакружэнне і слабасць — першыя прыкметы атручвання чадным газам.

Газавая служба мяркуе, што чадны газ назапашваўся ў кватэрах з-за няспраўных дымавых каналаў. Пры замерах прыборы паказвалі, што цягі ў выцяжцы няма зусім або ёсць зваротная цяга, пры якой газ вяртаўся ў кватэру.

Сачыць за тэхнічным станам ўсіх інжынерных збудаванняў у доме мусіць гродзенскі ЖЭС №6. Па словах жыхароў, галоўны інжынер у той жа дзень прыходзіла па запрашэнні газавікоў. Яна не затрымалася ў доме надоўга. Прадстаўніца ЖЭСа не паказала газавікам акты абследавання комінаў і венткамераў, а потым і зусім пайшла — сказала, што ў яе выходны, а аплачваць за пазаўрочную працу ёй ніхто не будзе.

Паводле правілаў, абследаванне комінаў павінна рабіцца раз у тры месяцы. У той жа дзень адзін з жыхароў пачаў самастойна чысціць комін і дастаў адтуль больш за два вядры смецця — амаль 40 кілаграмаў.

Цяпер па скарзе жыхароў праверкай сітуацыі займаецца аддзел барацьбы з эканамічнымі злачынствамі Кастрычніцкага раёна Гродна.

Падключаць газ і газавыя калонкі ў доме пачалі толькі праз тыдзень. Некаторыя без газу і гарачай вады жылі больш за два тыдні.

Дарэчы, два гады таму ў Барысаве ў кватэры шматпавярховага жылога дома ад чаднага газу загінулі чацвёра дарослых і двое дзяцей — 10 і 17 гадоў. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі