Жыхарцы Пінска на пахаванні мужа ўручылі фальшывыя долары

Фальшывыя долары / t.me/krepostfortuvd/
У Пінску ў аддзяленні банка затрымалі 41-гадовую жанчыну. Яна хацела размяняць 100-доларавую купюру. Аднак у касіркі ўзніклі падазрэнні, што яна падробленая. Таму выклікалі міліцыю.
Жанчына патлумачыла паходжанне купюры. Нядаўна ў аўтааварыі загінуў яе муж. Падчас пахавання хтосьці з гасцей даў ёй гэтыя 100 долараў "у якасці матэрыяльнай дапамогі". А хто менавіта ўручыў грошы, яна не памятае — спасылаецца на стан моцнага стрэсу.
Тое, што долары фальшывыя, пацвердзіла экспертыза. Купюра вельмі падобная на сапраўдную, таму жыхарка Пінска, ідучы ў банк, не падазравала, што ў яе фальшыўка.
У міліцыі кажуць, што большая частка падробленых грошай у РБ паступае з Расіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.