Змагары з курэннем vs "Табакеркі": як прыбраць тытунёвы кіёск ад свайго дома?
euroradio.fm
Дзясяткі кіёскаў "Табакерка" акупуюць Мінск. Сталічныя змагары з курэннем абураюцца: называюць гэта схаванай рэкламай тытуню, падазраюць, што мае месца парушэнне антыманапольнага заканадаўства (дазвол на ўстаноўку кіёскаў атрымаў толькі адзін бізнесмен — Аляксей Алексін і яго кампанія "Энерго-Оил") і патрабуюць правесці лакальныя рэферэндумы — спытаць у мясцовых жыхароў, ці хочуць яны, каб пункты з тытунёвай прадукцыяй размяшчаліся паблізу іх дамоў. Галоўнае патрабаванне — прыбраць ужо пастаўленыя "Табакеркі". Актывісты збіраюць подпісы пад пэтыцыяй, якую пазней адправяць у Мінгарвыканкам і МАРГ.
Таксама людзі звяртаюць увагу, што некаторыя "Табакеркі" з'яўляюцца паблізу школ і паліклінік. Еўрарадыё знайшло такія і ў Мінску. Гэтае пытанне яшчэ ў траўні ўздымаў у Палаце прадстаўнікоў дэпутат з Салігорска Андрэй Рыбак, і аказалася, што такое размяшчэнне кіёскаў нічога не парушае. Але Андрэй Анатолевіч расказвае Еўрарадыё, што за мінулы час змог знайсці кампраміс з мясцовымі ўладамі і "адсунуць" тытунёвыя кіёскі ад навучальных устаноў:
"У Салігорску мы дамагліся таго, каб "Табакеркі" прыбралі з гэтых мясцін. Дзесьці іх памянялі, дзесьці іх ўваткнулі ў іншым месцы. Дакладна не магу сказаць, колькі прыбралі і дзе. Але, напрыклад, прыбралі ў маім раёне, прыбралі з цэнтральных вуліц".
Што дазволена дэпутату, павінна быць дазволена і нам, простым смяротным. Мы вырашылі на прыкладзе Салігорска разабрацца, ці ёсць законны спосабы пазбавіцца ад "Табакеркі", калі, на вашу думку, яна стаіць там, дзе ёй стаяць не трэба.
У Салігорскім райвыканкаме спрабуем высветліць, куды звяртацца, каб прыбраць "Табакерку". Начальніца аддзела гандлю Людміла Аксеннік нечакана адказвае: ні адзін тытунёвы кіёск у горадзе яшчэ не пастаўлены:
"Цяпер пакуль што фарміруюцца месцы, дзе яны будуць размешчаны для далейшай працы. Месцы ў асноўным на ўскраінах горада. Але, вядома, мы прасочваем, каб гэта было не ў цэнтры, не каля бальніц, не каля ўстаноў адукацыі".
Тады з якімі "Табакеркамі" ваяваў дэпутат Рыбак? Чыноўніца мяркуе, што гэта кіёскі, якія кампанія "Энерго-Оил" брала ў арэнду. Інакш кажучы, перарабляла пад свае патрэбы ўжо гатовыя пункты.
Уявім, што я — жыхар Салігорска, які не хоча, каб побач з яго домам стаяла "Табакерка". Што мне рабіць? Лайфхака ад Людмілы Аксеннік не атрымліваем: "Гэта не ў маёй кампетэнцыі".
Усе новыя тытунёвыя кіёскі (а іх у Салігорску плануецца паставіць 15) будуць размяшчацца згодна з заканадаўствам, запэўнівае чыноўніца. Аднак назваць мінімальную адлегласць, на якой "Табакеркі" павінны размяшчацца ад бальніц і ўстаноў адукацыі, ёй цяжка: "Ну, я вам не скажу вось так адразу. Мне трэба закон падымаць..."
Тым часам у тым самым Дэкрэце № 2 Аляксандра Лукашэнкі пералічаныя месцы, дзе нельга гандляваць тытунёвымі вырабамі (установы адукацыі, аховы здароўя, спартовыя аб'екты і г. д.), Аднак нічога не сказана пра адлегласць, на якой тытунёвыя кіёскі павінны размяшчацца ад такіх месцаў. Фармальна "Табакерку" можна ўваткнуць за метр ад агароджы дзіцячага садка — закон не забараняе.
Хто вырашае, дзе "Табакерцы" быць, а дзе не?
"Пэўны метраж я вам не скажу, таму што мы не замяралі. Але стараліся размясціць максімальна аддалена, каб не стаялі насупраць, паблізу гэтых аб'ектаў [дзе нельга гандляваць тытунёвымі вырабамі. — Еўрарадыё], каб былі перашкоды ў выглядзе гандлёвых аб'ектаў, жылых дамоў. — расказвае Еўрарадыё галоўны архітэктар Светлагорскага раёна Аляксандра Казьміна. — Паліклінікі, школы размяшчаюцца на аддаленні ад дарог, а вось "Табакеркі", наадварот, знаходзяцца ўздоўж праезных частак".
Галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры і будаўніцтва прызнаецца, што для такога маленькага горада, як Светлагорск, было складана знайсці прыдатныя месцы для "Табакерак".
"Але ў любым выпадку мы не размяшчалі па спісе толькі там, дзе хацеў заяўнік. Размяшчалі ўсё-ткі зыходзячы з патрэб горада, каб было прымальна, эстэтычна... Зразумела, што зусім іх не паставіць, на жаль, не атрымалася. Але [ставілі] так, каб гэта максімальна ўпісвалася ў гарадское асяроддзе".
Пад петыцыяй супраць "Табакерак" у Мінску ўжо падпісаліся больш за 5 тысяч чалавек. Што думаюць наконт гэтага ў кампаніі "Энерго-Оил"? На жаль, дырэктар кампаніі Дзмітрый Паўловіч адмовіўся пагаварыць з Еўрарадыё на гэтую тэму: "Мы не каментуем гэта. Такая наша пазіцыя".
Дык як жа пазбавіцца ад "Табакеркі" каля свайго дома? Стапрацэнтнага рэцэпта няма, але:
1. Калі кіёск ужо пастаўлены, запішыцеся на прыём да свайго дэпутата і выкладзіце яму праблему. Магчыма, ён будзе такім самым неабыякавым, як Андрэй Рыбак з Салігорска, і пралабіруе перанос "Табакеркі" ў мясцовым выканкаме.
2. Звярніцеся ў аддзел архітэктуры і будаўніцтва мясцовага выканкама. Менавіта гэтыя людзі займаюцца ўзгадненнем размяшчэння "Табакерак" — і яны не ворагі грамадзянам, якія хочуць перанесці кіёск з люднага месца або з маршруту, па якім у школу і са школы ходзяць дзеці.
***
У 2017 годзе беларускія ўлады даверылі кампаніі "Энерго-Оил" Аляксея Алексіна стварэнне адзінай тавараправоднай сеткі па продажы тытунёвай прадукцыі як на ўнутраным, так і на знешнім рынку. Планавалася, што дзякуючы інвестыцыям бізнесмена будуць павялічаны магутнасці Гродзенскай тытунёвай фабрыкі. Ва ўрадзе гэта тлумачылі тым, што за мяжой узрастае попыт на тытунёвую прадукцыю беларускай вытворчасці.