Змены ў “чорным спісе” не звязаныя з блізкім самітам Усходняга Партнёрства

Качыянчыч распавяла, што абмежаванні, якія Еўрасаюз усталяваў для беларускіх чыноўнікаў і прадпрыемстваў, пераглядаюцца штогод.



“Гэта запланаваная працэдура — парадак, які мы ўсталявалі, і мы мусім яго прытрымлівацца. Віленскі саміт Усходняга Партнёрства не мае да гэтага дачынення. Але вось учора (29 кастрычніка. — Еўрарадыё) Савет вырашыў падоўжыць санкцыі на адзін год, да кастрычніка 2014 года. Гэта адбылося таму, што ніхто з палітвязняў не быў вызвалены, і ніхто з тых, хто выйшаў на свабоду па заканчэнні тэрміну, не быў рэабілітаваны. І сітуацыя з павагай да правоў чалавека, вяршэнствам закона і дэмакратычнымі прынцыпамі за год, што прайшоў, у Беларусі не палепшылася”, — каментуе для Еўрарадыё Мая Качыянчыч.



Нагадаем, 30 кастрычніка стала вядома, што Еўрасаюз выкрасліў з “чорнага спісу” беларускіх чыноўнікаў 13 прозвішчаў і дадаў тры новыя. Таксама з-пад санкцыяў ЕС вызваленыя 5 беларускіх прадпрыемстваў.



Саміт Усходняга Партнёрства пройдзе ў Вільні 28-29 лістапада. Беларусь атрымала на яго запрашэнне, у якім не пазначана прозвішча таго, хто мусіць прадстаўляць нашую краіну. Тэарэтычна, на саміт у Вільню можа паехаць Аляксандр Лукашэнка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі