Затрымлівалі паэта і барда Анатоля Кудласевіча, яго кватэра разгромлена
Затрымлівалі паэта, празаіка і барда Анатоля Кудласевіча, яго кватэра ў Мінску разгромлена. Жонка прыйшла з працы 29 верасня і ўбачыла, што дома пагром, піша "Наша ніва".
"...Рэчы раскіданыя па падлозе. Раскіданае абсалютна ўсё, нават нейкія крупы і спецыі, — расказвае сын Кудласевіча Мікалай. — Няма бацькі, няма двух ноўтбукаў, мабільніка, бацькавых таблетак ад ціску, некаторых асабістых рэчаў. Пры гэтым каштоўнасці не кранутыя".
Калі сын пачаў шукаць бацьку і звярнуўся ў міліцыю, дзяжурны сказаў, што ў тым раёне "працуе ГУБАЗ".
Анатоль Кудласевіч мае актыўную грамадзянскую пазіцыю, пісаў свае думкі ў Facebook. А летась ён быў у камандзе Сяргея Ціханоўскага, удзельнічаў у паездках па Беларусі.
Пазней стала вядома, што ён затрыманы, яго аштрафавалі на 2900 рублёў за БЧБ-сцяг на акне (суд Фрунзенскага раёна, суддзя — Ала Скуратовіч). Да суда бард быў на Акрэсціна.
Кудласевіч мае інваліднасць 2-й групы — у яго выдаленае адно лёгкае праз анкалогію.
У 2020-м Анатоль Кудласевіч правёў 10 сутак за кратамі, а вясной сёлета ў яго кватэры прайшоў ператрус у сувязі са справай Мікалая Аўтуховіча.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.