Зноў больш за 500 спробаў незаконна перайсці мяжу спынілі польскія памежнікі
У кастрычніку на беларуска-польскай мяжы былі затрыманыя 159 нелегальных мігрантаў / twitter.com/Straz_Graniczna
Больш за 500 спробаў перайсці мяжу па-за пунктамі пропуску зафіксавалі за суткі польскія памежнікі. Нагадаем, у сераду быў усталяваны чарговы рэкорд — 667 разоў мігранты спрабавалі парушыць мяжу. У чацвер такіх спробаў было 523.
"Затрыманыя 35 нелегалаў, усе яны з Ірака. Астатнія спробы былі спыненыя", — расказалі ў органах памежнай службы Польшчы.
Усяго з пачатку месяца на беларуска-польскай мяжы былі затрыманыя ўжо 159 нелегальных мігрантаў. Большасць з іх —138 чалавек — іракскія грамадзяне.
Днямі з'явілася інфармацыя, што Мінск пачаў скарачаць патокі патэнцыйных мігрантаў. Паводле звестак польскіх спецслужбаў, МЗС Беларусі прыпыніла выдачу віз грамадзянам з краін Афрыкі і Блізкага Усходу. Адначасова з'явілася інфармацыя, што Еўрасаюз пачаў перамовы з рознымі дзяржавамі пра мігрантаў, якія ідуць праз Беларусь у ЕС — з тым, каб перакрыць гэтыя патокі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.