З'явілася відэа вызвалення закладніцы ў Заслаўі

З'явілася відэа вызвалення закладніцы ў Заслаўі

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі апублікавала відэа вызвалення закладніцы ў адзяленні банку ў Заслаўі. Здарэнне адбылося 18 ліпеня. 47-гадовы (па іншых звестках — 46-гадовы) мужчына ўзяў у закладніцы 23-гадовую жанчыну, ён быў узброены нажом. У 13:55 спрацавала трывожная сігналізацыя — у памяшканні банку нехта націснуў кнопку. На месца выехаў нарад групы затрымання. А калі стала вядома пра закладніцу, з Мінска выехалі байцы спецпадраздзялення МУС "Алмаз".

Праваахоўнікі праводзілі са зламыснікам перамовы больш за дзве гадзіны. Пасля міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч, які кіраваў аперацыяй па вызваленні закладніцы, паведаміў, што мужчына паводзіў сябе неадэкватна, агрэсіўна, адмаўляўся скласці зброю і адпусціць закладніцу, пагражаў ёй. У выніку было прынятае рашэнне правесці штурм. Па словах Шуневіча, немалое значэнне меў той факт, што, па папярэдняй інфармацыі, жанчына была цяжарная. Падчас штурму мужчына быў забіты, а закладніца вызвалена, з ёй працавалі медыкі і псіхолагі.

На відэа відаць, як байцы "Алмаза" ўвайшлі ў будынак, але няма моманту, калі мужчына быў застрэлены. Верагодна, яго цяжка паранілі і былі спробы правесці рэанімацыю.

Партал tut.by паведамляе са спасылкай на некалькіх жыхароў Заслаўя, што мужчына быў бацькам жанчыны. Яны, нібыта, прыйшлі ўзяць у банку крэдыт, а ім адмовілі. Пасля гэтага і здарыўся "захоп закладніцы". Праваахоўнікі пацвердзілі, што мужчына і жанчына былі сваякамі, бацькам і дачкой. Пакуль невядома, якія былі патрабаванні ў захопніка. Следчы камітэт толькі адзначае, што яны былі "розныя".

Афіцыйныя каментары з'явяцца пазней, ідзе расследаванне. Крымінальную справу распачалі па артыкуле "Захоп закладніка".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі