50 тысяч чалавек за 2 гады паглядзелі ў кінатэатрах фільмы па-беларуску
За два гады, якія існуе праект “Беларускія ўікэнды”, паглядзець на фільмы ў беларускай агучцы ў кінатэатры прыйшло 50 тысяч чалавек. Гледачам паказвалі стужкі “Мой сябра жырафа”, “Неварагодны містэр Фокс”, “Шторм” і іншыя.
Па словах кіраўніка “Беларускіх уікэндаў” Андрэя Кіма, лічба ў 50 тысяч — добры паказчык для стартапа.
“Гэтая вялікая лічба, вядома, — распавядае Еўрарадыё Андрэй Кім. — Мы вельмі радыя дасягнуць яе, 50 тысяч чалавек — гэта цэлы беларускі горад. Мы першыя ў кінатэатральным дубляжы, хто агучвае фільмы па-беларуску. Напрыклад, на гэтым тыдні “Неверагодны містэр Фокс” увайшоў у топ-5 мінскага кінапракату па наведвальнасці, улічваючы, што ў яго былі толькі тры паказы. Некаторыя нашы фільмы (нават калі тры паказы) збіраюць больш грошай, чым іншыя фільмы па-руску, у якіх дзясяткі паказаў”.
Кім дадае, што з кожным годам цікавасць да фільмаў у беларускай агучцы ў аўдыторыі ўзрастае. Кінатэатры ўлічваюць гэта пры адборы фільмаў для пракату. Напрыклад, стужку “Мой сябра жырафа” у 2018 годзе ўзялі 15 кінатэатраў.
З 7 снежня па 13 студзеня праект “Беларускія ўікэнды” прапануюць гледачам новыя фільмы на роднай мове. У кінатэатрах “Масква” і Velcom cinema пакажуць знакаміты баявік “Цвёрды арэшак”, дзіцячую камедыю “Адзін дома” і амерыканскую кінакласіку “Гэта выдатнае жыццё”.
Больш важных і цікавых навінаў у праграме "Еўразум" за 29.11