8, 9 і 10 сакавіка адмененыя паказы "Зялёнай кнігі" ў беларускай агучцы
Кадр з фільма "Зялёная кніга"
У твітары мінскай сеткі кінатэатраў Silver Screen з'явілася інфармацыя пра перанос сеансаў фільма "Зялёная кніга" ў беларускай агучцы. Лепшы фільм сёлетняга "Оскара", прадубляваны па-беларуску і з субтытрамі на рускай мове, павінны былі паказваць з 8 сакавіка. Але і сённяшні паказ, і сеансы ў бліжэйшыя два дні апынуліся адмененыя.
У Silver Screen гэта тлумачаць тэхнічнымі прычынамі:
Срочно
— Silver Screen cinemas (@silverscreencm) March 8, 2019
Друзья, "Зялёную кнiгу" на белорусском языке перенесли на 11 марта!
Сеансы 8, 9 и 10 числа отменены по техническим причинам во всем Минске
Кто уже купил билеты на эти даты: вернем деньги. Также вы можете обменять билеты на русскоязычную версию фильма.
Бліжэйшы сеанс, на які можна набыць білет, адбудзецца 11 сакавіка а 21-й. З 14 сакавіка "Зялёную кнігу" ў беларускай агучцы пачнуць паказваць у мінскім кінатэатры "Ракета".
Фільм Пітэра Фарэлі "Зялёная кніга" атрымаў прэміі "Оскар" за "Лепшы фільм", "Лепшую мужчынскую ролю другога плана" і "Лепшы арыгінальны сцэнар". Пасля гэтага на "Беларусьфільме" вырашылі пераагучыць стужку па-беларуску. Гэта было зроблена ў рэкордна кароткі тэрмін — за чатыры працоўныя змены (адна змена — 13 гадзін бесперапыннага запісу).
Кіроўцу Тоні "Балбатуна" Валялонгу, якога сыграў Вiга Мортансан, агучыў акцёр мінскага ТЮГа Ігар Сідорчык. Голасам піяніста Дона Шырлі ў выкананні Махершалы Алі стаў акцёр і рэжысёр беларускага тэлебачання Алег Вінярскі. Жонку кіроўцы агучыла акторка мінскага ТЮГа Людміла Асмалоўская.