Абітурыенты дадатковага набору маюць па 390 балаў!

28 ліпеня беларускія ВНУ закончылі прыём дакументаў на дадатковы набор. Мінадукацыі аб’явіла дадатковы набор на шэраг педагагічных, сельскагаспадарчых, тэхнічных ды ваенных спецыяльнасцяў. Паступіць на ваенныя і сельгасспецыяльнасці абітурыенту тэарэтычна можна было, маючы за тры тэставанні ўсяго 9 балаў, па тры на кожны тэст.

Еўрарадыё ўжо паведамляла, што на многія спецыяльнасці дадатковага набору прахадныя балы былі вышэйшымі, чым падчас асноўнага прыёму. І гэтая тэндэнцыя захавалася.

У Брэсцкім педагагічным універсітэце конкурс на дадатковы прыём — 2,6  чалавека на месца! У асноўны набор конкурс быў меншы. Дарэчы, тут дадатковаму набору ўзрадаваліся.

“У нас была дзяўчынка, што захварэла ў дзень экзамену па матэматыцы, здала яго ўсяго на 8 балаў. А па астатніх прадметы вельмі высокія балы. Без слёз на такіх дзяцей немагчыма глядзець”, — кажа адказны сакратар прыёмнай камісіі Святлана Ткач.

Маніторынг прыёму дакументаў на дадатковы набор у гэты ўніверсітэт шакуе! На спецыяльнасць “Інфарматыка і фізіка” падалося два абітурыенты, у якіх 390-399 балаў!

“Гэта медалісты, яны нават не абавязаныя былі падаваць нам сертыфікаты і праходзяць без экзаменаў. Адзін закончыў школу, другі — каледж. Мы прагназавалі такую сітуацыю. Хутчэй за ўсё яны з тым наборам сертыфікатаў не прайшлі на жаданыя спецыяльнасці і таму пайшлі да нас”, — кажуць у прыёмнай камісіі.

Такая ж сітуацыя і ў сталічным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка. Тут на дадатковы набор падавалася адразу тры медалісты, адзін з іх выбраў спецыяльнасць “Пачатковая адукацыя”. Цікава і тое, што ўсе залічаныя ў мінскі педуніверсітэт маюць сярэдні бал атэстата ад 6,8 да 10 балаў. Выдатнікі!

У іншых ВНУ такіх высокіх балаў няма, хоць абітурыенты дадатковага набору могуць паспрачацца ў балах з абітурыентамі асноўнага.

У Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце 89 вольных бюджэтных месцаў.

“Болей за 1 чалавек было дзесьці, — кажа пра конкурс адказны сакратар прыёмнай камісіі Віталь Петухоў. Былі дзеці, якім не пашчасціла здаць адзін экзамен пры двух здадзеных добра. — У нас хлопец паступаў, у якога 6 па рускай мове, а па матэматыцы і фізіцы даволі высокія балы. Прыемны, талковы хлопец. Магчыма, і сапраўды не гуманітарый”.

У таго самага абітурыента Дзмітрыя Гузоўскага цікавімся, які агульны бал па тэстах. Хлопец саромеецца называць балы і кажа, што падвяла руская мова. Агулам мае болей за 170 балаў! Але руская мова…

“Матэматыку і фізіку і ў школе ведаў сярэдненька, на 6-7 балаў, рускую мову ведаў на 6. Так атрымалася здаць. А фізіку і матэматыку здаў без рэпетытараў. З дзяцінства цікавіўся”,  — Дзмітрый дадатковаму набору ўзрадаваўся — гэта шанец паступіць на бюджэт.

Цікава, што на дадатковы набор па многіх спецыяльнасцях балы аказваюцца большымі, чым у асноўны набор. А абітурыенты часта падавалі дакументы з агульным балам 170-250 за чатыры экзамены.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі