“Абрыдла вайна, хачу прыемнае нешта зрабіць — вось, беларускую мову вучу"
Навошта пачаў на фронце вучыць беларускую мову, ці верыць абяцанням Лукашэнкі і як на артылерыйскіх лафетах гадавалі свіней, распавядае Юрко Друзь.
Цалкам размову можна паслухаць:
Даведка Еўрарадыё: Юрко Друзь — лекар і зараджаючы 128 асобай горна-пяхотнай брыгады Узброеных сіл Украіны, добраахвотнік, у войску з 31 ліпеня 2014 года.
Еўрарадыё: Ты прасіў спытацца ў кіраўніка Беларусі, ці гарантуе ён, што расійскія ваенныя не зойдуць ва Украіну з тэрыторыі Беларусі. Ён прасіў перадаць, што гарантуе, такога не будзе. Верыш гэтаму абяцанню?
Юрко Друзь: Хутчэй за ўсё, веру. Не на 100%, але на 90% веру. Ведаеш, калі такое ўсё ж здарыцца, то гэта так ўскалыхне ўкраінцаў, што будзе вельмі рэзкі рывок наперад і перамога яшчэ хутчэй будзе за намі, калі і з таго боку яшчэ ўдараць. Але, як мне падаецца, гэта ўсё ж мала верагодна.
Еўрарадыё: Апроч таго, Лукашэнка заявіў, што, маўляў, украінскія ўлады не хочуць, каб канфлікт на Данбасе скончыўся, калі б была такая магчымасць, ужо заўтра…
Юрко Друзь: Тут ён на 100 адсоткаў мае рацыю — ён проста пратроліў усю нашу ўладу. Ім сапраўды не выгадна, каб гэта ўсё скончылася, бо ім насамрэч вельмі выгадная вайна — ёсць магчымасць зарабляць і адмываць грошы праз салярку і ўсё астатняе. Праз кантрабанду эшалонамі. Ім патрэбная гэтая вайна. Яны не толькі зарабляюць шалёныя грошы, але і знішчаюць актыўных людзей, якія тут ваююць. Заканчваць гэтую вайну сапраўды трэба, але пытанне ў межах — дзе яе заканчваць? Парашэнка кажа пра “лінію размежавання”, на якой цяпер стаяць ваенныя, а патрыятычныя грамадзяне кажуць: “Хаця б на старых межах!” Заканчваць трэба, але Данецкая і Луганская вобласці павінны цалкам быць нашымі, і Крым у тым ліку. Хаця я разумею, што з Крымам усё больш складана. Усё ж такі там сапраўды вельмі шмат рускіх з адпаведнымі настроямі. Так што, трэба чакаць, пакуль Крым прыйдзе ў свядомасць, а з Данбасам можна размаўляць ваенным спосабам. І тут, мне падаецца, час гуляе на нашым баку: чым больш людзі, якія былі за “ДНР/ЛНР”, будуць пад імі, тым хутчэй і яны прыйдуць у свядомасць. Бо без падтрымкі мясцовых жыхароў наўрад ці мы зможам хутка прасоўвацца наперад.
Еўрарадыё: Ты кажаш: “З Данбасам можна размаўляць ваенным спосабам”, а што, на “мірныя Мінскія пагадненні” надзеі няма?
Юрко Друзь: Асабіста для мяне “Мінск-2” стаў пацверджаннем таго, што ўсе нашы генералы ды іншыя кіраўнікі — гэта крымінальная групоўка, якая займаецца “злівам” Украіны і патрыётаў. Толькі для гэтага “Мінск” у маёй галаве і існуе — якія дамоўленасці?! Ды вазьмі хаця б гэтую “30-кіламетровую зону размежавання”, што гэта? Здача тэрыторый! Толькі мы адтуль выйдзем, як туды зойдуць сепары — гэта дакладна. Ці вазьмі адвод цяжкай артылерыі: кажуць, што і 82мм калібр забраць хочуць. І гэта ў той час, калі баі шуруюць па поўнай праграме! Вось, і сёння з раніцы ў Мар’інцы стралялі, забітыя ёсць. Кажуць, што гэта палітыка. Такая палітыка пераконвае людзей на фронце ў тым, што гэтай ўладзе нельга давяраць і на грам.
Еўрарадыё: Такое адчуванне, што зараз ты пачнеш казаць пра “трэці Майдан”…
Юрко Друзь: Я, канешне, не бачыў усіх тых 50 тысяч мабілізаваных “трэцяй хвалі”, у якую я патрапіў, але ўсе тыя салдаты узброеных сіл з артылерыі, пяхоты, медроты, з якімі я гаварыў, не давяраюць нашаму Галоўнакамандуючаму. Хтосьці прыгадвае яму несвоечасова пастаўленыя берцы, хто — форму, хто — зброю, нехта — адкладзены дэмбель. Нехта на сабе рэальна адчуў, як неабходныя былі тыя не дастаўленыя на фронт пушкі, каб выратаваць Дэбальцава. Наўрад ці вы знойдзеце ў войску людзей, якія б ва ўсім падтрымлівалі нашага галоўнага камандуючага. Але і пра Майдан размова не ідзе. Не цяпер. Людзі ўжо добра ведаюць пра тэрарызм, і мільён ужо ніколі не выйдзе на Майдан хаця б з-за таго, што дастаткова 1 гранаты ў натоўп, каб у выніку было шмат ахвяр. Тым не менш, нейкі ўзброены канфлікт з уладай цалкам магчымы.
Еўрарадыё: Ну, у сацсетках шмат пішуць пра ўсеагульную “здраду”, але ці адчуў ты гэтую здраду на сабе?
Юрко Друзь: Канкрэтны прыклад — “Дэбальцаўскі кацёл”. Мы ехалі туды з цалкам “мёртвымі” гарматамі. Супакойвалі сябе тым, што “разваленая армія, сабралі рэшткі — што было”. Мы іх за свае грошы як маглі рамантавалі, валанцёры нам дапамагалі. Ну, а як? Трэба трымацца і змагацца — рэшткі ж арміі ў нас! А на самой справе ўсё гэта было, і можна было нам даць гэтыя гарматы — хай не самаходныя, а прычапныя, якія ў нас цяпер ужо ёсць. Калі б нам тады далі тое, што стаяла і працягвала іржавець на складах, то, магчыма, і “Дэбальцаўскага катла” не было б, і мы нават маглі б наступаць. Ды, і цяпер можам, але гэтага не хоча наша камандаванне.
Еўрарадыё: Адкуль ты ведаеш, што тады неабходныя вам гарматы былі?
Юрко Друзь: Калі мы пасля Дэбальцава выйшлі на ратацыю, то павінны былі па законе здаць тое, што ад нашай зброі засталося, спісаць нашы раздзяўбаныя гарматы, атрымаць новае ўзбраенне. І калі нашы баявыя камандзіры пайшлі атрымліваць гарматы, то ўбачылі, як шмат пушак стаіць закансерваванымі — і на складах “ у масле”, і на вуліцы, заросшыя бярозамі. Але ўсё адно лепшыя за тыя, што былі ў нас, калі мы ехалі ў Дэбальцава.
Еўрарадыё: Прыгадай самы страшны момант, калі ўжо з жыццём развітаўся?
Юрко Друзь: Ды, відаць, цэлы месяц “дэбальцаўскі” — з 22 студзеня па 18 лютага штодзень такое было. Мы ж там былі пад пастаянным артабстрэлам. Але і там быў адзін “асаблівы” дзень. Здарыўся ён праз 4 ці 5 дзён пастаянных абстрэлаў. Я дапамагаў артылерыстам, зараджаў “з грунта” і нечакана ўсе снарады скончыліся. І ты ў рацыі ў жывым эфіры чуеш крыкі камандзіраў пяхоты, што стаяць у 3 кіламетрах наперадзе — па іх акопах ездзяць танкі, яны просяць дапамогі агнём, а мы пустыя. І сваіх шкада, якіх не можаш уратаваць, і чакаеш, што зараз танкі пяхоту адпрасуюць і папруць на нас, а спыніць іх няма чым. Я ніколі так не маліўся, як тады.
Еўрарадыё: З улікам ўсяго табой расказанага, шмат дэзерціраў сярод мабілізаваных?
Юрко Друзь: Практычна няма. А куды бегчы? Сэнсу няма. Далей дома ўсё адно не збяжыш, а потым — турма. Гэта разумеюць нават тыя, хто ну вельмі сілай мабілізаваны. І я табе скажу, нават тыя, каму ўручылі павестку на прахадной завода і ён, як кажуць, “нематываваны”, ці хто па жыцці звычайны алкаш, мы іх тут называем “аватары” — усе яны ў патрэбны момант кідаць і забываюцца пра ўсё і пачынаюць добра ваяваць. Памяць продкаў гэта прасыпаецца, ці што. Калі сітуацыя дазваляе ім расслабіцца, яны расслабляюцца па самае не магу, але калі паўстае пытанне выжывання, то яны адразу ўспамінаюць, хто іх чакае дома, тых незнаёмых дзяцей, малюнкі якіх нам прыносілі ў акопы. Я нават гэтымі “аватарамі” ў такія моманту ганаруся — яны неяк канцэнтруюцца і ваююць так, як спецы не могуць.
Еўрарадыё: Ведаю, што ты сабраўся проста на фронце вучыць беларускую мову і нават слоўнік украінска-беларускі ўжо з Кіева атрымаў. Навошта табе гэта?
Юрко Друзь: Для агульнай адукацыі! Я б хацеў падцягнуць англійскую, але апошні раз сутыкаўся з ёй у школе, наскокам мне яе не ўзяць — пакуль патрэнірую мазгі вывучэннем беларускай мовы. Хай гэта будзе як прыклад для маіх дзяцей — імкненне да самаадукацыі. Ведаеш, ёсць у мяне інтуіцыя: не ведаю калі, не ведаю якім чынам, але ведаю, што некалі ў будучым беларуская мова мне спатрэбіцца. Прынамсі, лішняй не будзе. І яшчэ: апаскудзела мне гэтая вайна ўжо, і проста прыемна рабіць людзям прыемнае. Не такое прыемнае, што сепарскі танк расхерачыць, па-добраму прыемнае. У мяне шмат сяброў у ФБ беларусаў і разуменне, што вам будзе прыемна, калі я буду размаўляць на вашай роднай мове, і мне становіцца добра на душы.
Еўрарадыё: А з беларусамі на фронце даводзілася сутыкацца?
Юрко Друзь: Не. Я толькі ведаю пра машыну меддапамогі “Ратаўніца”, якую набылі беларусы і перадалі ў шпіталь у Арцёмаўск. Я нават, здаецца, адзін раз бачыў яе — пралятала непадалёк ад нашых пазіцый. А на Майдане я некалькі разоў перасякаўся з Жызнеўскім. Мы не былі знаёмыя і нават не гаварылі ні разу, але я быў моцна ўражаны, калі даведаўся пра яго смерць. А так, беларусаў ва узброеных сілах няма.
Еўрарадыё: Крыху “лірыкі”: ты на фронт трапіў з трэцяй мабілізацыйнай хваляй — сілком мабілізавалі?
Юрко Друзь: Я скажу табе больш — я не служыў нават тэрміновую службу! Але ў ваенкамат я пайшоў сам, без павесткі, добраахвотна. І патрапіў на фронт дзякуючы нашай славутай украінскай карупцыі — праз знаёмства з кіраўніком нашай райадміністрацыі. Браць не хацелі! Усё-ткі мне ўжо за сорак гадоў. Жонка была супраць: узяла асадку і ў пашпарце на відным месцы перапісала ўсіх маіх дзяцей. Не дапамагло… Хлопцы, вось, слухаюць і смяюцца, што я з Пуціным размаўляю — на рускую мову перайшоў (крычыць міма слухаўкі: “Гэта з Беларусі! Вось, вывучу беларускую — ні халеры тады не падслухаеце, бо не зразумееце, невучы!”).
Еўрарадыё: Жонка, дзеці, гаспадарка, я ўжо не кажу пра ваенкома, які браць адмаўляўся — няўжо нічога не магло спыніць?
Юрко Друзь: У мяне, калі лічыць усіх, чацвёра дзяцей, але ж ва Украіне сотні тысяч дзяцей. І ўсіх трэба бараніць. Як па мне, то гэта нармальная мужчынская рэакцыя на вайну і небяспеку. Мне аднавяскоўцы казалі: “Во, дзяцей кінуў і пайшоў некуды, дурань!” Ажно гідка слухаць: ну, калі вы ісці не жадаеце, то хто пойдзе? Менавіта таму, што ў мяне ёсць дзеці, я і пайшоў.
Ведаеш, я і не думаў, што зараз уся Украіна ўзнімецца і пойдзе як адзін чалавек на фронт. Але мне карцела ўбачыць на свае вочы праўду,што ж у нашай краіне на самой справе адбываецца. А ўбачыць гэта можна было толькі на фронце: і карупцыю, і кантрабанду, і ўсё астатняе. Я тут шмат убачыў і шмат зразумеў. Карысць відавочная, вайна — гэта класнае месца. Тут усё чыста і па-сапраўднаму: стральба — дык стральба, п’янства — дык п’янства.
Еўрарадыё: Кантрабанда — дык кантрабанда!
Юрко Друзь: Так, і вось як з ёй змагацца?.. На “гражданцы” усе думаюць, што для гэтага трэба змяніць нейкага кіраўніка і ўсё зменіцца. Але прыходзіць новы чалавек, дзень ці два думае пра патрыятызм, а на трэці становіцца вінцікам сістэмы.
Еўрарадыё: Ты медык па адукацыі, у батальёне — лекар. Пры якіх умовах ты здольны парушыць “клятву Гіпакрата”?
Юрко Друзь: Калі “аватар” нап’ецца да “белак” і па-п’яні нешта ўтворыць са сваім арганізмам. Я сюды прыйшоў ваяваць, а не нейкае чмо перапітае ратаваць! Ну, і не вядома, як сябе павяду ў выпадку неабходнасці ратаваць жыццё параненаму сепаратысту… Тут усё будзе залежаць ад лакальнай сітуацыі і майго настрою. Можа, я і парушу клятву, можа, я нават здзейсню злачынства. Я тут дзеля забойства сепаратыстаў, па вялікім рахунку. Я ішоў ваяваць, а ў медроту трапіў выпадкова: медыкаў на той момант у арміі не хапала, а ў мяне ўсё ж медычная адукацыя.
Еўрарадыё: Праўда, што на фронце ўсе хваробы лечаць падзеленай папалам таблеткай цытрамону: “Гэта ад жывата, а гэта ад галавы — не пераблытай!”.
Юрко Друзь: Вядома, праўда! Гэта класіка! Мы стаялі ў Папаснай, баявых дзеянняў яшчэ не было, а салдат ужо здзейсніў суіцыд — падаваў сябе гранатай. Хлопцы запанікавалі: “Вой, сэрца баліць, ногі адымаюцца, грудзі цісне, дай што-небудзь!” Гляджу, хлопцы маладыя, якое там сэрца можа быць — даў ім па дзве аскарбінкі, сказаў, што гэта блатныя імпартныя таблеткі з вітамінам “С” і араматам маракуі. З’елі, і сэрца адпусціла, і ногі пайшлі.
Еўрарадыё: Думаў анекдотам завершыць размову, а ты — пра суіцыд! Раскажы які смешны выпадак, якую байку франтавую…
Юрко Друзь: Ды ў нас тут пастаянна нейкі гумар здараецца. Але найчасцей: выпіў, пераблытаў паварот, зайшоў у сепарскі магазін, а насустрач — выпучаныя вочы прадавачкі. Ці выскачыў з-за павароту, а там — такі ж сепар-заблуда. Абодва задам-задам і паціху разышліся. І пасмяяліся, канешне, ужо потым. О! Свіней мы трымалі: пастаянна ж застаюцца нейкія харчовыя адкіды і мы, як сапраўдныя ўкраінцы, вырашылі завесці сабе пару свіней — каб дабро не прападала. І вось месяцы тры, пераязджаючы з пазіцыі на пазіцыю, вазілі іх разам з пушкамі. Потым адну зарэзалі, а другую, калі выходзілі з Дэбальцава, падаравалі мясцовым. Якія, у прынцыпе, нас не падтрымлівалі.
Фота з архіву Юрко Друзя