АБСЕ: Дзяржава не павінна рэгуляваць інтэрнэт

Дзяржава не павінна рэгуляваць інтэрнэт. Аб гэтым заявіў дырэктар офіса прадстаўніка АБСЕ па волі СМІ Роланд Блес, выступаючы 26 сакавіка на сустрэчы ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па праекце закона "Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі". Дакумент быў прыняты ніжняй палатай парламента ў першым чытанні 12 снежня мінулага года. Р.Блес адзначыў, што пры працы над законапраектам беларускія дэпутаты павінны кіравацца абавязальніцтвамі, якія ўзяла на сябе краіна ў рамках АБСЕ. "Гэтыя абавязальніцтвы звязаныя з развіццём плюралізму меркаванняў, на становішча з якім з першую чаргу ўплывае сітуацыя са сродкамі масавай інфармацыі", — падкрэсліў дырэктар офіса.


Пад плюралізмам меркаванняў Р.Блес разумее магчымасць выказацца "для меншасці, якая мала прадстаўлена ў палітычнай прасторы". "Пры гэтым свабода выказвання можа быць абмежаваная толькі ў выпадках, якія падпадаюць пад злачынныя. Усе гэтыя выпадкі павінны быць дакладна прапісаныя ў заканадаўстве", — адзначыў прадстаўнік АБСЕ.


Р.Блес заявіў, што "крытыка ўрада — гэтае не злачынства, гэта функцыя СМІ, якія гарантуюць ажыццяўленне права грамадзян на атрыманне інфармацыі".


Ён адзначыў, што ўрад павінен гарантаваць свабодны рух інфармацыі. "Сёння гэта тычыцца найперш інтэрнэту, — падкрэсліў Р.Блес. — Інтэрнэт не павінен рэгулявацца, бо ён падае выдатныя магчымасці для адукацыі, развіцця дзелавых магчымасцяў".


Дырэктар офіса прадстаўніка АБСЕ па свабодзе СМІ адзначыў, што ў параўнанні з першапачатковым варыянтам законапраекта ў ім можна назіраць пазітыўныя змены. Пры гэтым ён адзначыў, што патрабуецца дапрацоўка палажэнняў, што рэгламентуюць доступ да інфармацыі. "На наш погляд, ліберальны і адкрыты доступ да інфармацыі забяспечвае развіццё СМІ у XXI стагоддзі. Калі СМІ закліканыя інфармаваць грамадства, трэба даць ім гэтую магчымасць", — падкрэсліў Р.Блес.


Ён прапанаваў стварыць незалежны інстытут, да якога можна было б апеляваць пры адмове ў доступе да інфармацыі.


Па словах Р.Блеса, офіс АБСЕ ў Мінску і ў далейшым гатовы аказваць дапамогу ў падрыхтоўцы законапраекта, у першую чаргу праз юрыдычную экспертызу.

БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі