Адзіны ў Беларусі прытулак для птушак просіць вашай дапамогі
Птушкам часта не выратавацца без дапамогі чалавека
У Беларусі ёсць толькі адзін прытулак для дзікіх птушак — "Ахова прыроды". Ім займаюцца муж і жонка Аляксандр і Жанна Сталяровы: яны дапамагаюць птушкам са зламанымі крыламі, апёкамі і іншымі траўмамі. Выходжваюць, дапамагаюць аднавіцца — і адпускаюць.
Нядаўна прытулак звярнуўся да беларусаў па дапамогу: туды трэба купіць рэнтген-апарат.
— Нам трэба паменшыць нашы выдаткі ў прытулку, — расказвае Еўрарадыё Жанна Сталярова. — Рэч у тым, што да нас паступае ад 40 да 70 птушак у месяц, кожнай трэба ад дзвюх да чатырох праекцый рэнтгену, гэта мінімальная колькасць. Гэта досыць дорага.
Такім чынам, танней мець свой апарат. А патрэбен ён для таго, каб разумець, якая ў птушачкі праблема: пералом, іншароднае цела ў страўніку, інфекцыя, разрыў звязак ці нешта іншае.
У 2019-м прытулак перажыў сур'ёзнае выпрабаванне — пажар. Цяпер ён не толькі аднавіўся, але і пашыраецца.
— Мы ўжо адбудаваліся і нават пашырылі тэрыторыю. Было менш за гектар, цяпер ужо ёсць паўтара. Збіраемся браць яшчэ тры гектары, таму што паступае птушак досыць шмат. Каб іх размяшчаць, патрэбна вялікая плошча, — расказвае Жанна і прызнаецца: — Шчыра кажучы, я не чакала, што ў нас будзе такая колькасць птушак — больш за 130, а гэта вельмі шмат.
Цяпер у прытулку ёсць новыя зімоўнікі, вальеры. Але іх усё роўна не хапае.
Часцей за ўсё птушкі, якія паступаюць у прытулак, атрымліваюць траўмы ці захворваюць праз чалавека.
— Ёсць святлозабруджанасць: птушка ноччу прымае водбліскі ад ліхтароў за ваду і прызямляецца на зямлю, а некаторыя віды потым не могуць узляцець. Таксама гэта правады, у якіх блытаюцца птушкі. Плюс іх збіваюць машыны, часам яны атрымліваюць страсенні мазгоў ад сутыкнення з вышыннымі будынкамі. Таксама Wi-Fi, 3G, 4G — усё гэта ўплывае на навігацыю птушак, — дадае яна.
На шчасце, выпадкі наўмыснага прычынення шкоды птушкам бываюць рэдка. Апошні жудасны выпадак — калі ў кастрычніку ў Лагойску знайшлі лебедзя з адсечанай дзюбай.
— Я паведаміла пра гэту сітуацыю дзяржорганам, яны шукаюць браканьера, — падзялілася Жанна. — Гэта было шакавальнай навіной для ўсіх, таму што птушка так плавала некалькі дзён. Вядома, мы правялі аперацыю, але выратаваць яе не ўдалося: траўма была несумяшчальная з жыццём.
Мэтанакіравана шкоды птушкам людзі амаль не прычыняюць, дадае яна.
Заклік з просьбай дапамагчы з рэнтгенам прытулак размясціў днём 16 снежня. Да моманту нашай размовы водгукаў хлопцы і дзяўчаты атрымалі няшмат. Хоць у цэлым чакаюць дапамогі.
— Ёсць, дарэчы, такі варыянт: калі ў нейкай клініцы ёсць ужываны апарат і калі хтосьці на спонсарскіх пачатках можа нам яго перадаць — таксама вельмі задаволіць.
Дапамагчы прытулку для птушак і даведацца крыху больш пра яго работу вы можаце на яго сайце.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.