Агітацыйныя паштоўкі за Лукашэнку надрукавалі ў абыход выбарчага фонду?

Агітацыйныя паштоўкі за Лукашэнку надрукавалі ў абыход выбарчага фонду?

Па паштовых скрынях мінчан пачалі разносіць агітацыйныя паштоўкі з выявай Аляксандра Лукашэнкі. На іх — ветэраны, Дар’я Домрачава, жанчыны ў народных строях ды ўласна кіраўнік краіны з выпускнікамі, іх аб’ядноўвае надпіс “За будучыню незалежнай Беларусі”. Аналагічныя плакаты былі размешчаныя на выбарчых стэндах. З другога боку напісана: “Разам мы стварылі незалежную Беларусь! Разам мы пераадолеем любыя нягоды! Разам мы пабудуем шчаслівую і квітнеючую краіну! Мы разам!”. Надрукаваныя паштоўкі на добрай тоўстай паперы, колерам з абодвух бакоў і накладам у 2,5 мільёны.

Еўрарадыё вырашае падлічыць выдаткі на такую маштабную акцыю і робіць замову на друк падобных паштовак у Беларускім доме друку, які пазначаны на выходных дадзеных агітацыйных улётак. Але за амаль суткі чакання на прадпрыемстве так і не здолелі разлічыць кошт такой замовы. А вось у вядомай прыватнай друкарні з гэтай задачай справіліся за гадзіну. Як высветлілася, каштуе такі вялікі наклад паштовак у прыватнай фірме мякка кажучы нямала — больш за 593 мільёны рублёў.

Распаўсюджваюць улёткі праз Белпошту, дамаўляемся і з імі:

— Хачу па мінскіх кватэрах бязадрасна разаслаць 2,5 мільёна паштовак!

— Я вас віншую! Але ў Мінску толькі 700 тысяч адрасоў!

— Давайце тады па рэспубліцы, гуляць, дык гуляць!

— Прыходзьце афармляйце дакументы, такую колькасць, думаю, за дзён 10 рэалізуем.

— А колькі гэта будзе каштаваць?

— Ну, калі гэта звычайная паштоўка, вагой не больш за 30 грамаў, то за кожную 72 рублі плюс ПДВ.

Лічым. Атрымліваецца, за распаўсюджванне ўсяго накладу трэба аддаць 180 мільёнаў. Плюс 20% ПДВ, і на выхадзе паслугі Белпошты абыходзяцца ў 216 мільёнаў рублёў. То бок гэтая агітацыйная акцыя каштавала штабу дзейснага кіраўніка краіны больш за 809 мільёнаў.

Заходзім на сайт ЦВК і глядзім выбарчыя фонды кандыдатаў у прэзідэнты. Сапраўды, Аляксандр Лукашэнка мае на рахунку найбольшую суму. Але з яе на сераду 7 кастрычніка патрачана толькі… 395 149 711 з 1 576 356 000 рублёў, пералічаных яму на рахунак. Менш за палову падлічанай намі сумы, і гэта за ўвесь перыяд агітацыі!

Атрымліваецца, што ўлёткі ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі надрукаваў і распаўсюдзіў нейкі яго фанат. Нават не папярэдзіўшы штаб кандыдата, ён выдаткаваў на акцыю каля 47 тысяч долараў. Не мог жа сам кіраўнік краіны парушыць выбарчы кодэкс, які забараняе агітацыю за сродкі ў абыход выбарчага фонду!?

Каб канчаткова разабрацца, звяртаемся ў юрыдычны аддзел ЦВК з пытаннем, ці адсочваюць у камісіі гэтую сітуацыю і ці будуць прымацца якія-небудзь захады:

— Я ўпершыню чую ад вас пра гэта, таму ніяк не магу пракаментаваць!

— Давайце тады проста гіпатэтычна: калі нехта не са штаба кандыдата надрукуе ўлёткі і будзе іх распаўсюджваць, то ЦВК на гэта неяк будзе рэагаваць, і як?

— Вы абсалютна правільна сказалі, што гэта гіпатэтычна. Я не магу каментаваць гіпатэтычную сітуацыю, не маючы ніякіх дакументаў на руках.

— То бок калі мы зараз надрукуем паштоўкі і разашлём іх, то толькі тады вы адкажаце, ці мелі мы на гэта права?

— Я ж вам кажу, што не магу каментаваць гіпатэтычную сітуацыю!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі