Агучаны завочныя прысуды па справе "атакі на базу АМАП" у Мінску восенню 2021-га
Амапавец паказвае, дзе ў верасні 2021-га ўзнік пажар
Агучаны завочныя прысуды па справе "атакі на базу АМАП" у Мінску восенню 2021-га з выкарыстаннем беспілотніка. Двум беларусам, Паўлу Кулажэнку і Віталю Пацехіну, прызначылі 24 і 23 года калоніі узмоцненага рэжыму, і штраф — па 40 000 рублёў кожнаму (на іх маёмасць у РБ наклалі арышт). Пацехіна пазбавілі воінскага звання "капітан у адстаўцы". Палітуцекачоў абвінавацілі паводле шасці артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку "акце тэрарызму". Справу разглядаў Мінскі гарадскі суд, суддзя — Міхаіл Макарэвіч, паведамляюць праваабаронцы.
Атака беспілотніка, з якога былі скінуты дзве каністры з запальнай сумессю, адбылася ў ноч з 24 на 25 верасня 2021-га, пра яе паведамілі ў сацсетках. Упершыню Генпракуратура прызнала, што такая акцыя сапраўды была, у пачатку кастрычніка таго года.
У верасні 2023-га прапаганда паведаміла, што затрыманыя "кантрабандысты, якія даставілі ў Беларусь дрон, з дапамогай якога была здзейснена атака на базу АМАП". Выканаўцу затрымаць не ўдалося. У схованцы сілавікі знайшлі дрон.
Павел Кулажанка — былы баец АМАПа, які цяпер ваюе як добраахвотнік ва Украіне супраць расійскіх акупантаў. Віталь Пацехін — былы вайсковец. Абодва маюць дачыненне да ініцыятывы "Супраціў", якую рэжым Лукашэнкі прызнаў "тэрарыстычнай".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.