Актор, які застаўся ў Купалаўскім: не лічу сябе штрэйкбрэхерам
Актор Васіль Сушыцкі / "УКантакце"
Жонка міністра замежных спраў Беларусі Вера Палякова-Макей у эфіры дзяржтэлеканала абвінаваціла экс-дырэктара Купалаўскага тэатра Паўла Латушку, што той "выцер ногі аб Купалаўскі тэатр". Услед за звольненым з тэатра Латушкам, які публічна асудзіў гвалт над пратэстоўцамі, у жніўні 2020-га сышлі больш за 58 купалаўцаў. "Ён разбурыў стагадовую гісторыю тэатра. Ён вывеў гэтых людзей і кінуў. Вось гэтага я яму не дарую ніколі", — сказала Палякова-Макей.
Адказ ад Латушкі не прымусіў сябе чакаць. У інтэрв'ю ютуб-каналу "Маланка" экс-міністр расказаў, што нікога не выводзіў. Рашэнне актораў было ўзважаным і самастойным.
— Паспрабую даць агульную ацэнку тых выказванняў, якія апошнім часам гучаць з вуснаў. У тым ліку спадарыні, якую вы паказалі, — гаворыць экс-дырэктар Купалаўскага пра выказванне Паляковай-Макей і, магчыма, пра выпад у свой бок палітыка Зянона Пазняка. — Ніхто нікога не выводзіў. Гэта было рашэнне актораў, творчага складу і шэрагу супрацоўнікаў. Купалаўскі тэатр узяў на сябе гэтую адказнасць і ролю, і ён сказаў: "Так, мы з народам! Так, мы з беларускай нацыяй!" — кажа Латушка. — Купалаўскі тэатр — гэта залаты фонд нацыі. Гэта нацыянальны духоўны набытак, пераацаніць значэнне якога немагчыма для беларускага народа. Але трэба таксама разумець, што ён складаецца не з будынка, не з бетону і сталі, а ён складаецца перш за ўсё з актораў, з творчага складу, і гэта выдатныя асобы беларускай культуры. З тэатра прынялі рашэнне сысці народныя артысты, заслужаныя артысты Беларусі. І гэтыя людзі прымалі рашэнне, кожны з іх асоба, кожны з іх асоба ў культуры. І гаварыць пра іх, што хтосьці іх вывеў, хтосьці іх павёў за сабой, хтосьці аб іх выцер ногі, — гэта блюзнерства.
Купалаўская "Паўлінка" з новым складам павінна выйсці ў першых чыслах сакавіка. Ролю Паўлінкі будзе выконваць студэнтка 2 курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Анастасія Варанкова. Ролю бацькі Паўлінкі сыграе Васіль Сушыцкі. Ён расказаў Еўрарадыё, што звальненне купалаўцаў "было абсалютным глупствам, але гэта было іх рашэнне".
Цяпер звольненых супрацоўнікаў тэатра замяняюць маладыя акторы.
— Мне здаецца, у тэатры галоўнае душа і жаданне, чаго апошнім часам я рэдка бачыў у артыстаў, якія больш доўга служаць. На жаль, у многіх артыстаў узнікае стомленасць, "абыякавасць ды жыцця", зорная хвароба. І таму часта бывае, што малады чалавек, які не мае вялікага досведу, цікавейшы, чым чалавек, які мае досвед, але ў якога вока не гарыць і душа не варушыцца, — лічыць Васіль Сушыцкі.
Тых, хто служыць у тэатры замест звольненых актораў, многія называюць штрэйкбрэхерамі. Сушыцкі штрэйкбрэхерам сябе не лічыць.
— Мне важны тэатр, важнае мастацтва, я гэтаму прысвячаю сваё жыццё. Калі б я хацеў займацца палітыкай, я б пайшоў у палітыку. Я не хачу займацца палітыкай. Латушку я не падтрымліваю, таму што ён хоча займацца палітыкай, а я не хачу яго ў гэтым падтрымліваць, таму што я хачу займацца тэатрам і мастацтвам.
Васіль Сушыцкі прысутнічаў на сустрэчы Лукашэнкі з нязвольненым складам купалаўцаў. Ад Лукашэнкі Васіль атрымаў зарад энергіі і станоўчыя эмоцыі.
— Уражанні вельмі станоўчыя. Чалавек вельмі абаяльны, мудры, без фанабэрыстасці, размаўляе абсалютна проста і лёгка, а самае галоўнае — ён хварэе і перажывае за народ, за краіну. І мяне ён пераканаў у тым, што ён сапраўды перажывае за народ, за мастацтва, за нашу агульную справу і за Бацькаўшчыну.
Васіль Сушыцкі нарадзіўся ў 1979 годзе, скончыў Акадэмію мастацтваў, раней служыў у Моладзевым тэатры. Здымаўся ў серыяле "Мухтар. Новы след" і іншых.
Сушыцкі мае траіх дзяцей. У яго профілі ва "УКантакце" месцам працы дагэтуль пазначаны клуб-кавярня VASILEV'S (караоке ў г/п Радашковічы, недалёка ад Маладзечна). А на аватарцы фота машыны з аўтапрабегу пад дзяржаўным чырвона-зялёным сцягам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.