Алена Танкачова: Час вяртаць грамадскую дыскусію перад прыняццем законаў
Еўрарадыё паразмаўляла з праваабаронцай Аленай Танкачовай з Цэнтра прававой трансфармацыі (Lawtrend) пра канцэпцыю ўвядзення ў Беларусі амбудсмена.
У інтэрв’ю Еўрарадыё былы кіраўнік Канстытуцыйнага суда і былы генпракурор Беларусі Рыгор Васілевіч заявіў, што распрацаваў канцэпцыю ўвядзення ў Беларусі ўпаўнаважанага па правах чалавека.
Еўрарадыё: цяпер ўжо выкладчык БДУ Рыгор Васілевіч распрацаваў канцэпцыю ўвядзення пасады амбудсмена ў Беларусі. Ці азначае гэта, што неўзабаве ў нас з’явіцца упаўнаважаны па правах чалавека?
Алена Танкачова: Канцэпцыя, якая была прапанаваная Рыгорам Васілевічам, характарызуецца двума фактарамі. Па-першае, сыходзячы са свайго прафесійнага досведу, як былы старшыня Канстытуцыйнага суда, разумее, што пасада амбудсмена мусіць з’явіцца і ў Беларусі, па-другое, канцэпцыя, прапанаваная Васілевічам, мае перспектывы стаць працоўным дакументам для абмеркавання грамадскасцю. Аднак там ёсць некалькі пунктаў, якія выклікаюць здзіўленне, і хацелася б на гэтыя пытанні атрымаць каментарый і падрабязнае тлумачэнне. Тым не менш ёсць і пазітыўныя моманты, скажам, непасрэднае ўзаемадзеянне упаўнаважанага па правах чалавека, калі такі з’явіцца, з грамадзянскай супольнасцю. Таксама пазітыўная тэндэнцыя — тое, што паводле канцэпцыі, інстытут упаўнаважанага па правах чалавека ўяўляе сабой цэласны орган, без драблення, няма такіх пасадаў як упаўнаважаны па правах жанчын ці па правах дзіцяці. Я пагаджуся, што для Рэспублікі Беларусь пасада амбудсмена мусіць быць адзіным цэнтралізаваным апаратам, з прафесійным падзелам абавязкаў унутры апарата, і галоўнае, упаўнаважаны мусіць быць аўтарытэтным, уплывовым, і працаваць на павышэнне стандартаў правоў чалавека ў краіне.
Еўрарадыё: Калі аналізаваць гэтую канцэпцыю, ці адпавядае канцэпцыя прапанаваная Васілевічам, чаканням беларускіх праваабаронцаў? Паўнамоцтвы беларускага амбудсмена шырокія, такія ж як і ў іншых краінах пост-савецкай прасторы ці краінах заходняй Еўропы?
Алена Танкачова: Трэба сыходзіць з таго, што гэта канцэпцыя, а не закон. Спачатку мусіць быць грамадская дыскусія наконт гэтай канцэпцыі, каб знайшліся адказы на пытанні, якія непакояць нас. А гэта, па-першае, прызначэнне амбудсмена главой выканаўчай улады. Наколькі мы можам ацэньваць, давер грамадства да таго, што глава дзяржавы сур’ёзна занепакоены выкананнем таго, што называецца грамадзянскім і палітычнымі правам грамадзян. Гэты давер вельмі нізкі, і гэта даволі складана аспрэчыць. Гэтая ацэнка беларускіх праваабаронцаў цалкам адпавядае ацэнцы міжнародных арганізацый. Калі казаць пра тое, што мы цяпер ствараем дзяржаўны інстытут, які мусіць павысіць эфектыўнасць абароны правоў чалавека, вывесці гэтае пытанне на дзяржаўны ўзровень, і змяніць стаўленне грамадзян да дзяржавы, якая не клапаціцца пра правы чалавека. Тады мэтазгодна, каб амбудсмена прызначаў не прэзідэнт, а парламент. Больш за тое, адказнасць і справаздачнасць амбудсмена магла бы быць таксама не перад прэзідэнтам, а перад парламентам. Таксама здзіўленне выклікаюць яшчэ два палажэнні, тое што прапаноўваецца ўвесці ўзроставы цэнз для амбудсмена, і тое, што прапаноўваецца сфарміраваць апарат упаўнаважанага па правах чалавека з дзяржслужбоўцаў. Роля амбудсмена — кантраляваць і крытычна ставіцца да дзеянняў чыноўнікаў — і наўрад ці з такой роляй змогуць справіцца асобы з дзяржаўнага апарату, якія самі выраслі і фарміраваліся паводле тых падыходаў і пазіцый, з якімі мусяць змагацца
Еўрарадыё: Увядзенне пасады амбудсмена зможа адкарэктаваць хібы пенітэнцыярнай сістэмы, на якія праваабаронцы і журналісты часта звяртаюць увагу?
Алена Танкачова: У канцэпцыі прадугледжана тое, што амбудсмен будзе мець шырокія паўнамоцтвы, звязаныя з тым, каб упаўнаважаны без дадатковых дазволаў меў магчымасць уваходу ў месцы пазбаўлення волі. Падкрэслю, што гэта вельмі добрая частка канцэпцыі. Грамадскасці неабходна, каб была асоба з пэўнымі паўнамоцтвамі, якая без перашкод магла б патрапіць у закрытыя установы пенітэнцыярнай сістэмы.
Еўрарадыё: Ці стане гэта рэальным крокам ў пашырэнні правоў чалавека ў Беларусі, ці усё застанецца на паперы, і на такую пасаду прызначаць звычайнага дзяржслужбоўца?
Алена Танкачова: Я не казала бы пра тое, што будзе так, як прапісана, я яшчэ раз паўтаруся, што гэта канцэпцыя, гэта заяўлены падыход. Цяпер канцэпцыя мусіць прайсці праз шырокае грамадскае абмеркаванне. На жаль, пакуль няма гэтага публічнага абмеркавання. Напрыклад, не абмяркоўваецца, ці выказаліся міністры, вядомыя дзяржаўныя дзеячы ў дачыненні да канцэпцыі. На жаль, дыскусіі па гэтым пытанні не адбылося па прычыне таго, што ў сучасным беларускім жыцці за апошнія 15 гадоў наогул практыка публічнага абмеркавання падыходаў да заканадаўства была паспяхова не тое што згубленая, а выцкаваная. Мяркую, што час яе вяртаць, і якасць будучага закона пра амбудсмена непасрэдна залежыць ад якаснага абмеркавання канцэпцыі.
Фота — labadzenka.by
Спецыяльна для праграмы Кардыяграма