Алесь Лютыч: У новых песнях будзем эксперыментаваць з электронікай

Алесь Лютыч: У новых песнях будзем эксперыментаваць з электронікай

З лідарам гурта :B:N: Алесем Лютычам сустракаемся побач з музычнай крамай, дзе ён працуе. Прыкладна два гады таму музыка цалкам змяніў склад гурта і перабраўся ў сталіцу. У роднай Бярозе ён рабіў плітку на фабрыцы, працаваў і ў дзённыя, і ў начныя змены, таму часу на творчасць было мала. У Мінску Алесь уладкаваўся прадаўцом музычных інструментаў, часу паболела, але ад фота на працоўным месцы музыка сціпла адмаўляецца, маўляў, ну навошта гэта! Таму ідзем у бліжэйшую кавярню. Відавочна, што Лютыч адчувае сябе няёмка, седзячы побач з дыктафонам, які бачаць усе прысутныя, таму адказы музыкі кароткія і малаэмацыйныя, затое па тэме і без лішняй вады.

Алесь Лютыч: Цяпер, можна сказаць, я жыву з музыкі (усміхаецца). Асноўнае пытанне беларускіх музыкаў у мяне вырашылася так. Працаваць у музычнай краме, натуральна, значна лепш, чым працаваць на фабрыцы па начах, а потым з хворай галавой ехаць на рэпетыцыю ці канцэрт. То бок у мяне цяпер усё амаль так, як я хацеў.

Еўрарадыё: А менавіта на творчасць паўплываў пераезд?

Алесь Лютыч: Думак ды жаданняў шмат. На новых песнях будзем эксперыментаваць з электронікай. Паспрабуем. Каб загучаць больш сучасна. Але на гэта, хутчэй, паўплываў узрост, а не пераезд. Тым больш, сам пераезд у Мінск адбыўся праз дзяўчыну. У першую чаргу з-за яе я пераехаў, а не з-за таго, што ўсе музыкі гурта жывуць у Мінску. Мы ўжо нават жартавалі, што калі я жыў у Бярозе і ездзіў сюды на студыю, мы рэпетавалі часцей, чым цяпер.

Еўрарадыё: Калі слухаеш ваш новы альбом, ствараецца ўражанне, што ты даволі жорсткі лідар, бо нягледзячы на цалкам абноўлены склад, гучанне амаль не змянілася…

Алесь Лютыч: Не, цяпер стала настолькі дэмакратычна ў гурце, што на стварэнне песні ўплывае кожны, і далёка не маё слова апошняе. Цяпер музыкі больш… прасунутыя. Напрыклад, Зміцер Харытановіч ведае, што рабіць на бубнах, і яму не трэба падказваць, што сыграць. Ён прафесійна робіць сваю справу, ён вельмі добры аранжыроўшчык! Калі я прыношу на рэпетыцыю нейкую мелодыю, то далей мы ўжо разам яе пераўтвараем у песню. Раней жа сапраўды неяк даводзілася больш рабіць усё самому і на рэпетыцыях проста паказваць, маўляў, тут будзе так, тут будзе так, а вось тут будзе гэтак.

А што тычыцца падабенства… ну, гэта значыць, такі стыль у :B:N:. І новыя музыкі яго адчулі. Гэта як, ведаеш, “Крама”: як яны ні дадаюць новыя фішачкі, усё роўна па акордах, матывах, па мелодыі “Краму” пазнаеш. У Nizkiz змяніўся гітарыст, а нічога ў гучанні амаль не змянілася. Дадалі троху больш сінцюкоў, папрацавалі над фонавымі падкладкамі, але агулам — усё тая ж музыка, што была ў іх гадоў пяць таму. Таму нічога дзіўнага, што з новымі музыкамі мы не перавярнулі ўсё з ног на галаву.

Еўрарадыё: Над чым цяпер працуеце?

Алесь Лютыч: Рэпетуем акустычную праграму для будучых канцэртаў, якія ў нас хутка пройдуць. Ну і задумы на новы матэрыял ёсць, здаецца, штук шэсць напрацовак. Цяпер над тэкстамі сядзім.

Еўрарадыё: Раней жа Машковіч для вас тэксты пісаў!?

Алесь Лютыч: І цяпер піша! Але мы спрабуем і з іншымі супрацоўнічаць. Калі атрымаецца, то і Яўген Бузоўскі з IQ48 што-небудзь для нас напіша. Я дасылаў яму напрацоўкі. І мы гатовыя да любых прапаноў. Можам чыйсьці тэкст пакласці на нашу музыку, мы не супраць і не будзем адхрышчвацца.

Еўрарадыё: То бок пераехаўшы ў Мінск, пісаць тэксты ты не пачаў!? 

Алесь Лютыч: З музыкай у мяне атрымліваецца значна лепш. А тэкст… куплет і прыпеў я магу напісаць, а вось на другі куплет мяне ўжо не хапае (смяецца).

Еўрарадыё: 21 лістапада ў сталічным клубе Re:Public адбудзецца ваш сумесны канцэрт з польскім гуртом Lao Che. Ці знаёмыя вы ўвогуле з іх музыкай?

Алесь Лютыч: Больш-менш. Мы ж яшчэ некалькі гадоў таму на “Басовішчы” разам выступалі. І калі атрымалі гэтую прапанову, сыграць сумесны канцэрт, натуральна, паслухалі, што яны граюць цяпер, што гралі раней… Я раю прыйсці на канцэрт, бо гэта вельмі цікавая музыка. Сапраўды цікавыя рэчы робяць. Яны робяць такі сінтэз электронікі, рока, джаза, блюза, фолка — там шмат стыляў намяшана. Але на дыску яны так не гучаць, як на жыва. Таму слухаць іх трэба менавіта на канцэрце, каб адчуць атмасферу, якую ствараюць музыкі.

Еўрарадыё: Вы ж нямала пайгралі ў Польшчы. Увогуле, ёсць розніца паміж нашымі і іх гуртамі? Тут, хутчэй, нават не пра стылістычныя асаблівасці пытанне…

Алесь Лютыч: Скажу так, што стылістычна я не чуў, каб рабілі такую музыку, як Lao Che. А калі агулам пра польскі рок, то ён значна адрозніваецца ад беларускага. Напрыклад, панк. У нас больш спрабуюць раўняцца на Blink182, на такія мажорныя поп-панк гурты. А ў іх панк такі агрэсіўны, гаражны і моцны. Палякі вельмі шмат працуюць над гучаннем. Вельмі шмат высілкаў аддаюць таму, каб са сцэне ўсё добра гучала, каб усё выглядала эфектна, каб было падобна на выступ сапраўдных рок-зорак.

Тыя ж Lao Che ездзілі і ў сусветныя турнэ. На нядаўні варшаўскі канцэрт квіткоў не было ўжо за тыдзень у паўтаратысячную залу. То бок у сябе на Радзіме яны вельмі папулярны гурт. Мы нядаўна з :B:N: ездзілі на “Бардаўскую восень” у Беласток, і польскія памежнікі ў нас запыталіся: "Якія польскія гурты вы ведаеце?" А мы кажам, што праз пару тыдняў будзем выступаць разам з Lao Che. “О! Lao Che! Ну і як вам гэты гурт?”. Мы кажам: “Файна граюць!” І нас у выніку без чаргі прапусцілі (смяецца).

Еўрарадыё: То бок у нас атрымліваюцца два розныя культурныя напрамкі, ці ўсё ж ёсць чаму вучыцца ў палякаў?

Алесь Лютыч: Вучыцца заўжды ёсць у каго, не толькі ў палякаў. Але я не ведаю, як там у Польшчы, а ў нас цяпер назіраецца нейкае засілле кавер-бэндаў. Нават вядомыя музыкі, нават музыкі, з якімі мы раней гралі сумесныя канцэрты і ў перспектыве яны маглі стаць беларускімі зоркамі, граюць у кавер-бэндах. Іх гурты паразвальваліся, і цяпер музыкі з гонарам кажуць: "Я зарабляю музыкай". Але ты ж граеш не сваю музыку! А навошта свету два Майклы Джэксаны ці Metallica. Трэба, каб усяго было па адзінцы і каб пра гурт заставалася чыстая памяць, мне падаецца. Пераігрываць чужыя песні таксама карысна. На іх музыкі вучацца! А калі ўжо дарослыя музыкі пакідалі свае гурты і граюць у кавер-бэндах… гэта ўжо не творчасць, гэта праца. Некалі выступалі на байк-фэсце пад Лідай і там граў афіцыйны ўкраінскі кавер-бэнд AC/DC. Ну смешна было глядзець на гэта.

Еўрарадыё: Ты ж не так проста, параўноўваючы польскую і беларускую сцэну, пачаў казаць пра кавер-бэнды… ты адчуваеш нейкую канкурэнцыю ці лічыш, што яны кепска ўплываюць на нашу публіку?

Алесь Лютыч: Натуральна, што арганізатарам прыватных вечарынак прасцей і больш выгадна наняць кавершчыкаў. Бо яны сыграюць і Агуціна, і “Мумий Тролля”… гэта ж лепш, чым запрасіць які-небудзь беларускі гурт. У нас мала гуртоў, якія граюць карпаратывы. Мы за ўсё жыццё толькі два разы гралі.

Еўрарадыё: У каго?

Алесь Лютыч: Не скажу!)

Еўрарадыё: Дык усё ж такі, чаму цябе гэта так кранае?

Алесь Лютыч: Ну, зноў жа, у той жа Польшчы значна больш знакамітых рокераў, якія вядомыя ўсёй Польшчы, якія збіраюць вялікія залы. А ў нас гурты, якія б збіралі ў любым горадзе поўную залу, можна пералічыць па пальцах. Мы шмат паездзілі па польскіх фестывалях і бачылі, што там робіцца падчас выступу мясцовага гурта. Аднойчы мы гралі з Lady Pank — амфітэатр быў поўны, пры тым, што гарадок вельмі маленькі, можа, тысячы чатыры насельніцтва. Неяк у іх сама рок-культура нібы на ўзровень вышэйшая. Хоць узровень уласна музыкаў у Беларусі не горшы.

Еўрарадыё: А ў чым ты бачыш прычыну такіх адрозненняў? Менталітэт?

Алесь Лютыч: Не ведаю. Але ў нас жа нават не ўсе паважаюць беларускую мову. Не ведаюць яе. Быў такі выпадак у нас, сябры паехалі халтурыць у Расію і ўзялі з сабой дыск :B:N:. Аднойчы вечарам яны з супрацоўнікамі (а там былі і малдаване, і ўкраінцы) пілі піва і паставілі гэты дыск. “О! Нічога музыка! А пра што яны спяваюць?” — адрэагавалі ўсе. То бок музыка ім спадабалася, але не разумеюць, пра што песні. Гэтак жа і з беларусамі, мне падаецца.

А яшчэ можна сюды дадаць агульны крызіс. Людзі не шмат зарабляюць, таму не могуць хадзіць на ўсе канцэрты, а канцэртаў у нас засілле. Ёсць выбар, прычым, вялікі. І вось тут крыўдна, што польскія гурты ў нас амаль ніхто не ведае, таму і цікавасць малая. Напэўна, палякаў ведае толькі тая невялікая тусоўка беларусаў, якая ездзіць на тое ж “Басовішча”, ці вучыцца ў Польшчы.

Але не трэба думаць, што ў Польшчы неяк іначай з веданнем пра беларускую музыку. Там таксама нічога пра нас не чулі (усміхаецца). Акрамя “Ляпіса Трубяцкога”, Brutto ды Gods Tower, якія проста калісьці па Еўропе нармальна ездзілі, а ў Польшчы металічная сцэна вельмі развітая. Так што, яны таксама варацца ў сваёй кашы і ім, відаць, і так добра.

Еўрарадыё: Што будзе на канцэрце?

Алесь Лютыч: Нічога канкрэтна новага прэзентаваць не будзем. Трэк-ліст будзе складацца з большасці песень апошняга дыска “Шукай сваё” ды, натуральна, старых баевікоў. Адмыслова да канцэрта мы зрабілі песню “Шукай сваё” ў электрычным варыянце. На дыску яна такая камерная, акустычная, а мы яе зрабілі больш пад фармат канцэрта, каб яна не выбівалася. Так што, гэта будзе наш драйвовы хітовы рок-н-рол! Прыходзьце!

Нагадаем, сумесны канцэрт :B:N: і Lao Che пройдзе 21 лістапада ў сталічным клубе Re:Public.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі