А.Ліпніцкі:Наш рэпертуар — не п'еса, дзе можна "зняць" тры гітары і клавішы
Ў апошні час імя Symphonic Drive Orchestra усё часцей мільгае на афішах, калегі прызнаюць яго адным з лепшых аркестраў Беларусі, а музыкі мараць трапіць у яго.
У студэнцкіх жа колах плыве "слава" Аляксандра Ліпніцкага як кіраўніка патрабавальнага і нават жорсткага. Каб высветліць, ці так гэта, Еўрарадыё наведалася на адну з рэпетыцый Symphonic Drive Orchestra — аркестра Мінскага музычнага вучылішча ім. Глінкі.
Еўрарадыё: Аляксандр, якія галоўныя крытэрыі адбору ў асноўны склад аркестра?
Аляксандр Ліпніцкі:У
межах навучальнага працэсу наш аркестр існуе з 2002 году. У вучылішчы
ёсць аддзяленне, якое называецца "Мастацтва эстрады". І бэнд,
натуральна, — гэта як твар аддзялення, твар вучылішча. З тых, хто
паступае на духавое аддзяленне, у аркестры граюць усе. Гэта значыць тут
у нас і частка канцэртнага складу, і навучальнага.
Вядома, у
асноўны склад трапляюць не ўсе. Вось, напрыклад, аркестр патрабуе 4
трубы, 4 трамбоны і 5 саксафонаў – ні больш, ні менш. Але ў межах
навучальнага працэсу я, вядома ж, навучаю ўсіх. Так што, у вучылішчы ў
аркестры граюць усе, а вось што да канцэртных выступаў – то гэта,
вядома, выбраныя людзі, якія, першым чынам, праяўляюць працаздольнасць,
стараннасць, ну, і вялікую штодзённую працу. Для мяне гэта – самыя
галоўныя крытэрыі адбору ў асноўны склад.
Еўрарадыё: Навучанне складанай джазавай артыкуляцыі, джазавай мове патрабуе сур'ёзнай накіроўваючай працы педагога.
Аляксандр Ліпніцкі:
Студэнты прыходзяць да нас з розных месцаў, а ўсюды зусім па-рознаму
выкладаюць. І гэта натуральна! Але гэтыя навыкі вельмі часта не на
належным узроўні, на жаль. Асабліва, што да джазавай адукацыі.
Таму
што гэтай сістэме спаўняецца літаральна 30 гадоў, як і нашаму
аддзяленню. І калі параўнаць гэта з распрацоўкамі Чайкоўскага ці
Рымскага-Корсакава ў расійскіх кансерваторыях, то, вядома, гэта яшчэ
дзіця, якое не ведае, куды яму глядзець і ў якім кірунку развівацца.
Таму
адкуль бы да нас не прыйшоў студэнт – галоўнае, каб ён быў
дысцыплінаваным, выразным чалавекам. Ва ўсякім разе, я ў кожным імкнуся
гэта выхоўваць. Таму што калі вучань нават вельмі таленавіты, але
аматар спазняцца ці не прыходзіць зусім,—я імкнуся адразу і выразна
растлумачыць яму нашы правілы.
Еўрарадыё: І якія яны?
Аляксандр Ліпніцкі: Калісьці
мой першы ўрок быў прысвечаны менавіта таму, у колькі трэба прыйсці ў
клас, падрыхтаваць сваё працоўнае месца. У кожнага ёсць на пульце
аловачак, маркер, і ён павінен выразна запісваць і вылучаць
патрабаванні дырыжора, каб была эфектыўнасць працы. Чаго, як вядома, у
многіх нашых структурах вельмі бракуе – шмат фармалізму і часта мала
спраў.
Еўрарадыё: Усе Вашы студэнты чытаюць з ліста?
Аляксандр Ліпніцкі:
Усё па-рознаму. Вядома ж, не ва ўсіх чытка з ліста на тым узроўні,
якога хацелася б. Але наогул, гэты навык уваходзіць у арсенал абавязкаў
любога аркестравага музыкі! І, натуральна, я гэтаму вучу. Вядома,
вынесці на канцэрт новы твор немагчыма, трэба яго вучыць, разбірацца.
Калі
ў сімфанічным аркестры, напрыклад, сядзіць 30 скрыпачак і яны часта
грюць ва ўнісон ці 5-6 чалавек на голас, то ў біг-бэндзе кожны грае
сваю партыю і яна адна, непаўторная.
Усе мастацтвы, усе жанры складаныя і цікавыя, але тут халтура адразу
бачная. І калі адзін саксафон "халявіць", то адразу ўся секцыя выпадае.
Еўрарадыё: Як адбываецца ратацыя музыкаў у аркестры? Бывае так, што вы іх выганяеце?
Аляксандр Ліпніцкі: Бывае,
што тут скажаш. Было пару момантаў. А галоўным чынам, існуе, вядома ж,
навучальны струмень і ў нас ён таксама ёсць. І або музыкі адаптуюцца да
патрабаванняў і пачынаюць працаваць па-сапраўднаму, па-мужчынску, або
сыходзяць.
Але, у прынцыпе, усё трымаецца на тых зярнятках, якія мы даўно, у 2002 годзе, пасеялі. Гэта людзі, з якімі я вучыўся: Арцём Балакаў, Пётр Марцінкевіч, Зміцер Найдзяновіч, Раман Язукевіч,
баюся кагосьці прапусціць. Але гэта тыя людзі, з якімі мы вучыліся і з
якімі мы ўсе гэтыя гады рэпетуем – усё роўна дзе: у падвале ці ў класе.
Мы працягваем сваю справу. Проста цяпер усё стала больш афіцыйна: я
выкладчык, яны – вучні. Але і ўзровень павысіўся ў сувязі з гэтым! У
нас ёсць месца, графікі, залікі і г.д.
Еўрарадыё: Ёсць адчуванне, што акрамя навучальных праграм у аркестры ўсё трымаецца на нейкім ідэйным стрыжні.
Аляксандр Ліпніцкі: Прыходзяць музыкі, мы з імі адна каманда, якая з паўслова разумее адзін аднаго.
Часта
студэнты, якія сыходзяць (паступаюць ў ВНУ, напрыклад) усё адно
прыходзяць у аркестр граць. Калі людзі з веданнем справы гэта робяць, я
ніколі не развітваюся з імі. Я заўсёды рады іх бачыць у аркестры.
Еўрарадыё: Вы працуеце па прынцыпе "выкладчык-студэнт"? Ці ёсць усё ж свае дэмакратычныя метады?
Аляксандр Ліпніцкі:
Можа, для інтэрв'ю варта было б зараз сказаць: Так, вядома, ёсць — мы
тут усе людзі! І тады я б падаўся цікавейшым чалавекам (смяецца). А
калі шчыра, ёсць выразны звод правіл, і толькі пры выкананні гэтых
правіл я бачу магчымасць нейкага дыялогу. А наогул, я, вядома,
выкладчык і даволі жорстка часам высоўваю свае патрабаванні.
Еўрарадыё: Вы згадалі пра магчымасць дыялогу. На роўных?
Аляксандр Ліпніцкі:
Можа быць, не зусім. Але, скажам так, я толькі тады магу выслухаць
чалавека, як ён выканае ўсе тыя задачы, якія патрабуе аркестр і я, як
яго дырыжор.
Па-мойму, не адзін калектыў развальваўся менавіта
таму, што ва ўсіх такая дэмакратыя, свабодная творчасць.. А потым 2-3
канцэрты – і ўсё, няма калектыву. Таму што кожны бачыць па-свойму.
Еўрарадыё: Вы самі распісваеце аранжыроўкі для аркестра ці купляеце фірмовыя ноты для біг-бэнда?
Аляксандр Ліпніцкі:
Калі выходзіць фірмовая аранжыроўка для біг-бэнда – мы таксама набываем
гэтыя ноты. Але вось, напрыклад, аранжыроўкі на кампазіцыі Майкла
Джэксана мы рабілі самі. Ведаеце, наш рэпертуар – гэта ж не п'еса
нейкая, дзе можна зняць тры гітары і клавішы.
Сімфанічныя аркестры ніколі не назавуць кавер-бэндамі, хоць яны граюць
сучасных кампазітараў, пераігрываюць Моцарта, Гайдна, Чайкоўскага,–
каго толькі не граюць! Наш аркестр прыкладна ў гэтым рэчышчы
знаходзіцца – нейкую частку сусветнай эстрадна-джазавай музыкі мы
імкнёмся "падняць". Вось, напрыклад, кампазіцыю "Сandyman" Крысціны
Алігеры мы набылі з адмысловай аранжыроўкай для біг-бэнда і квартэта
вакалістаў.
Еўрарадыё: Ці паступалі вам прапановы ўзяць удзел у міжнародных фестывалях?
Аляксандр Ліпніцкі:
Паступалі, але мы пакуль яшчэ нідзе не ўдзельнічалі. Мы вельмі жадаем
сябе прасоўваць, але ёсць некалькі цяжкасцяў, якія ў нас адчуваюцца
больш, чым у іншых каманд. Трыа ці квартэту паехаць на фестываль значна
прасцей. Я вельмі старанна шукаю выхады з гэтай сітуацыі. Таму што
разумею, што без адкрытай міжнароднай дзейнасці няма імкнення.
Летась,
напрыклад, на адкрыцці дзіцячага джазавага фестывалю ў Салігорску, нас
запрасілі ў Швецыю і Санкт-Пецярбург. Гэта значыць прапановы ёсць, але
ёсць і ўмовы конкурсаў. І тут прыходзяць звычайныя эканамічныя пытанні
і сітуацыі – патрэбны аўтобус, візы, паромы і г.д. Гэта заўсёды цяжка.
Джазавыя стасункі на міжнароднай арэне вучаць шмат чаму. Ніколі не
верыў людзям, якія казалі, што вось, мы патрыёты, усё толькі ў нашай
краіне павінна быць. Гэта няправільна! Мы павінны і нашу краіну любіць
і сваю любоў праяўляць, у тым ліку, і за мяжой, несучы мастацтва. Гэта
такі музычны інтэрнацыяналізм.
Еўрарадыё: Як часта вы выступаеце за межамі вучылішча?
Аляксандр Ліпніцкі:
Вось, напрыклад, за бягучы год мы ўдзельнічалі ў праекце Анісімава,
двух фестывалях "Барабанны біт", канцэрце, прысвечаным 85-годдзю
вучылішча. Была сустрэча з прадстаўніком часопіса Джаз.ру, фестываль у
Салігорску, канцэрты ў "Графіці" і "Мулен Руж".
Шмат клубных
прапаноў, якія мяне вельмі прыцягваюць. Але, на жаль, не ўсе людзі
разумеюць, што такое клуб. Многія думаюць, што клуб – гэта штосьці
распуснае, дрэннае і для дзяцей ніяк не падыходзіць. Я спрабую
пераканаць, што джаз нараджаўся ў клубах і на танцпляцоўках у добрым
сэнсе гэтага слова! І нам гэтага вельмі бракуе.
Біг-бэнд – гэта не сімфанічны аркестр і не народны ансамбль. Гэта асобная субстанцыя, якая існуе і ў гэтым фармаце.
Я
шукаю выступы і ў клубах, і на вялікіх пляцоўках. Гэта сапраўдная
школа! Калі не будзе ніводнага канцэрту, а будуць толькі іспыты ў класе
і дзяржіспыты,—тая гэта фармальная музычная адукацыя. А фактычная,
вядома, з гэтага не атрымаецца.
Еўрарадыё: Хоць уся адказнасць за такія "выезды", безумоўна, кладзецца на Вашы плечы..
Аляксандр Ліпніцкі:
Я вельмі строга сачу за вучнямі на канцэртах у клубах. І нават
папярэджваю бармэнаў, каб ніякіх цыгарэт і алкаголю студэнтам не
прадавалі. Ёсць жа і зусім яшчэ дзеці сярод удзельнікаў аркестра!
Але
мяне вельмі цешыць, што кожны канцэрт дае сур'ёзную цаглінку ў падмурак
сэнсу такога навучання. І нават самы юны музыка, выходзячы граць сола,
пачуваецца прафесіяналам! І я страшна ганаруся імі.
Еўрарадыё: Ад якіх прапаноў вы адмовіцеся?
Аляксандр Ліпніцкі:
Напрыклад, часам нас запрашаюць выступіць, але з абмоўкай: а вы можаце
прыехаць не усім складам, а менш? Так, а чаму б не запрасіць не ўсю
футбольную каманду на матч, а на 5 чалавек менш? Што за пытанні
такія???
Ці вось яшчэ: Вы можаце папрацаваць без гуку? Ці за 5
мінуць сысці? Звычайнае пытанне: заплаціць мала, выставіць мала гуку,
але вось каб было ўсё шыкоўна – як у вас было дзесьці там, дзе вы гралі
ў поўным складзе. Так не бывае!
Я заўсёды адстойваю вучняў і кажу, што і фінансавыя, і тэхнічныя рэсурсы павінны быць адпаведнымі. Тады будзе свята!
Еўрарадыё: Вы хочаце запісаць што-небудзь сваё?
Аляксандр Ліпніцкі: Так,
як раз цяпер над гэтым думаем. Не буду раскрываць пакуль усіх карт, але
я разумею, што патрэбна пласцінка і патрэбны свой арыгінальны матэрыял.
І спадзяюся ў хуткім часе гэта зрабіць.
Еўрарадыё: Сапраўды, запісваць кавер-версіі няма сэнсу (смяёмся).
Аляксандр Ліпніцкі:
Мы ж аркестр, а не рок-гурт. Гэта выдатна, што мы далучаемся да
прайгравання хітоў джаза і поп-музыкі. Але ў тым ліку, у нас ёсць свае
творы! Можа быць, спачатку мы падрыхтуем сінгл. Таму што не хочацца
рабіць пласцінку, каб яе проста пакласці ў стол.
А можа быць – і кліп зняць! Чаму не? Гэта павінна быць цікава!
Еўрарадыё: Матэрыял для гэтага альбома вы пішаце самі? Ці студэнты таксама неяк удзельнічаюць?
Аляксандр Ліпніцкі:
Аркестр – такое складанае падраздзяленне, для якога яшчэ трэба ўмець
пісаць. А ўменне прыходзіць толькі праз напісанне. Ёсць і сярод
студэнтаў творчыя людзі, безумоўна. І ў музыкаў з асноўнага складу ёсць
свае аўтарскія кампазіцыі.
Што да астатніх твораў, пакуль усё робіцца такім чынам: або я пішу
аранжыроўкі, або гэтыя аранжыроўкі – фірмовыя. Таму што калі жадаеш
атрымаць добры, якасны, прыгожы джаз – трэба знаходзіць добрыя
аранжыроўкі! Я імкнуся свой аркестр напаўняць гэтым жа.
Еўрарадыё: Як Вы ставіцеся да таго, што ў многіх музыкаў аркестра ёсць свае гурты?
Аляксандр Ліпніцкі: Толькі
станоўча. Ведаеце, калі разглядаць дырыжора з пункту гледжання нейкай
улады, любая, нават дэмакратычная, улада ў любой краіне, нават самай
цывілізаванай, заўсёды імкнецца да ўмацавання сваіх пазіцый. У
дырыжораў такое таксама бывае – каб вось толькі тут граць, і нідзе
больш.
Шчыра кажучы, розныя думкі, вядома, прыходзяць. Але я
імкнуся ад гэтага сыходзіць, таму што разумею, што гэта натуральныя
працэсы.
Я ўзгадваю, як гэта было ў першакрыніцы – Амерыцы. Калі
сотні аркестраў каталіся па краіне. Гэты музыка сёння тут, заўтра ён
там. І дагэтуль так адбываецца! Таму сквапнічаць не варта. Гэта спрыяе
сапраўднаму творчаму развіццю.
Адзінае, вядома, паколькі мы
атрымліваем прафесійную адукацыю, я патрабую статусу прыярытэтнага
калектыву тут. А ўжо калі далей у цябе атрымліваецца – выдатна! Я
толькі рады!
Еўрарадыё: Як "гадаваць" джазавых музыкаў? Бо ў шматлікіх
навучэнцаў ёсць жаданне вучыцца джазу, але "на месцах" няма педагогаў і
такіх прадметаў як, напрыклад, мастацтва імправізацыі?
Аляксандр Ліпніцкі:
Гэта вельмі сур'ёзная тэма. Паколькі ў нас, акрамя навучальнага, ёсць і
канцэртны графік, я са студэнтаў пытаю першым чынам не як з
навучэнцаў, а як з моцных прафесіяналаў.
У нас, вядома, і
слёзы ёсць, і цяжкія моманты. Але пасля такіх мерапрыемстваў, як,
напрыклад, фестываль "Jazzсреда" яны разумеюць, што гэта варта таго, і
што мы рухаемся па сапраўдным джазавым шляху.
І другі вектар,
якім мы займаемся,— гэта вельмі сур'ёзнае вывучэнне мастацтва
імправізацыі. Шчыра скажу – у студэнтаў гэта ўменне знаходзіцца не ў
самым лепшым стане. Гэты прадмет патрабуе высокакваліфікаваных
педагогаў – гэта раз.
А два – педагогаў, якія па-сапраўднаму
жадаюць выгадаваць джазавых мужчын з кволых хлопчыкаў. Якія сёння б
гралі ў адным клубе, заўтра – у іншым. Затым на вялікай пляцоўцы і
разам з майстрамі – і ўсюды былі на вышыні.
І без такой
практычнай школы нам ніколі не відаць поспехаў на гэтай ніве. Гэта я
ўжо даўно зразумеў, і імкнуся сумяшчаць і сур'ёзную навуковую працу ў
сваім вучылішчы і шчыльны канцэртны графік, у якім яны ўсё ўжываюць і
вучацца. Без гэтага ніяк!
Але вы ведаеце, вось я шмат чуў
водгукаў пра фестываль "Jazzсреда", у тым ліку і ад студэнтаў. Але мала
хто падыходзіць з запрашэннем на майстар-клас ці творчую сустрэчу ў
іншы горад. Мы ніколі не адмаўляем, і з задавальненнем ездзім у школы і
вучэльні, ў тым ліку іншых гарадоў, і дзелімся сваімі метадамі
выкладання.
Еўрарадыё: Магчыма, для студэнтаў і
навучэнцаў з іншых гарадоў такі ваш гастрольны "тур" стаў бы стымулам
для таго, каб працягваць вучобу ў гэтым накірунку? Мы актыўна верым у
джазавыя фестывалі беларускімі сіламі, але асабіста ў мяне ўзнікае
пытанне: дзе ўзяць столькі музыкаў?
Аляксандр Ліпніцкі:
Мне прыемна чуць гэта пытанне і адчуваць, што Вам не ўсё адно. Гэта
праблема, за якую я вельмі перажываю. Так, на канцэртах у нас усё
весела, а дома ноччу я ўсё спрабую знайсці выйсце з гэтай сітуацыі. А
наогул, Вы ў кропку патрапілі – у мяне цяпер нараджаецца адна ідэя.
Не
ўпэўнены, што ў нас атрымаецца заехаць у шматлікія музычныя школы, таму
што не ўсюды ёсць джазавыя накірункі. Напрыклад, у Салігорску даволі
дужая школа мастацтваў і джазавая адукацыя набірае добрыя абароты.
Але
вось у музычныя вучылішчы я б з'ездзіў з задавальненнем! Калі мы не
будзем камунікаваць – ніякага руху наперад не будзе. Іншае пытанне, што
калі даходзіць да справы, нават на ўзроўні начальства розных устаноў,
узнікае пэўны ўзровень пасіўнасці, што, вядома, непрыемна. Але мы ўсімі
сіламі імкнёмся не зважаць на эканамічныя пытанні, а ісці да гэтай
мэты. І я веру, што хутка гэта здарыцца.
Паколькі акрамя
музычнага вучылішча я выкладаю яшчэ ва Ўніверсітэце Культуры, магу
сказаць, што бачу нейкую пераемнасць і веру ў гэты ланцужок, які будзе
звацца "школа-вучылішча-ВНУ"
Таму што ў любым горадзе –
Нью-Ёрку, Бостане, Маскве, Піцеры – мы бачым велізарны канцэртны
графік, зліццё прафесіяналаў, калі яны вучацца адзін у аднога. У нас
гэта пакуль у зачаткавым стане. Хочацца трошкі, самую драбніцу,
падтрымкі ад астатніх.
Еўрарадыё: Над якой праграмай цяпер працуе аркестр?
Аляксандр Ліпніцкі:
Наша праграма змяняецца. Мы і са струннай секцыяй граем. Але мяне
заўсёды не вельмі задавольвала мадэль біг-бэндаў на фестывалях – яны
выйшлі, раз-два-тры-чатыры – і ўсе падобна граюць. Адны і тыя ж
партытуры, хоць усё гэта, безумоўна, гучыць.
Я з самага
пачатку жадаў, каб гэта быў магутны, класны мікс стыляў і музыкі. І мне
хочацца, каб нават складаная музыка была даступная гледачу, а не толькі
прафесіяналам. Каб пад яе танчылі!
А калі ўся зала танцуе –
ужо адчуванні зусім іншыя! Так было 70 гадоў таму, калі толькі
зараджаліся біг-бэнды. Гэта шануюць усе, і сэрца пачынае стукаць хутчэй.
Цяпер
мы працягваем працаваць над партытурамі вельмі папулярнага на сённяшні
дзень бэнд-лідара Гордана Гудвіна. Таксама цяпер я пішу аранжыроўкі
поп-джазавых хітоў, скажам так. Пакуль не буду называць імёны. У любым
выпадку, гэта будзе мікс сапраўднай, сумленнай музыкі.
Для
таго, каб уліцца ў класную музыку, недастаткова запрасіць
прафесіяналаў. Рэпетыцыі – гэта карпатлівая праца. І трэба, каб усе
сэрцы музыкаў думалі кожны дзень на працягу некалькіх месяцаў пра гэтыя
творы. Тады атрымліваецца шчырая сапраўдная музыка, а не вывучаныя
партыі.